Выбрать главу

Таргануўшыся, аўтобус спыняецца, і ты адплюшчваеш вочы. За вакном гараць у цемрыве вогнішчы, нешта булькоча ў задымленых саганах, бегаюць па смуглявых абліччах агнёвыя водсьветы. На мяжы явы й сьненьня табе здаецца, што ты глядзіш сон далей, што гэта йдуць на Кракаў праз Варшаўскі мост татара-мангольскія захопнікі.

Праўда, немаведама чаму татары гамоняць па-расейску й нецьвярозымі галасамі пяюць задушэўныя расейскія песьні пра «ой, мороз-мороз». Прыемнае каляратурнае сапрана каля суседняга вогнішча выводзіць:

А вот намедни на крючок поймал русалку. Я это помню, это было, как вчера. Крючок я бросил, бросил леску, бросил палку, А что словил? Да только три пера.

Як на сон, дык гучыць занадта саўкова, і ты прачынаесься.

Ад Варшаўскага мосту, губляючыся ў бяззорнай цямрэчы, цягнецца бясконцая гірлянда агнёў. Сонныя гейналістыя трывожна пераварочваюцца на другі бок, а ты змагаесься зь нядобрымі прадчуваньнямі й таксама клічаш на дапамогу Марфэя.

Там, у сьне, паміж аўтобусамі шнуруюць баскакі. Да хвастоў іхніх калматых конікаў прывязаныя берасьцейскія аўтамабільныя нумары, а на гнедых бакох выведзена: «Милиция». З машынай-міргалкаю наперадзе ў бок мяжы паважна праходзіць караван сланоў і вярблюдаў, і за кадрам хтосьці тлумачыць, што гэта адбывае з афіцыйным візытам спадар прэм'ер...

Раніцою ты ачынаесься пасярод голага поля. У рэдкім туманцы ў далечыню ад застаўленай аўтобусамі да самага далягляду шашы брыдуць ланцужкі людзей. Відовішча нагадвае кадры ваенных кінафільмаў: партызаны ідуць з заданьнем на «жалезку». Нават няўзброеным вокам відаць, што й бяз ранішніх дывэрсантаў поле замініравана так надзейна, што ніякай арганікі яму да XXI стагодзьдзя не спатрэбіцца.

У адрозьненьне ад уторкнутых берасьцейскімі дойлідамі ў сьмярдзючыя лужыны трох «шпакоўняў» (плюс адна калёнка з вадою) на шэсьць кілямэтраў аўтачаргі, сьмецьцевых бачкоў у нашай незалежнай краіне пакуль што хапае.

Бачкі ледзь не штохвіліны правяраюць абходчыкі зь ёмістымі торбамі. У аднаго на торбе партрэт Міхаіла Сяргеевіча з падмаляванымі гітлераўскімі вусікамі, у другога - лёзунг: «СССР - оплот мира». Часам паміж абходчыкамі ўсчынаецца двубой за пустую пляшку.

Значна спакайнейшая й выгаднейшая іншая прымежная прафэсія - гандаль месцам у чарзе. Адзін аўтобус каштуе сто рублёў, а аўтобусаў тут недзе пад паўтысячы. За дзень мытнікі прапускаюць штук трыццаць-сорак. Кажуць, што праблему здымаюць 500 «зялёных», але ў вас іх ненашмат болей, чым «фанэрных» ва ўдавы філіпінскага прэзыдэнта Маркаса.

Таму вы мітусіцеся паблізу шлягбаўма са сваімі паперамі, а кучаравы капітан з прозьвішчам ці то Гурок, ці то Бурак, зазірнуўшы ў іх адным вокам, пагардліва кідае:

- Пущай сам Шушкевич придет и мне скажет, тада пропущу.

Ягоны калега, зрабіўшы страшныя вочы, абяцае, што ўсё адно будзе правяраць «щацильна».

Каля шлягбаўма гамуе аўтобус зь дзявочай зборнаю па нейкім спорце. Пакуль трэнэр вядзе перамовы з начальствам, юныя спартоўкі просяцца ў паставога:

- Товарищ милиционер, пропустите. У нас соревнования. Нам завтра вечером на помост в Париже выходить.

- Знаем мы ваши соревнования, - міралюбна адгукаецца «товарищ милиционер». - Трахаться едете с французами за даляры. Будете с нами за рубли - тада пропустим.

Пэрспэктыва пакаштаваць нясьвіскага сала з чырвонай праслойкаю й пачуць адну з вэрсіяў утварэньня колеравай гамы нашага сьцягу робіцца для кракаўскіх гейналістых усё больш туманнаю.

Ваш апанаваны апошнімі надзеямі аўтобус бярэ курс на Берасьце - шукаць справядлівасьці ў высокіх кабінэтах. Надпіс на ўезьдзе ў горад папярэджвае: «Народы СССР - едины». Мяркуючы па аўтобусных нумарох у чарзе за мяжу й па агульнай эканамічнай прасторы прымежнага поля, па якім не адважыцца прайсьці басанож нават твой знаёмы серабранкаўскі п'янтос Камінтэрн, - лёзунг кажа шчырую праўду.

Беларускае мовы на берасьцейскіх вулках і ў берасьцейскіх кабінэтах людзі ці то ня хочуць разумець, ці то сапраўды не разумеюць.

- Так вы, ребята, к нам из Белоруссии приехали? - з ухмылкаю пытаецца абласны начальннк. - Как у вас в Белоруссии погода?..

З аднаго кабінэта ў другі вы пераяжджаеце па вуліцы імя Касманаўтаў, і табе згадваецца, як гадоў пяць таму ў Воршы сакратар гаркаму партыі самых разумных і сумленных, пачуўшы прапанову назваць аршанскую вуліцу Касманаўтаў, дзе пісалася «Дзікае паляваньне караля Стаха», імем Караткевіча, абурана адрэзаў, што гэта «идеологически неверно». На просьбу ўдакладніць, хто з касманаўтаў нарадзіўся ці жыў у Воршы, сакратар дасьціпна зазначыў: «Они здесь пролетали». Назвы вуліц Берасьця сьведчаць, што над ім праляталі Пушкін з Гогалем, Будзённы з цэлым эскадронам бальшавіцкіх башыбузукаў, а таксама Ленін з самім камунізмам.