Тут не пасажыры стаяць у чарзе па таксі, а таксі ў чарзе па пасажыра. Тут немагчыма ўявіць на дзьвярах кавярні ці рэстарацыі шыльду, што няма месцаў. Каб падтрымліваць стандарты свайго жыцьця, сярэднестатыстычны вугорац працуе па 12 гадзін 10 хвілін пяць дзён на тыдзень, але ён ведае, што, зарабіўшы патрэбныя грошы, ён за некалькі хвілін можа купіць амаль усё, чаго прагне душа або цела.
Насьвістваючы песеньку свайго дзяцінства, я шпацырую па сталічнай набярэжнай і не магу пазбыцца ўражаньня, што апошнім часам у Дунай - і ў Вугоршчыне, і ў Югаславіі, і ў Баўгарыі, і ў Румыніі, і ў «нашай» Малдове - найчасьцей кідаюць ня кветкі, але помнікі «правадырам працоўных».
У сапраўднасьці, прынамсі ў Вугоршчыне, было йначай - «ленінаў» ды ягоных пасьлядоўнікаў рознае масьці, што набліжалі сьветлую будучыню чалавецтва расстрэламі, арганізаваным голадам і бязьлітаснай эксплёатацыяй народу, цывілізавана дэмантавалі й прыбралі далей ад вачэй.
Непараўнана цяжэй дэмантаваць іхнюю спадчыну - ліквідаваць плянавую эканоміку, ураўнілаўку, адкрыць шлях прыватнай уласнасьці ды прадпрыймальнікам...
Наш гід Пал кажа, што яны ўжо пачалі, а ў нас усё наперадзе.
Наш стукач Саша спрабуе выступіць у абарону сацыялізму.
Сашу мы вылічылі яшчэ ў першы дзень, калі ён распытваў пра золата, валюту й пра тое, ці праўда, што БНФ атрымлівае з Ізраіля зброю.
Не да густу Сашу й гідаў аповед пра народную рэвалюцыю 1956 году, калі, годна доўжачы баявыя традыцыі жандара Эўропы, Савецкі Саюз кінуў супроць Будапэшту столькі ж танкаў, колькі ў 1940-м вёў на Парыж Гудэрыян. Трохі супакойвае Сашу паведамленьне, што новыя вугорскія ўлады вырашылі прызначыць пэнсіі сем'ям ня толькі палеглых паўстанцаў, але й забітых у часе баёў вугорскіх «гэбістаў», якія стралялі ў братоў.
- Вот это правильно! - кажа Саша.
- Да, - пагаджаецца спадар Пал. - Все они жертвы коммунизма.
У нас вольны час, і, калі ня йсьці на рынак, можна ўдосталь пагуляць на самоце па Пэшце.
Прыдунайскія кварталы вельмі нагадваюць Парыж, які мы бачылі ў францускіх фільмах. У падземным пераходзе на вуліцы Ракацы на раскладным крэсьле сядзіць мурын. Ён пад гітару сьпявае па-ангельску нешта мэлянхалічнае й непрыхільна пазірае на белага жабрака, што ўладкаваўся на тым баку пераходу. Ля мурынавых ног абцёрханы брунатны капялюш з прыладжанай чырвона-бела-зялёнай стужачкай. Штораз, калі туды падае колькі форынтаў, ільсьняна-чорны мурынаў твар асьвятляе маціцовая ўсьмешка.
Вылузнуўшыся зь невялікага збою слухачоў, нейкі заджынсаваны чалавек ляпае мурына па плячы, і я чую «общепонятный язык».
- Хороший ты мужнк, да дать тебе нечего.
- А ты х...вый мужик, - амаль без акцэнту адказвае мурын. - Мог бы форинтов десять и отстегнуть.
Збой з павагаю глядзіць на белага чалавека, што ўмее па-негрыцянску.
У двухзоркавым гатэлі «Вена», што дае нам прыстанак, аповед пра мурына не выклікае асаблівае цікавасьці. У цэнтры ўвагі вылазка двух нашых спадарожнікаў у начны бар на апршнім паверсе гатэля, дзе высьветлілася, што жанчына каштуе там 3 тысячы форынтаў, прычым не за ноч, а за гадзіну.
- Саша, а табе твая кантора на баб грошы выпісвае? - цікавіцца нехта.
Стукач Саша нядобра ўсьміхаецца, і мне прыгадваецца чутая ад знаёмага марака гісторыя пра тое, як яго злавілі ў дацкім публічным доме. У самую адказную хвіліну мой знаёмы пачуў за дзьвярыма: «Товарищ Горелик, вы здесь?»
Мне чамусьці робіцца шкада й марака, і самога сябе, і мурына, што сьпявае на вуліцы Ракацы. Я ўспамінаю, да каго той мурын падобны - да чарнаскурага студэнта Белдзяржунівэрсытэту, які жыў у нашым інтэрнаце разам з двума віетнамцамі й штодня - апоўначы й а шостай раніцы - змушаў іх стоячы слухаць гімн СССР.
Як жа там, дарэчы, вырашыўся лёс Саюзу на рэфэрэндуме, які мы мусілі - хто вымушана, а хто й не - байкатаваць? Перад вячэраю пытаемся пра гэта ў гіда.
Пачуўшы папярэднія вынікі рэфэрэндуму, Саша, а зь ім яшчэ зь дзясятак саўкоў пляскаюць у ладкі. Мы - за Саюз. Мы другой такой страны не знаем...
Апошні перад вяртаньнем вугорскі горад Эгер. Неверагодная чысьціня й дагледжанасьць вуліц, жылых будынкаў, сярэднявечнае фартэцы й храмаў. Колькі гадоў таму ў горадзе памерла апошняя праваслаўная, але праваслаўны сабор з гэтае прычыны чамусьці не ператварылі ў склад мінэральных угнаеньняў, і ў гадавыя сьвяты там па-ранейшаму служыць сэрбскі архіяпіскап з Будапэшту.