Як у нас палітвучоба —
Не знайсьці нідзе:
Пяцьдзясят асоб «хвароба»
У пасьцель кладзе.
А здаровы і вясёлы
Малады народ
Уцякае, згрэбшы полы,
Цераз чорны ход.
Або, напрыклад, аб тым, як дзяўчаты, не пасьпеўшы падсілкавацца дома (дзяўчаты-мінчанкі), робяць гэта ўпотайкі на ўроку, што, на думку аўтара, перашкаджае ім засвоіць належным чынам матэрыял. Ну чым не прадмет для зьедлівай сатыры. Або — пра нявыхаванага, некультурнага студэнта, які ў інтэрнаце кладзецца на ложак, на чыстую прасьціну, ня толькі ў верхняй вопратцы, але і ў брудных чаравіках.
Хлопцы! Выслухайце і згадзіцеся.
Вось прыйшоў я, скажам, са двара.
Ногі просяць: «Гаспадар, кладзіцеся!
Па абедзе адпачыць пара!»
Прасьціна ж ляжыць бялей паперыны.
А навошта мне тут гэта бель?
Я, браткі, адроду не намераны
Без бацінак класьціся ў пасьцель».
Дробязнае, прыватнае, у поўным сэнсе слова — насьценгазетнае, і калі я ўсё ж не лічу гэту працу цалкам марнатраўствам, дык толькі таму, што гэтакім чынам набывалася літаратурнае майстэрства, авалоданьне паэтычным радком, сатырычна-гумарыстычнай фарбай, іранічнай інтанацыяй, жывым народным словам. Сказанае яшчэ больш прыкладаецца да іроі-камічнай паэмы «Пабоішча» (пра бойку студэнтаў педвучылішча з «інтэрвентамі» — маладымі рабочымі інструментальнага завода) і да жартоўна-гумарыстычнай, гратэскавай паэмы «Фрагменты».
І раптам... раптам: буралом!
Знадворку зал штурмуюць нібы:
Зьвіняць і лопаюцца шыбы,
Далёка пырскаючы шклом.
Каменьне сыплецца, як град,
За рамай рама раздаецца,
І сьцены рушацца, здаецца,
Як бы ад залпаў кананад.
А тут — дагібелі дзяўчат:
Наташа, Паша, Маша, Даша,
А разам — жудасная каша,
А разам — гром, і дым, і чад!
Цярпі, чытач! Цярпеў і я.
Яшчэ галоўнае пачнецца,
Яшчэ ня раз уздрыганецца
Душа, зьлякаўшыся, твая!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Суровы наш дваццаты век,
Але павінен быў зьдзівіцца,
Як сталі рэзацца, давіцца
У зале дзьвесьце чалавек!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Вітайма Пецьку! Во — студэнт!
Сямнаццаць год, малы сабою —
Сягоньня першы прэтэндэнт
На першынство па мардабою!
У гэтакім стылі напісана ўся рэч. Звычайная, банальная бойка дурных маладых пеўняў бязбожна гераізуецца як вялікае лёсавырашальнае пабоішча патрыятычных і варожых сілаў. Паэма была прынята студэнтамі ня проста з захапленьнем, а выклікала, можна сказаць, фурор. Павышаная цікавасьць да яе тлумачылася тым, што ўсе «героі» твору, студэнты, названыя сваімі сапраўднымі імёнамі і што кожнаму з іх справядліва выдадзена па заслугах, роля кожнага паказана адэкватна, і ўвогуле ўся студэнцкая вечарына да баталіі і затым сама баталія абмаляваны, па словах відавочцаў, праўдзіва, хоць і з яўна гіпербалізаванымі асобнымі момантамі. Да сказанага застаецца дадаць, што самога аўтара паэмы ў той «гістарычны» дзень (9-га лістапада 1949 году) у педвучылішчы не было — быў на сваёй Лагойшчыне, нічога ён сам ня бачыў — ні танцаў у зале, ні бойкі, усё напісаў паводле сьвежых успамінаў-аповедаў удзельнікаў падзеі: некалькі дзён толькі пра гэта і было гаворкі ў інтэрнаце, асабліва ў хлапечых пакоях.
Другая паэма, «Фрагменты», была зусім іншага зьместу, але па духу — вельмі блізкая да папярэдняй, бо — таго ж самага прызначэньня, — для сяброў-таварышаў, пра іх і ім жа на пацеху. Ну, скажам, аб тым, як студэнты галадаюць.
Узяць, напрыклад, Зудзіна:
Каторы дзень ня есьць!
А ўласная пасудзіна,
Напэўна ж, літраў шэсьць!