Выбрать главу

ТАМ

За бугром, за рэчкай

Вугорскі дыярыюш

Рэчка гэтая - Тыса. Пра яе распавёў нам некалі савецкі пісьменьнік А. Аўдзеенка. Зь дзяцінства засталося ўражаньне: плюнеш над Тысаю - абавязкова трапіш ці ў бандэраўца, ці ў шпіёна, ці ў чэкіста або ў якога іншага чалавека асобага складу. Гэта на нашым баку, а што на тым - і ўявіць было боязна.

Апанаваны ўспамінамі, стаю над Тысаю й рыхтуюся да мытнага агляду.

Там, за рэчкаю, - Вэнгрыя, Вугоршчына.

Першае, што заўважаеш, трапіўшы ў Вугоршчыну, - мадзяры гавораць, пяюць песьні, вучаць дзяцей і моляцца ў храмах на сваёй мове. Ужо за адно гэта яны вартыя больш людзкага жыцьця, чым беларусы.

У Дэбрэцэне, першым вугорскім горадзе на шляху нашае менскае турыстычнае групы, мы прачынаемся 15 сакавіка, на ўгодкі вызваленчага паўстаньня 1848 года, задушанага войскамі царскае Расеі - жандара Эўропы.

Дзень, зразумела, непрацоўны. На грудзях у кожнага сустрэчнага трохкалёрныя адзнакі ды стужачкі, у руках у дзяцей і ў дарослых - чырвона-бела-зялёныя сьцяжкі. Сотні гараджанаў з кветкамі вакол помніка Шандару Пэтэфі, верш якога «Нацыянальная песьня» стаўся гімнам паўстаньня. Пачынаю лічыць уторкнутыя ў газон ля помніка нацыянальныя сьцяжкі. На трэцяй сотні зьбіваюся. (25 сакавіка, у дзень абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі, я падыйшоў у Менску да помніка аўтару «Пагоні». На голым п'едэстале дагнівалі тры гвазьдзікі.)

Сьцягі ня толькі над кожнымі дзьвярыма, але й на гаўбцах, у вокнах. Падкрэсьлена будзённы толькі адзін будынак. Мо тут жывуць нашчадкі Габсбургаў, супраць якіх паўставалі мадзяры? Не, гэта генэральнае консульства СССР.

Мусіць, ягоныя гаспадары ня могуць дараваць мадзярам ні вызваленьня ад камуністычнага дурману, ні вітрынаў навакольных крамаў, каля якіх таўкуцца савецкія турысты.

Каб не забываліся, што яны - прадстаўнікі самай перадавой краіны, ім абмянялі цэлыя 19 рублёў. За 500 атрыманых форынтаў можна 17 разоў праехаць туды й назад на гарадзкім аўтобусе альбо сто разоў наведаць грамадзкую прыбіральню.

Найбольш адметнае ў прапанаванай турыстам вугорскай кухні тое, што й на абед, і на вячэру замест кавы ці гарбаты гасьцей частуюць вадою з крана. Не падабаецца - замаўляй віна, брэндзі ці яшчэ якога пітва, але дзеля гэтага трэба йсьці на рынак і гандляваць правезенаю празь мяжу кантрабандай.

На вугорскім рынку, як і ў іншых краінах, дзе камуністы ўжо не займаюцца ідэалягічным забесьпячэньнем сяўбы й вытворчасьці тавараў народнага спажываньня, усё прадаецца разы ў паўтара-два таньней за крамныя кошты, бо дзяржаўныя й прыватныя крамы заваленыя таварамі.

Рынак віруе. Амаль роднымі здаюцца палякі. Грамадзяне СССР, кіруючыся пачуцьцём пралетарскага інтэрнацыяналізму, купляюць двухкасэтнікі «Інтэрнацыяналь» і літровыя пляшкі 96-працэнтовага сьпірту. Мае спадарожнікі распакоўваюць валізы, і выяўляецца, што ледзь ня кожнага другога трэба саджаць. Душу апаноўваюць лятункі пра час, калі пасадзяць тых, хто, зрабіўшы сацыялістычны выбар, змушае нас цягнуць усё гэта празь мяжу.

Празь нейкую гадзіну ў дзьвюх дамачак з нашае тургрупы ўжо шамацяць у руках тысячныя купюры. Яшчэ праз гадзіну ў іх крадуць сумку з таварам, а заадно й партманэткі з грашыма й пашпартамі.

Мацней прыціскаю да грудзей торбу зь некалькімі як быццам бы законна правезенымі пляшкамі й пытаюся ў нашага гіда, за колькі можна збыць шампанскае. Спадарыня Ільдыко ня ведае. Іхняя сям'я шампанскага сабе не дазваляе.

Потым высьветліцца, што мясныя стравы Ільдыко й яе бацькі ядуць два разы на тыдзень - сярэднестатыстычны вугорскі паказчык.

Але ня будзем сьпяшацца шкадаваць гарапашных мадзяраў. Проста ў іх іншыя стандарты. Мяса двойчы на тыдзень, затое свой трохпакаёвы дом і непусты гараж. Дый мяса, якое смажыць Ільдыко, - гэта ня наш нашпігаваны радыенуклідамі жылаваты кусман, урваны ў чарзе, дзе чалавек чалавеку - друг, таварыш і брат. Мяса мадзярка купляе ў такой краме, куды нашай гаспадыні трэба йсьці з валідолам, бо там толькі кілбасы гатункаў дваццаць. А замест дарагога шампанскага можна па даступнай цане набыць пляшку «бычынае крыві» або «такаю», або... «Сёньня ў нас у продажы 150 найменьняў вінаў і лікёраў», - сьціпла паведамляе абвестка на адной з будапэшцкіх крамаў.