Выбрать главу

СЯБРА ПАЭТА І БАРДА. Віншуем вас, таварыш падпалкоўнік.

ПАДПАЛКОЎНІК (зь велізарным задавальненьнем загнаў бы нацыяналістаў у варанок, але цяпер ня ведае, што рабіць, і, мабыць, моўчкі кляне сэсію й дэпутатаў). Отойдите, у нас служебный разговор.

КАРЭСПАНДЭНТКА (да першага міліцыянта). Калі ласка, вашае прозьвішча для гісторыі.

ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ Пожалуйста: старшина Кащеев.

Нацыяналісты вясёла й шматзначна пераглядаюцца.

КАРЭСПАНДЭНТКА. Кашчэеў...

ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ (зазіраючы ёй цераз плячо). Кащеев - через «о».

КАРЭСПАНДЭНТКА. Я па-беларуску пішу.

ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ. А вы поправьте, чтобы правильно было.

«Доложите обстановку!» - зноў хрыпіць у яго на плячы рацыя.

ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ. Докладываю: обстановка в целом дружелюбная.

Адчыняюцца дзьверы гарсавету. Углыбіні відзён тав. Камароў. Яўна па ягонай камандзе да ўдзельнікаў урачыстага ўзьняцьця сьцягу подбегам кіруецца бабуля-вахцёрка.

ВАХЦЁРКА (запыхана). Где наша знамя?

ПАЭТ І БАРД. А вось (выцягвае з запазухі сярпаста-малаткасты «флаг»).

ВАХЦЁРКА. Отдавайте имущество (учэпіста хапае «флаг», гэтаксама подбегам вяртаецца ў будынак гарсавету й зачыняе зь сярэдзіны дзьверы на засаўку).

Удзельнікі ўзыходжаньня на дах прапануюць падпалкоўніку скласьці пратакол. Таму гэтая ідэя відавочна падабаецца, але абсурднасьць сытуацыі разумее нават ён.

ПАДПАЛКОЎНІК. Отойдите, у нас служебный разговор.

ПАЭТ І БАРД (падступна). Таварыш падпалкоўнік, а які ў вас сьцяг над аддзелам?

ПАДПАЛКОЎНІК (зьнячэўлена). Пока никакого.

ПАЭТ І БАРД. Зараз мы вам дамо новы, у нас яшчэ ёсьць.

ПАДПАЛКОЎНІК (не чакаючы небясьпечнага падарунка, хутка сядае ў машыну). В отдел!

Усьлед за падпалкоўнікам ад'яжджае машына з маўклівымі людзьмі ў цывільным, потым - дзяжурны варанок. На пустым пляцы перад будынкам застаюцца пяцёра тых, з каго пачыналася дзеяньне. Адчуваецца, што ўсіх мучае смага.

У выпадку сцэнічнага ўвасабленьня можа гучаць гімн Макара Краўцова «Мы выйдзем шчыльнымі радамі...»

Над гарсаветам лунае бел-чырвона-белы сьцяг.

Усё.

Верасень, 1991 г.

У нас у Серабранцы

Пераехаўшы ў Менск, я жыў спачатку ў падвале бяз адрасу.

Вядома, я мог напісаць на канвэрце назву вуліцы й паставіць нумар дому, але пошту ў падвал усё адно не насілі, і ў гэтым сэнсе жылося зацішна.

Хто завітваў да мяне на гасьціны, можа засьведчыць, што падвал быў з усімі выгодамі й нават бяз вокнаў. Праўда, адтуль трэба было раз-пораз выходзіць на працу, дзе міліцыя й склала тры пратаколы за пражываньне без прапіскі.

Пасьля гэтага ў Саюзе пісьменьнікаў запыталіся ў мяне, дзе я жыву. Я шчыра прызнаўся: у падвале. Адказныя таварышы пранікліся шкадобаю і праз год далі мне кватэру.

Так я й апынуўся ў нас у Серабранцы, і цяпер за пражываньне на маёй плошчы без прапіскі маю законнае права скласьці пратакол на хамяка Хаменні й на котку Басю (у афіцыйным дакумэньце будзе фігураваць поўнае ймя: Басота).

Апрача асобаў сумніцельных і непрапісаных, у нашым доме ў розны час жылі й жывуць людзі прапісаныя, вядомыя ды заслужаныя.

Па-першае, у нашай кватэры атайбаваўся калісьці пісьменьнік Вячаслаў Рагойша, а да яго заходзіў Уладзімер Караткевіч, які, кажуць, браў тут чарку й сьпяваў песьні ня горай, чым ён гэта робіць у забароненым некалі фільме паводле ягонага раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Цяпер у нас у доме жыве крытык і перакладчык Галіна (ашчаджаючы яе спакой, абыйдземся бяз прозьвішча). Жыве таксама паэтка Валяньціна, якая зрэдзьчас падпісваецца псэўданімам Віта Гнаная. Атрымліваецца сапраўдная літаратурная віктарына, да якой можна дадаць пытаньне: які вядомы беларускі археоляг стаўся героем мастацкага твору ў сувязі з тым, што ў яго ў археалягічнай разьведцы ўтапіліся штаны?

Гэты археоляг, купіўшы новыя штаны, таксама на законных падставах пражывае ў нашым доме.

Тут жывуць Алесь, Аліна, ажно два Данчыкі і Дануся.

А калі дадаць яшчэ й небясьпечнага ў нядаўнім мінулым нацыяналіста, а сёньня народнага дэпутата Пятра Садоўскага, дык нехта абавязкова скажа: гняздо.

Паблізу нашага дому ёсьць канал, на якім вядуцца качкі. Раней па канале плаваў лебедзь, але ня вытрымаў «перестройки» і адляцеў кудысьці ў эміграцыю.

А вось яшчэ адзін знаны нацыяналіст прафэсар Уладзімер Конан «перестройку» вытрымаў і па-ранейшаму глядзіць на сьвет зь верхатуры суседняга шматпавярховіка.