Выбрать главу

Надаўшы твару строгі i пафасны выраз, я пакінуў сваё сховішча. Так, цяжка паўстаць з кустоў, у якіх сядзеў і падслухоўваў, з паважным выглядам. Напэўна, мне гэта не ўдалося, паколькі Іза хмык­нула. Яна зусім не здзівілася майму з'яўленню. Мабыць, даўно мяне заўважыла.

— Ну, як табе жанішок? — пацікавілася яна. Паклала ў рот адну барбарыску i прынялася жаваць, зусім не скрывіўшыся. Скрывіўся я, рот напоўніўся слінай ад адной думкі пра кіслю...

— Ён лёгка ад цябе адступіўся. Ці варта было прыходзіць?

— Калі злы вядзьмар мяне выкрадаў, Іосіф прылюдна даў зарок, што адшукае ненаглядную нявесту, — з іроніяй сказала Іза. — Вось i мучыцца праз неабдуманыя словы.

— Чаму ты не сышла з ім? — спытаў я. Яна з'едліва ўсміхнулася.

— Каб мяне ратавалі толькі дзеля дурнога зароку? Вось яшчэ! Не жадаю!

— Чаго ж ты жадаеш? — я абняў яе і пацалаваў у шыю. Вецер варушыў завіткі залацістых валасоў, веяла ваніллю, мяккая і паслухмяная Іза прыціхла ў маіх руках.

— Жадаю, каб мяне кахалі, — прашаптала яна.

— Я цябе кахаю, — таксама шэптам паведаміў я.

Як ні дзіўна, і зараз яна не выпусціла кошык. Для выкрадзенай асобы яна мае занадта моцныя нервы. Я, прызнацца, чакаў слёз падзякі і доўгіх шчаслівых абдымкаў. Але Іза не пераставала мяне здзіўляць. Яна зірнула на мой урачысты твар — і зарагатала. Кошык з барбарысам, нарэшце, не вытрымаў і зваліўся на зямлю...

***

Прыцемкам, пасля вячэры, мы сабраліся ў гасцінай, як маленькая дружная сям'я. Прысеўшы каля каміна, я варушыў вуглі качаргой, глядзеў на агонь і марыў пра тое, як выкраду Ізу, павязу яе далёка-далёка і зраблю шчаслівай. Уяўленне малявала карціны, адну прывабнейшую за другую. Вось Іза абдымае мяне і шэпча словы падзякі. Цалуе мяне, свайго героя, i нясмела пытае, што прыгатаваць на вячэру... А дзядзька Лунеш, самотны і няшчасны, піша мне пакаянны ліст, дзе моліць не забываць яго, старога, i наведваць час ад часу...

Іза i Лунеш гулялі ў шахматы. Дзядзька старанна абдумваў хады, а Іза, наадварот, перасоўвала фігуркі з вусцішнай хуткасцю. Яна вытанчаным рухам брала ферзя ці слана i змяшчала яго ў такую пазіцыю, што дзядзька Лунеш хапаўся за галаву. Белых фігурак станавілася на дошцы менш i менш, але дзяўчыну як быццам нават цешыў пройгрыш. Я рабіў выгляд, што назіраю за гульнёй, а насамрэч сачыў за іншым аб'ектам. Калі Іза схілялася над дошкай, у глыбокім выразе вячэрняй чорнай сукенкі адкрываўся выдатны від, i я на ўсе жылы імкнуўся надаць твару абыякавы выраз.

Шахматная партыя не ладзілася. Іза нахмурылася і раптам, нібы выпадкова, шырокім рукавом змахнула фігуркі на падлогу.

— Вось i добра, — дзядзька пацягнуўся, зірнуў на мяне. — Час выпіць шампанскага. Усё-такі сёння асаблівы дзень.

Іза хутка зірнула на яго, у яе вачах мільганулі спалох i роспач. А можа, адлюстраваліся блікі каміннага полымя.

— Асаблівы дзень? — перапытаў я, назіраючы, як з ніадкуль узнікаюць вядзерца з лёдам, келіхі на тоўстых зялёных ножках, талерка з закускамі.

— Сёння роўна месяц, як Іза жыве ў мяне, — растлумачыў дзядзька, спрытна раскручваючы дрот на бутэльцы. Іза панура сачыла за яго рукамі i не выяўляла ніякай радасці з нагоды знамянальнай даты.

— Вы толькі месяц жанатыя? — спытаў я, каб не маўчаць. Дзядзька ўсміхнуўся, Іза гаротна ўздыхнула, і ў гасцінай запанавала панурая цішыня. Я глядзеў на Ізу, яна не адводзіла погляд ад дзядзькі, дзядзька захоплена займаўся шампанскім. Вось з рыльца бясшумна выскачыў корак, вылецеўтонкі белы дымок, залацістыя іскрынкі паліліся ў келіхі.

— За вяртанне Ізы дадому! — абвясціў тост дзядзька Лунеш.

Я піў шампанскае і нічога не мог уцяміць. Значыць, дзядзька ўжо дамогся сваёй мэты, i дапамога Ізы яму больш не патрэбна? ЦІ звязана гэта нейкім чынам са мной?

— Роўна апоўначы ты сядзеш у карэту і паімчыш да мамы і таты, — казаў Лунеш тым часам. — Хіба гэта не кранальна? Як знудзіліся бацькі! Як тужыла сястрычка Адэліна! Як смяротна пакутаваў няшчасны Іосіф!

Іза павольна паставіла келіх. Да шампанскага яна так i не дакранулася.

— Ідзі пакаваць валізкі! I не крыві носік, а то пакідаю ўборы ў кардонныя скрынкі і заляплю скотчам, — прыстрашыў дзядзька.

— Я нікуды не паеду!

— Паедзеш, — запярэчыў дзядзька. — Ты абяцала.

— Акалічнасці змяніліся!

Дзядзька пакруціў галавой і пачаў прамаўляць штосьці ўзнёслае пра непарушнасць зарокаў, важнасць абяцанняў і легкадумства юных дзяўчат, якія бестурботна парушаюць умовы пагаднення. Іза, са счырванелым носам і бліскучымі вачамі, але пакуль яшчэ без слёз, выглядала, быц­цам вінаватае, непаслухмянае дзіця, і зрэдку спрабавала ўставіць у дзядзькаў маналог сваю пару рэплік, што ёй так ні разу i не ўдалося.