Выбрать главу

— Чаго ты скіс? Пэўна, прагаладаўся? Хадзем абедаць!

I мы адправіліся абедаць. Грыбны крэм-суп з грэнкамі, румяныя бульбяныя палачкі, абсмажаныя ў сметанковым масле, курыныя катлеткі, пузатыя фаршыраваныя перцы, пулярка са струковай фасоляй, жытнія блінцы з вяндлінай, салата з радыскі і зялёнай цыбулі, а на салодкае — пірог з вішнямі i марожанае.

Дзіўна, які выдатны тэрапеўтычны эфект на мяне аказвала смачная ежа. Калі да абеду галава поўнілася вуглаватымі, цяжкімі і нязграбнымі пытаннямі — што рабіць з вучобай, як знайсці годную жыццёвую мэту, да чаго імкнуцца, — то пасля дэсерту цяжкія думы рассыпаліся прахам. Саступілі месца аднаму маленькаму кругленькаму пытаннечку: дзе б гэта зручна ўлегчыся жыватом дагары і гадзіну-другую падрамаць? Я ўладкаваўся ў гамаку, накрыўся памяранцавым пледам і атрымліваў асалоду ад жыцця, ніколькі не хвалюючыся пра тое, чаму Іза не выйшла абедаць і як мнежыць далей.

Сонца ціхамірна прасвечвала скрозь лісце грэцкіх арэхаў, да якіх быў прывязаны гамак. Жаўцелі прымулы, калыхаліся пышныя шапкі фіялетавых і белых астраў, струменілі рэзкі водар высеяныя на кветніку маяран і мацярдушка. Думкі мае цяклі гультаявата, павольна, нібы разліты на стале цукровы сіроп. У галаву прыходзілі нейкія недарэчныя варыянты дзеянняў, напрыклад, залегчы ў спячку. Прачнешся праз пару месяцаў, а праблемы даўно вырашыліся самі сабой... Шкада, што я не мядзведзь... ці не барсук... ці хоць бы не вожык ... Унутраны голас станавіўся ўсё больш нязвязным,я паступова засынаў...

Затрашчалі галінкі, хтосьці ціха чартыхнуўся. Я ледзь не вываліўся з гамака, ускочыў і стаіўся за дрэвам. Высокі юнак у вясёлкавым адзенні краўся паміж кустамі глогу і барбарысу. Ён спалохана азіраўся, чапляўся за калючкі і напаўголаса сыпаў праклёнамі. Я стаіўся ў цені арэха. А ў барбарысавых зарасніках мільгала яркая спадніца Ізы. Таямнічы візіцёр яе пакуль не заўважаў і толькі ўздрыгваў ад кожнага шоргату. Дзіва што. Толькі сапраўдны смяльчак здолее без запрашэння пракрасціся ва ўладанні вялікага Лунеша. Мабыць, у хлопца важныя прычыны знаходзіцца тут...

Я разглядаў яго — маладога, кучаравага, з сытым тварам — і раптам здагадаўся, хто гэта. Праз хвіліну мае здагадкі пацвердзіліся.

На дарожцы сярод барбарысавых кустоў з'явілася з кошыкам дробных чырвоных ягадак Іза. Убачыўшы Іосіфа, яна ўскрыкнула. У лепшых традыцыях любоўнага рамана ёй належала б ад нечаканасці выпусціць кошык, але нічога падобнага. Замест гэтага Іза агледзелася, гэтаксама, як і яе госць раней. Пераканаўшыся, што Лунеша побач няма, дзяўчына супакоілася і паважна падышла да былога жаніха.

— Іосіф?!

— Як бачыш, — тонкім высокім голасам адказаў ён i нядбайна, без асаблівай пачцівасці пакланіўся. Слова гонару, упершыню я пашкадаваў, што не чараўнік. Матэрыялізавацца б цяпер у слупе дыму, з громам і маланкамі, напусціць іскраў, прыстрашыць... Цікава, ёсць ва ўніверсітэце факультэт запалохвальнай магіі?

Іза не пакланілася ў адказ. Замест прывітання яна непрыязна спытала:

— Навошта ты тут?

— За табой. Вызваліць ад злога ведзьмака і вярнуць бацькам.

— А што потым? — прагаварыла Іза з цікаўнасцю. — Наша вяселле?

Іосіф збянтэжыўся.

— Я не магу з табою ажаніцца, — прамямліў ён. — Ты ж... адна тут... жывеш з мужчынам... мама мне не дазваляе...

— Так, маму трэба слухацца, — кіўнула Іза, вывучаючы змесціва свайго кошыка і носікі пантофляў. Узнікла няёмкая паўза. Гайдаліся ад ветрыку далікатныя сэрцайкі дзіцэнтры, цягнуўся па чырванаватай кары глогу ланцужок мурашак, памяранцавы плед падумаў-падумаў і зваліўся з гамака, прымусіўшы мяне здрыгануцца ў ненадзейнай лісцевай хованцы. Іза не варухнулася, а Іосіф здрыгануўся таксама, чым нямала мяне ўзрадаваў.

— Дык пойдзем ужо? — мяркуючы па напружаных плячах і бегаючых вочках, ён пачуваўся вельмі няўтульна. I не дзіўна. У любы момант можа наляцець злы чараўнік Лунеш, і тады наўрад ці Іосіфа па вяртанні пазнае родная матуля...

— Каб бацькі паслалі мяне ў манастыр? Не, дзякую! Дарэчы... — Іза працягнула Іосіфу ко­шык. — Частуйся!

Ён ахвотна зачарпнуўу прыгаршчы ягад — напэўна, ніколі раней не каштаваў барбарысу, — і сунуў у рот. Пажаваў, жудасна скрывіўся, але не асмеліўся плявацца і, душачыся, праглынуў.

— Яшчэ хочаш? — ласкава прапанавала Іза.

— Не, дзякую, — прапішчаў ён зусім ужо кіслым, камарыным голасам. — То што перадаць тваім бацькам?

— Перадай, што я пайшла замуж за Лунеша і жыву сабе шчаслівая.

— Добра, — пакланіўшыся, Іосіф жвава пабег назад, у барбарыс і глог. Мяркуючы па ўсім, там хавалася сцяжынка, якая вяла на станцыю.