Маімі любімымі кнігамі, якія я што называецца клаў, засынаючы, пад падушку, былі «На прасторах жыцьця» Якуба Коласа, «Трэцяе пакаленьне» Кузьмы Чорнага, «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра, «Як гартавалася сталь» М. Астроўскага, «Школа» і «Далёкія краіны» А. Гайдара, «Востраў скарбаў» Р. Стывенсана, «Рабінзон Круза» Д. Дэфо, «Падарожжа Гулівера» Дж. Сьвіфта, «Прыгоды барона Мюнхаўзена» Э. Распэ, «Прыгоды Тома Сойера і Гекльберы Фіна» М. Твена, «Бялее парус адзінокі» В. Катаева,— усе рускія і замежныя — на беларускай мове. Незабыўна шчасьлівыя хвіліны, гадзіны, дні правёў я сам-насам з героямі гэтых кніг, суперажываючы іх прыгоды і ўчынкі да заміраньня сэрца, да перахопу дыханьня, забываючы пра ўсё на сьвеце, пра забавы, пра маміны даручэньні і нават пра абед ці вячэру.
Любіў чытаць і завучваць на памяць вершы, таму і з бібліятэк часта прыносіў дадому зборнікі паэзіі, і ня толькі папулярных, любімых дзіцячых аўтараў, але і зусім невядомых. Помню, напрыклад, як чытаў зборнікі «Дняпро выходзіць з берагоў» А. Жаўрука і «На сонечных узгорках» Р. Няхая. Ня думаю, што гэта было прыдатнае для трэцякласьніка чытаньне, але, відаць, вабіла і захапляла сама рытмізаваная мерная мова верша, яго незвычайны ў параўнаньні з прозай склад і лад, яго музыка. Ведаў на памяць такія рэчы Якуба Коласа, як «Дзед і мядзьведзь», «Савось-распусьнік», «Міхасёвы прыгоды», з захапленьнем чытаў паэму-казку А. Якімовіча «Каваль-Вярнідуб», падабаліся многія вершы Янкі Купалы, Зьмітрака Бядулі, Пятра Глебкі, рускіх паэтаў К. Чукоўскага, С. Маршака, У. Маякоўскага.
Як стане зразумелым самому нашмат пазьней, мерная, музычна арганізаваная мова верша вабіла і зачароўвала мяне невыпадкова. Менавіта на той час (прадвесьне 1941-га) прыпадаюць мае першыя ўласныя спробы напісаць складна, «састаўляючы словы ў слупок», як гаварылі ў нашай хаце. Я добра помню, чым канкрэтна былі выкліканы тыя першыя спробы (іх было дзьве), што паслужыла для іх узорам. Першы «сьцішок» (вершы мы тады называлі толькі так — «сьцішкамі») я склаў пад уражаньнем прачытанага і завучанага на памяць лірычнага шэдэўра Т. Шаўчэнкі «Садок вішнёвы каля хаты». Гэты геніяльна просьценькі верш вялікага Кабзара быў зьмешчаны ў нашай чытанцы (у перакладзе на беларускую, вядома) і надзвычай дапаў мне да душы. Мне здавалася, што гэта напісана пра нашую вёску, і нават пра наш двор і нашую сям’ю, што гэта нашая мама «паклала дзетачак сваіх, сама заснула каля іх» і затым — «заціхла ўсё, адно дзяўчаты ды салавейка не заціх». Другі «сьцішок» быў складзены ў перайманьне жалобнага маршу «Памёр ты, вялікі і мужны змагар» (памяці У. І. Леніна), які моцна ўразіў мяне і трагічным зьместам і журботнай мелодыяй, калі яго выконваў на школьнай сцэне хор вучняў. Сшытачак з гэнымі «вершамі» мама схавала як сямейную каштоўнасьць у прыскрынку куфра, але я самавольна ўзяў яго адтуль і дзесьці згубіў, амаль нічога, ні радка, з тых першых спробаў вершаваньня не запомніўшы.
Трохі яшчэ пра маё тагачаснае чытаньне і пра некаторыя асаблівасьці школьнай вучобы ў апошнія перадваенныя гады. Шмат было прачытана мной кніг пра падзеі і герояў грамадзянскай вайны. Ды і чытанкі былі літаральна забіты творамі гэтай тэматыкі. Чапаеў, Шчорс, Варашылаў, Будзённы, Пархоменка, Катоўскі, Лазо і многія іншыя імёны сталі для мяне ў поўным сэнсе слова легендарнымі, былі імёнамі-сімваламі, увасабленьнем вернасьці Рэвалюцыі, працоўнаму народу, першай у сьвеце краіне сацыялізму, несьмяротнай справе Леніна-Сталіна. Да гэтых імёнаў-вобразаў далучаліся вобразы дукорскіх партызанаў, расстраляных «белапалякамі», невялікую кніжку пра якіх чытаў са шчырым перажываньнем. І яшчэ пра адно вельмі слыннае ў тыя гады імя,— праўда, не з часоў грамадзянскай, а з крыху пазьнейшых часоў вайны з сялянствам: піянер Паўлік Марозаў. Кнігу пра яго браў як пастушок з сабой у поле і насіў за пазухай, і моцна перажываў за жудасную сьмерць героя-піянера і яго меншага браціка. Жахлівая крывавая расправа над імі абуджала ў душы нянавісьць да заклятых ворагаў шчасьлівага калгаснага ладу — кулакоў і іх пасобнікаў.