Выбрать главу

У их работа такога сорта,

Што всё ссылаюцца на бога да на чорта.

Усе даваенныя гады — з 1928 па 1941 — бацька быў гэтак званым нізавым савецкім службоўцам — старшынёй аднаго сельсавету, другога, трэцяга, адзін час нават сакратаром райвыканкаму, і ўсё далёка ад дому, ад сям’і, да якой наведваўся толькі на выхадны, у нядзелю, але з намі, дзецьмі, амаль не займаўся (перахоплівалі сябры), яшчэ менш займаўся гаспадаркай, так што нярэдка мама сама секла на дрывотні альховыя палкі, каб затапіць раніцай печ ці вечарам грубку. За доўгія гады ён, пэўна, прывык да такога жыцьця бацькі-госьця, бо калі за год да вайны стаў старшынёй нашага Слабодскага сельсавету і жыў дома — у яго адносінах да сям’і і свайго двара мала што зьмянілася. Нярэдка пасьля рабочага дня ён заставаўся дапозна ў сельсавеце — гуляць у шахматы, і мы, малыя, у чаканьні вячэры, ня раз чулі маміны горкія нараканьні: «I колькі ж ён будзе там ганяць тых «коней», каб яны павыдыхалі ўсе! Бяжы, сынок, і скажы, каб зараз жа ішоў дадому!..»

Адзіны на ўсю вёску член партыі (з 1928 году), ён быў перакананы камуніст-ідэаліст, можна сказаць, «белая варона» сярод усіх мясцовых партыйцаў, строга трымаўся камуністычнай маралі (пра хабар і гаворкі не магло быць), непахісна верыў у сьвятасьць камуністычных ідэалаў, у правадыроў Кастрычніка і сусьветнага пралетарыяту, і стаяў за гэтыя ідэі і прынцыпы гарой. За гэтую непахіснасьць, дарэчы, яго і ссадзілі з самай высокай пасады, да якой ён дарос. Пасьля выгнаньня з Беларусі нямецкіх захопнікаў, ён, учарашні партызанскі палітрук, быў прызначаны намесьнікам старшыні Лагойскага райвыканкаму. Але не пратрымаўся на гэтых «вышках» і двух гадоў: у тых умовах павальнага разбэшчаньня, самапраўства і драпежніцтва «белая камуністычная варона» членам бюро райкаму была непатрэбная. Спачатку бацьку сьпіхнулі на старшыню сельсавету, а неўзабаве — на старшыню нашага мясцовага калгасу, на што ён абсалютна не гадзіўся. Не гадзіўся — бо на той пасадзе тады (тады?) трэба было красьці самому, каб даваць красьці іншым (а кралі ў калгасе — усе і ўсё, каб выжыць) і абавязкова — слугаваць крадзеным начальству — вазіць і ў Лагойск, і ў Менск парасят з калгаснай фермы.

Перад сьмерцю (памёр бацька ў лютым 1972 году ад раку лёгкіх) ён сказаў нам: «Вось так, дзеці: усё жыцьцё змагаўся за праўду і справядлівасьць супроць зладзюганаў, хабарнікаў і ўсякай іншай свалаты, але ўсё маё змаганьне было марным, і вось паміраю, а нягоднікі як панавалі ў нашым жыцьці, так і пануюць...» Запозьненае для сябе адкрыцьцё «белай партыйнай вароны». Але не запозьненая споведзь для дзяцей.

Так, дзяцей сваіх ён выхоўваў — найбольш уласным прыкладам, чым слоўнымі павучаньнямі — таксама: і ў духу вернасьці ідэалам камунізму, і ў духу непры­мірымасьці да зладзюганаў-урвіцеляў і нягоднікаў-падлюкоў, і, вядома ж, таксама «белымі варонамі» ў нашым штодзённым грамадскім побыце, што на практыцы часьцей азначала — проста варонамі.

Бацьку мы абавязаны і тым, што вельмі рана, яшчэ да школы, засвоілі ня толькі бальшавіцкія сацыяльна-класавыя ідэалагемы, але і ня менш бальшавіцкія, а менавіта ваяўніча-атэістычныя сьветапоглядныя перакананьні. Помню, як у дакладным сэнсе слова «яшчэ ў калысцы», гэта значыць, у падвешаных на вяроўках вялікіх ночвах, мы, дзеці, хорам і штосілы, гарланілі — пад яго энергічным дырыжыраваньнем — знакамітыя ў той час камсамольскія прыпеўкі Кандрата Крапівы «Нас ня любяць, нас баяцца».