Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА
МОЙ ДЗЯДЗЬКА ЛУНЕШ
Мой дзядзька Лунеш жыве далёка за горадам. Ад чыгуначнай станцыі вядзе сцяжынка, што зарасла кудлатай папараццю. Увосень над галавой шумяць дубы i каштаны. А часам гэта платаны ды клёны. Усё залежыць ад таго, хочацца вам збіраць бліскучыя новенькія каштаны, якія толькі што на вашых вачах выпалі з калючай шкарлупіны, ці шамацець залатым і барвовым пяціканцовым лісцем. Увесну ж тут абавязкова глог і бэз, і цёмныя ландышавыя затокі пад дрэвамі, і ўсё напоена водарам квецені i маладога моцнага жыцця.
На павароце да сядзібы ружавее стары абрыкос. Уздоўж сцяжынкі ў ярка-зялёнай траве ўспыхваюць выпадковыя валошкі і познія жоўтыя крокусы. Ніводзін востры каменьчык не трапіць вам у сандалі, такая ўжо гэта прыязная сцяжынка. Драўляны замшэлы масток цераз глыбокі раўчук з ледзяной смачнай вадой прыводзіць амаль адразу да брамкі. Далей — неабсяжны сад, і сцяжынка разбягаецца, жадаючы паспець адразу і ў асабняк, i да студні, і ў куратнік, дзе куры нясуць яйкі з двума жаўткамі, і на сажалку, і ў альтанку, і, вядома, у ружоўнік, дзе звычайна зранку бывае дзядзька Лунеш, і да разложыстых акацый, дзе ў цяньку стаіць сіняя лаўка з прамой спінкай.
Там часцяком можна знайсці забытыя пальчаткі, кнігу са старонкамі, закладзенымі пахкай кветкай, ці шаўковы белы шалік з лёгкім салодкім водарам ванілі. Часам саламяны капялюш ці вязаны, з кутасамі і пацеркамі, шаль чакаюць безуважлівую гаспадыню. Менавіта там, на ўтульнай драўлянай лаўцы, часта бавіць час да сняданку Іза, танкарукая і капрызлівая жонка дзядзькі Лунеша.
Там я ўбачыў яе ўпершыню, з самага ранку, калі, прыехаўшы начным цягніком, цягнуўся па лесе. Над сцяжынкай гарэлі ліхтарыкі з чырвонай, зялёнай, блакітнай паперы, схаваныя ў галінах пахучых квітнеючых ліп, — дзядзька чакаў майго прыбыцця. Я пераблытаў напрамак — ці мо сцяжынка назнарок збочыла, каб паказаць мне галоўную адметнасць сядзібы. На ружовых і белых півонях зіхацела раса, сонца ўзышло зусім нядаўна, я злёгку змёрз.
Іза сядзела на лаўцы, захутаная ў тоўсты руды шаль. Побач стаяў кошык з дробнай пунсовай трускалкай, на зямлі валяліся зялёныя клубнічныя хвосцікі. Дзяўчына ела нямытыя трускалкі ды чытала кніжку, а пантофлікі яе былі наскрозь мокрыя, увабралі ў сябе расу з градак, па якіх яна блукала, зазіраючы пад зорчатае лісце ў пошуках саспелых ягад.
— Добрай раніцы, — сказала яна, убачыўшы мяне. — Хочаш трускалкі?
— Так, дзякуй.
— Гэты ты — абяцаны мне таленавіты пляменнік Петэр?
— Так, — я разгубіўся. Дзядзька не пісаў, што ў сядзібе жыве жанчына. Хто яна і як мне сябе паводзіць? Няўжо дзядзька Лунеш ажаніўся? Але для жонкі яна здавалася занадта юнай, не больш за шаснаццаць-сямнаццаць гадоў. Тады хто? Пляменніца? Дачка блізкіх сяброў? Служанка? Госця, якая вандруе без багажу?
Пад шалем бялела тонкая празрыстая кашуля, аблямаваная пацешнымі фестончыкамі. На плячах ляжалі тоўстымі залатымі змеямі дзве доўгія касы. Не звязаныя стужкамі, яны амаль распляліся. Валасы ў Ізы віліся буйнымі кольцамі і блішчалі. Вусны, калі не расцягваліся ва ўсмешцы, складаліся ў пульхнае вільготнае сэрцайка. Даволі шырокі нос не прэтэндаваў на высакароднае паходжанне, нявышчыпаныя бровы раслі, як ім уздумаецца.
Словам, рысы яе твару кожная паасобку не былі занадта вытанчаныя, аднак усе разам стваралі вельмі прывабны малюначак. 3 такой сяброўкай добра ўзяцца за рукі і прабегчыся пад дажджом ці здзейсніць набег на чужы яблыневы сад, а потым уладкавацца побач на даху, храбусцець яблыкамі і балбатаць пра ўсякую ўсячыну.
— Я табе падабаюся? — спытала Іза. Я апамятаўся і адвёў погляд. Яна засмяялася.
— Лунеш яшчэ спіць. Хадзем яго будзіць!
— Можа, хай сабе спіць? — мне хацелася пагуляць з ёй удваіх, я так даўно не вадзіўся з аднагодкамі.
— Добра, — лёгка пагадзілася яна. — Тады пакажу табе сядзібу. Тут шмат цікавых месцаў.
I мы пайшлі блукаць па заблытаных сцяжынках. Змяіны камень і пабітае навальніцай дрэва. Сад камянёў і зараснік ядлоўцу. Арэлі і гамак з дзвюма памяранцавымі падушкамі ды пледам. Ратангавыя столік і крэслы на беразе сажалкі, дзе вадзіліся трытоны і п'яўкі і раслі белыя гарлачыкі, якія дазвалялася рваць з лодкі. Драўляная хатка на дубе. Буслава гняздо і мурашнік. I свежанькая, прывабная Іза, з ружовымі шчочкамі ды водарам ванільнай вады. Яна нязмушана ўзяла мяне за руку, калі мы праходзілі міма пузатых гарбузоў і градак з кукурузай.
— Люблю гарод! Паненкі абавязаныя захапляцца ружамі ды рамантычнымі заходамі. А я больш задавальнення атрымліваю, калі прыходжу сюды нарваць пятрушкі і цыбулі. Кветкі бульбачкі і парасонікі кропу — чым не букет? Глядзі, маленькія агурочкі! — яна прыўзняла з зямлі доўгую плець з жоўтымі кветкамі і з мезенец велічынёй агуркамі, паказала мне і асцярожна паклала назад.