Выбрать главу

Але вярнуся да свайго радаводу. Мама, Кацярына Мікалаеўна, першае дзіця Альжбеты і Мікалая Рулькевічаў, любіміца сям’і, замуж у Слабаду пайшла супроць волі бацькоў, у выніку чаго асаблівай павагі, а тым больш любові да зяця ў іх не было,— нават і тады, калі ён выбіўся ў мясцовыя начальнікі. Галоўная прычына іх няласкі таілася, відаць, у сацыяльным статусе зяця (круглы сірата, ад сваёй долі зямельнага надзелу адмовіўся, падаўся ў службоўцы) і ў яго маладняцка-камсамольскім авангардызме, які адбіўся і на духоўным стане іхняй дачкі. Ня будучы набожнай, мама, аднак, за Бога мела сваё вялікае чалавечае сумленьне. Яна нара­дзіла дзесяць дзяцей, восем з якіх выжылі і сталі на ўласныя ногі, выйшлі ў жыцьцё дзякуючы перш за ўсё ёй, яе самаахвярнай любові да сваіх чадаў і нястомнаму клопату пра іх. Як яна пасьпявала такую гурму абшыць, абмыць, накарміць, пры­гледзець, а нават і спаць укласьці, спраўляючыся пры гэтым трымаць у бездакорным парадку вялікі агарод і даглядаць немалую жыўнасьць (карова, сьвіньні, авечкі, куры, гусі) — проста неверагодна! Вядома, падрастаючы, пачалі патрохі памагаць дзеці, і усё ж, і ўсё ж! Не магу ўспомніць выпадку, каб яна калі-небудзь адпачывала, сядзела нічога ня робячы,— нават у самыя вялікія сьвяты. Праўда, што і на забавы з намі, на гульні і пешчы часу ў яе не заставалася. Ледзь пачынала тэпаць па хаце адно малое, як яна зьбіралася раджаць наступнае. Дзіцячым гульням-забавам вучыла нас, малалетак, прыходзячы ў госьці з Айнаравічаў, бабка Альжбета. Ну і вядома — вуліца.

Граматы мама ня ведала, у дзяцінстве ў школу бацькі не пусьцілі — далёка было, за тры вярсты, хадзіць. Расьпісвацца, хоць «кручкамі», навучылі яе ўжо мы, дзеці-школьнікі. Непісьменная, яна, аднак жа, вельмі любіла, калі дзеці чыталі свае кніжкі ўголас і запамінала іх урокі па чытаньню на выдатна. Калі на пачатку 50-х у Слабаду правялі радыё — не выключала рэпрадуктарчыка ніколі і пры любой хатняй рабоце слухала. Не прапускала і, бадай, ніводнага «кіно», якое зрэдчасу прывозілі ў вёску, глядзела фільмы вельмі ўважліва і любіла пасьля разам з дзецьмі іх абмяркоўваць, сьведчачы пры гэтым дакладнае разуменьне і сюжэту, і ўчынкаў, і перажываньняў кінагерояў. Увогуле, мама была жанчынай розуму жывога і кемнага, і мела «залатыя рукі». Дастаткова сказаць, што яна была добрай і закройшчыцай, і швачкай (самавучкай, вядома), усё жыцьцё, з маладых гадоў да старасьці, круціла ў хаце ручную машыну «зінгер» (частка яе пасагу), шыла кашулі, споднікі, сарафаны, каптанікі, сукенкі, спадніцы не толькі для сваёй сям’і, але і многім суседзям. Можа, таму, што сама была непісьменная, мама вельмі хацела, каб вучыліся і набылі адукацыю мы, яе сыны і дочкі, і рабіла для гэтага ўсё, што магла. I нямала ганарылася на старасьці, што пяцёра з яе васьмярых атрымалі вышэйшую адукацыю.

Памёрла мама летам 1978-га, на 76 годзе жыцьця, але апошнія два з паловай гады былі для яе не жыцьцём, а страшэннай пакутай: паралізаваная інсультам, яна не магла ні прысесьці, ні павярнуцца, ні слова сказаць, адно крычала праз кожныя 20-30 хвілінаў ад болю і пытала ў нас немым позіркам змучаных вачэй, чаму Бог не дае ёй сьмерці і не вызваляе ад безнадзейна-пакутлівых клопатаў яе дзяцей.

Бацька мой, Сымон Пятровіч (нараджэньня 1904 году), быў, у адрозьненьне ад мамы, чалавекам пісьменным — ажно тры зімы хадзіў у царкоўна-прыходскую школу. Гэту базавую адукацыю ён, здаецца, даволі істотна падвысіў пазьней, пасьля рэвалюцыі, шляхам самаадукацыі як вясковы актывіст-камсамолец і асабліва — за час службы ў чырвонай арміі, адкуль вярнуўся з трыма трохкутнічкамі на пятліцах. Ва ўсякім разе, пісаў досыць граматна (праўда, лексічна — на «трасянцы»), любіў чытаць газеты, часам сядзеў і з кнігай у руках, прычым, вершы, помніцца, меў звычку чытаць уголас, каб і другія чулі. Помню, як напрадвесьні 1943-га, калі мы ўсёй сям’ёй жылі ў «бежанцах» у Айнаравічах, у мамінай сястры Ганны, ён прыносіў ад Валодзі Доўгага, былога загадчыка Слабодскага ДСК, кнігі, і менавіта паэзію: «Выбранае» Купалы, «Байкі» Крылова... Верш Купалы «Праступнік» чытаў з прэтэнзіяй на артыстычнасьць і амаль патрабуючы, каб прысутныя слухалі. Было бачна, што верш яму вельмі спадабаўся,— мабыць, горкай іроніяй. Дзякуючы яму, і я вершы з гэтае кнігі ня проста чытаў, а дэкламаваў, упіваючыся іх рытмамі, музыкай радкоў. Зборнічкі паяўляліся ў нашай хаце і ў самыя першыя гады пасьля акупацыі, калі бацька працаваў у РВК у Лагойску,— гэта былі кніжачкі бібліятэчак «Огонька» і «Крокодила». Увогуле, да літаратуры, ня толькі да чытаньня, але і да спробаў выказацца пісьмова самому, цяга ў яго была несумненная. У канцы 40-х — пачатку 50-х некалькі разоў апублікаваў у раённай газеце невялічкія допісы. А аднойчы я, ужо студэнт універсітэту, быў нямала зьдзіўлены, калі ў насьценнай газеце ў сельсавеце прачытаў сатырычны «сьцішок» з размашыстым подпісам С. Гілевіч — на ягонай «рускай» мове, вядома ж. Са «сьцішка» мне і дагэтуль помняцца два радкі: