Няблага вывучыўшы гарадзкую тапаніміку «западных ворот советской страны», вы вяртаецеся на шашу і - о, сьвятая наіўнасьць! - спрабуеце заняць у чарзе ранейшае месца. Яшчэ на далёкіх подступах з аўтобуса зь віцебскім нумарам высыпаюцца, як блашчыцы з матраца, дзясяткі два разьятраных жанок і іхніх няголеных спадарожнікаў.
Ваш аўтобус сутаргава плішчыцца наперад. Хмурныя няголеныя мужчыны зь Віцебшчыны дакляруюць вам размалаціць каменьнем вокны. Жанчыны дзейнічаюць больш радыкальна. З крыкам: «Проедете по нашим трупам!» яны кладуцца пад колы на мокры ад імжачкі асфальт.
Ты выбіраеш сярод ляжачых прыгожую маладзіцу ў сьветлай куртцы й пачынаеш яе ўгаворваць зьмяніць паставу. Ты цярпліва даводзіш ёй, што брудны асфальт - ня самае зручнае месца дэманстраваць бясспрэчныя вабноты. Ты пытаесься ў яе ймя й тэлефон і, зьвяртаючыся да скарбаў айчыннай паэзіі, кажаш пра духмяныя стагі, дзе жанчыны, як радасны сон на зары.
Маладзіца зь віцебскага аўтобуса прыслухоўваецца да тваёй беларускай мовы, і раптам ейны гожы твар перасмыквае, і яна зь нянавісьцю верашчыць:
- Уйди, хохол бородатый! Тут белорусы по десять суток мучаются, а еще вас понаехало!
Гэта гучыць, як прысуд.
Унурыўшы голаў у плечы, ты выцягваеш з аўтобуса валізу зь «Белай Русьсю» й цешчыным салам, спыняеш спадарожны «масквіч», расштурхоўваеш на вакзале колькі падазроных асобаў «кавказской национальности» каля адзінай адчыненай касы, купляеш квіт у цягнік, што йдзе з таго боку, куды цябе не пускаюць, залазіш упершыню ў жыцьці ў мяккі й абсалютна пусты міжнародны вагон і праз чатыры гадзіны ўжо падыходзіш да свае хрушчобы ў Серабранцы.
Як казаў, прыяжджаючы з-за сьвету ў сваю Нарвэгію Фрыцьяф Нансэн, «вяртаньне - прыз кожнага падарожжа».
Твой прыз чакае цябе каля дому ў абліччы суседкі, якая, задраўшы галаву, абураецца, што нехта вывесіў «фашистские флаги». Ты бачыш, што адзін павесілі на гаўбцы твае сыны, другі - археоляг зь літаратурным крытыкам з трэцяга пад'езду.
Толькі тут ты ўспамінаеш, што заўтра - 25 сакавіка.
«Дожились», - кажа суседка й зьбіраецца йсьці скардзіцца на фашыстаў народнаму дэпутату П.В.Садоўскаму. Ты падказваеш, у якой кватэры той жыве й даеш арыенцір - яшчэ адзін крамольны сьцяг. Уадначас ты дзелісься асьцярожнаю здагадкаю, што брудную правакацыю супраць народнага абраньніка ўчыніў хтосьці зь мясцовых фашыстаў, прыставіўшы знадворку драбіны.
- Иди, иди... Позьняк оброслый, - падазрона гаворыць суседка. - Сам, может, и лазил.
Апоўначы ты бярэш сынаву дудку й выдзімаеш на ёй «Саўку ды Грышку». У тую ж хвілю на вежы Мар'яцкага касьцёла падносіць да вуснаў трубу кракаўскі гейналісты.
Вашыя мэлёдыі зьліваюцца ў рэквіем па «Белай Русі» й бел-чырвона-белым нясьвіскім сале.
Сакавік, 1992 г.
Мой сябра Вова Цымерман
Блаславёны, хто мае на свеце дом, у якім прамовіў першае слова, навучыўся хадзіць пад стол, а потым датупаў да ганка, бразнуўся з яго і, румзаючы ад страху ды болю, папоўз на збітых каленках да весніцаў.
Тое месца, дзе стаяў некалі наш скарбовы драўляны полацкі дом, ужо даўно занятае прысадзістым бетонавым кубікам Палаца культуры завода шкловалакна. Часам я заходжу ў ненавісную мне спаруду, блукаю па яе пустых калідорах і спрабую ўявіць, дзе што месцілася ў тыя гады, калі паляцеў у космас Юры Гагарын і нашую вуліцу назвалі ягоным імем.
Сам дом быў, здаецца, там, дзе сёння шатня, «шпакоўня», - акурат на месцы цяперашняй прыбіральні, а пад падлогаю глядзельнае залі, магчыма, ацалела жменька попелу з таго раскладзенага пад маёй улюбёнай папяроўкаю вогнішча, дзе мы некалі спалілі, папярэдне выкалаўшы яму вочы, партрэт Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. Тады мне было дзевяць гадоў, а Вову Цымерману, што разам з намі браў удзел у карнай акцыі, - на паўтара меней, але гэты рослы мурлаты хлопчык з падобнымі да двух мячыкаў ружовымі шчокамі мог лёгка адужаць любога з нас.
Статыстыка сведчыць, што ў 1885 годзе з кожнае сотні палачанаў габрэямі было шэсцьдзесят шэсць, а на пачатку XX стагоддзя - роўна палова. У гады майго дзяцінства агульныя лічбы, відавочна, змяніліся, але нашага раёна гэта ніяк не датычыла. Вакол нас жылі Шэфы і Гофеншэферы, Ліўшыцы і Эпштэйны, Рафайловічы, Сраліовічы і Герцыковічы, трохі далей - Берманты, Бернштэйны, Кацы, Кацманы і Кацнельсоны. Дзякуючы сваім пазнейшым гістарычным росшукам я заўважыў, што некаторыя прадстаўнікі гэтых слаўных фамілій упарта захоўвалі вернасць прафесіям продкаў. Абодва дарослыя Сраліовічы, напрыклад, працавалі ў гарадской друкарні - праўда, не гаспадарамі, як іхні дзед, а ўсяго толькі метранпажамі з вечна чорнымі ад волава і фарбы пальцамі. Бермант і Бернштэйн, гэтаксама як іх сваякі перад «вялікім кастрычнікам», жывіліся з фатаграфіі.