Выбрать главу

На вуліцах такога гораду пачуваесься гэтаксама надзейна і ўтульна, як у сваёй хаце. Такімі былі б нашыя Горадня ці Нясьвіж, каб не бальшавікі ды іншыя верныя ленінцы. Былыя эгерскія рэзыдэнцыі іхніх вугорскіх паплечнікаў - будынкі колішніх гарадзкога ды абласнога камітэтаў кадараўскае партыі - здаюцца ў арэнду, але ўжо даўнавата стаяць упусьце. Мусіць, арандатары чакаюць, пакуль ня выветрыцца стары дух.

У часе экскурсіі спадар Пал прыгадвае сяміградзкага ваяводу мадзяра Сьцяпана Батуру (Штэфан Батары), што быў абраны каралём Польшчы й вялікім ккязем літоўскім. Абсалютная большасьць маіх спадарожнікаў чула пра пераможцу над Іванам Жахлівым і вызвольніка беларусаў ад маскоўскае няволі ня больш, чым пра апошняга караля інкаў.

- Почему он сказал, что это наш король? - неўразумела пытаецца адна турыстка. - У нас ведь цари были, а не короли.

Аказваецца, наш гід ведае пра беларусаў трохі болей за сярэдняга вугорца. У прыватнасьці, чуў, што, дзякуючы роднай савецкай уладзе, у Беларусі не засталося беларускіх школаў. Як жа з такімі школамі цяпер, пасьля перабудовы?

- У сельскай меснасци ищо коя-гдзе сахранилися, но вуобщим-та ўсё эта атмираит, - бадзёра адказвае жыхарка беларускае сталіцы, не разумеючы ні сутнасьці, ні спачувальнае афарбоўкі пытаньня спадара Пала.

Словы суайчыньніцы нагадваюць: хутка дамоў, туды, дзе «ўсё атмираит».

Тургрупа ўжо прасьпявала на разьвітальнай вячэры «Подмосковные вечера». За вокнамі - апошнія кілямэтры вугорскае зямлі. «Божа, як востра ім не хапае рубэройду!» - у роспачы думаю я, пазіраючы на крытыя дахоўкаю дамы, хлявы, курнікі й нават сабачыя будкі.

Усьмешка вугорскага памежніка, ягоныя «здравствуйте», «до свидания» ды іншыя эўрапейскія штучкі выклікаюць у нас амаль што абурэньне. Мы - патрыёты. Мы замілавана пазіраем на савецкага хлопца зь зялёнымі пагонамі, які не ўсьміхаецца й не дазваляе сабе розных там сантымэнтаў накшталт «до свидания».

- Давай! - загадвае ён нашаму кіроўцу, і мы пераяжджаем ужо ніштавата пасунутую на ўсход мяжу сацыялістычнага лягеру.

На ўваходах у залю мытнага агляду - папярэджаньні - «Проход держать открытым!» Да кожнага нечая руплівая рука акуратна дапісала наперадзе: «задний».

Ужо ў самой назве памежнага савецкага гарадка Чоп чуваць нешта роднае, «чрезвычайное» - ЧОН, ЧК, ЧП...

Якія да болю свае - хоць прытулі іх да грудзей - шыльды й аб'явы: «Комендатура», «Милиция», «Торговля только по талонам», «Туалет не работает», «Имя и дело Ленина будут жить в веках»... Як звыкла й жадана ўштукоўваецца ў засьмечаны прывакзальны краявід і сам абседжаны галубамі ленін. Яшчэ адзін падфарбаваны золатам ленін схаваўся ад дэструктыўных галубоў у вакзальную пачакальню. Ля ног ільліча трое пасажыраў сьцелюць газэціну з фотаздымкам Гарбачова, крояць на ёй сала і, апасьліва аглядаючыся на бакі, дастаюць кантовую шклянку.

Я ўглядаюся ў дарагі зь дзяцінства, лагодны й мудры твар правадыра. Правадыр, сарамліва адвёўшы вочы за пляшкі «Гуцульскай» на газэціне, празорліва глядзіць удалеч, на шыльдачку «Ресторан закрыт нет воды». Мне здаецца, ягоныя вусны шэпчуць нешта геніяльнае:

- Как нам реорганизовать Рабкрин?

- Социализм - это учет...

Што да гэтага ленінскага запавету, дык у Чопе поўны парадак. Палова крамаў зачыненая на пераўлік, але, мусіць, хутка адчыніцца, бо выстаўлены ў вітрынах асартымэнт сьведчыць, што пераўлік можна правесьці імгненна.

Мэмарыяльная шыльда на вакзале паведамляе, што ў Чопе жывуць людзі розных нацыянальнасьцяў, аб'яднаныя адной велічнай справай - будаўніцтвам камунізму. Шыльду, на добры лад, трэ было б прадубляваць на замежных мовах, каб іншаземцы таксама зразумелі, зь якой прычыны зачыненыя абедзьве вакзальныя прыбіральні. (Трэба меркаваць, што ў камунізме прыбіральні ўжо нікому не спатрэбяцца.)

Тым часам па вакзале й вакол нэрвова пахаджаюць колькі дзясяткаў нашых і замежных грамадзянаў. Людзі савецкага гарту хутка знаходзяць выйсьце - хто заглыбляецца ў сквэрык, хто хаваецца за цягнік або плішчыцца ў прыватны сэктар.

Бездакорна адзеты сівы іншаземец з пакутаю на твары адважваецца таргануць дзьверы зачыненае на рамонт прыбіральні. Установа залітая сьмярдзючаю жыжкай, сярод якой сям-там тырчаць цагліны. У госьця нашае краіны хапае змогі толькі на два скачкі. Не дацягнуўшы да трэцяе цагліны, ён ступае на дно і ў роспачы падцягвае пашытыя дзе-небудзь у Парыжы ці ў Гамбургу нагавіцы. Але тут яму ня Монтэ-Карла. Жыжкі - па костачку, і белыя іншаземцавыя шкарпэткі ўмомант набываюць менш кідкі колер.