Выбрать главу

— Ты кепска выглядаеш, — дзядзька клапатліва ўзяў мяне пад руку. — Пойдзем, вып'ем кавы ў маім кабінеце. Заадно і пагутарым.

Я падбадзёрыўся. Дзядзька запрашае ў свой загадкавы кабінет! 3 дзяцінства я марыў пракрасціся туды, а мне строга забаранялі, — маўляў, на дзвярах страшныя закляцці, а ў кабінеце — вядзьмарскія кнігі і зеллі, якія нават на адлегласці шкодзяць непадрыхтаванаму чалавеку. I вось зараз я, стаіўшы дыханне, уступіў у святую святых, у прыстанак неверагодных цудаў. I быў неймаверна расчараваны. Ні закутыху ланцугі фаліянтаў, абгорнутых чалавечай скурай, ні злавесных бутэлечак з атрутнымі эліксірамі, ні пентаграм і кудменяў на сценах. Не было нават звычайных магічных атрыбутаў накшталт попельніцы з чэрапа, антыкварнага кубка ці глобуса.

Палову пакоя займала зручная скураная канапа. Замест традыцыйнага пісьмовага стала каля акна стаяла арэхавае бюро-кабінет, упрыгожанае вытанчанай разьбой, а побач — не меней вытанчанае крэсла з крывымі ножкамі. Скрыні бюро замыкаліся на ключ, але гэта падабенства таямнічасці не суцешыла мяне. Я засмучана глядзеў на ўсходні столік з кальянам, пасуднік з бутэлькамі і куфлямі рознай велічыні, тоўсты дыван, які робіць крокі бязгучнымі. Гэты ўтульны салон нічым не нагадваў кабінет вялікага чараўніка.

— ІІІто, чакаўубачыць кацёл на трыножку і звязкі сушаных мышэй? — іранічна спытаў дзядзь­ка, жэстам запрашаючы мяне сесці.Я ўсміхнуўся.

— Добрая чорная кава цябе ўзбадзёрыць, — дзядзька прысунуў да мяне невядома адкуль узяты парцэлянавы кубачак. Ад горкага водару адразу падняўся настрой і нават захацелася есці.

— Ну, распавядай, штоты надумаў пра вучобу. Працягнеш ці кінеш?

Я паціснуў плячамі.

— Буду вучыцца далей.

— А для чаго?

Дамовіліся яны з Ізай, ці што?

— Для чаго? Ну як для чаго. Каб умець вядзьмарыць.

— Але навошта? — не суцішаўся ён. Сядзеў, папіваючы каву, на канапе, у нязменна белым мах­ровым халаце, з мокрымі валасамі, свежы i малады, i весела глядзеў на мяне.

— Каб стаць усёмагутным! — ляпнуў я, занадта позна сцяміўшы, якое глупства змарозіў. Дзядзька засмяяўся.

— Я прадбачыў падобны адказ. А што ты маеш на ўвазе пад усёмагутнасцю?

Наступныя паўгадзіны я спрабаваў растлумачыць. А дзядзька лагодна аспрэчваў мае высновы. Выявілася раптам, што я сам не ведаю, для чаго мне ўніверсітэцкая адукацыя. Так прынята ў нашай сям'і, старэйшы сын ідзе вучыцца ва ўніверсітэт магіі, i не мне парушаць традыцыю, створаную продкамі. Урэшце, я сказаў пра гэта дзядзьку. Ён кіўнуў. Цёплая спагада без цені кпінаў прамільгнула ў яго поглядзе, і я набраўся смеласці, каб пацікавіцца:

— Дзядзька Лунеш, а ты чаму вырашыў падацца ў чараўнікі?

Дзядзька летуценна ўздыхнуў. Я зразумеў, што зараз пачую нешта інтрыгоўнае і фантастычнае. У вялікага чалавека i мэты грандыёзныя! Я разявіў рот і ператварыўся ў слых, каб належным чынам пачуць і засвоіць кожнае слова. Вядома, ён хацеў перамагчы цмока. ЦІ пабудаваць вежу да самых нябёсаў. Ці адкрыць сакрэт філасофскага каменя...

— Вучылася са мной у школе адна сімпатычная асоба, — лірычным тонам пачаў ён. Мой рот зачыніўся, твар выцягнуўся. Але дзядзька не заўважаў гэтых метамарфоз, паглыбіўшыся ва ўспаміны. Дымілася кава, паблісквала ў прамянях паўдзённага сонца інкрустацыя на кальяне, i грандыёзная мэта рассыпалася ў прах перад банальным жаданнем падлетка даказаць штосьці прыгожай дзяўчынцы...

— Яна старэла на маіх вачах... i памерла, ужо даўно, — ціха скончыў дзядзька Лунеш, памешваючы астылую каву. — Шкада. Толькі прывяжашся да кагосьці, як ужо губляеш. Для мяне жаніцца — што кошку завесці. Загадзя аплакваеш страту.

— Чараўніцтва — каб пакрасавацца перад дзяўчынкай? — прагаварыў я расчаравана. — А як жа цмокі, шкляныя горы, таямнічыя рытуалы?

— Ды табе, Петэр, кніжкі пісаць трэба! Таямнічыя рытуалы — гэта абгортка, дэкарацыя для недасведчаных у вядзьмарстве людзей. Але ты, спадзяюся, ужо ўцяміў, што магія — гэта праца. Шмат працы, вучобы i напружання.

Я прысаромлена кіўнуў.

— Я за табой даўно назіраю, — працягваў дзядзька. — Ты таленавіты хлопчык, але нейкі абыякавы. Старанна выконваеш, што скажуць, асабліва не задумваючыся над сутнасцю. У цябе няма мэты, ты не марыш ні аб чым. А вучыцца без радасці, без стымулу, па дурной сямейнай традыцыі — значыць зрабіцца пасрэдным чараўніком. Ужо лепей — знакамітым кашолачнікам.

— Але я... — фраза павісла ў паветры.

— Ці трэба табе гэта? Чаго ты хочаш? Аб чым марыш?

Я паціснуў плячамі. Хіба абавязкова чалавеку патрэбна мара?

— Часу ў цябе досыць, не спяшайся з выбарам, — дзядзька агледзеў мяне з ног да галавы i засмяяўся: