Жыцьцё ў творчым доме будзе каціцца сваёй каляінаю. Перакладчык Ашот будзе круціцца вакол гнуткай ташкенцкай жыдовачкі Розы. На ганку сталоўкі будуць лайдакавата даядаць літфондаўскія секунцы дзясятка паўтара катоў. Ад творчага перанапружаньня паваліцца на газон паўночнаасяцінскі драматург. А з-за Максімавай гары выпаўзе булгакаўская хмара з бліскавіцамі («Дзесь у хмарах жывуць павукі, што снуюць павучыну дажджа...») і зьнячэўку ўпадзе на горад смужыстаю непрагляднай залевай, каб праз гадзіну пакінуць па сабе неверагодна празрыстую ноч, празь якую далёкія агні на схілах будуць зьзяць, быццам калядныя зоркі.
Ноч будзе поўная паўдзённых пахаў, юрлівага ёкату літфондаўскіх катоў і дзіўных гукаў зь ніжняга гаўбца («Жыцьцё чуваць з усіх старон, жыцьцём напоўнены ўвесь змрок...»), зірнуўшы куды, ты міжволі ўбачыш, як перакладчык Ашот і жыдовачка Роза стоячы займаюцца любоўю.
У гэтую ноч ты будзеш пачувацца ў згодзе з усім сьветам: з катамі, з армянскім калегам, з Розай, якой ты гатовы будзеш прысудзіць званьне ня толькі «міс Дом творчасьці», але й «міс СССР»... У гэтую ноч ты дасі веры, што недзе сапраўды ёсьць Беларусь, дзе жывуць беларусы. Ты будзеш пэўны, што з такой самай думкай ляжаў на Божай пасьцелі й Максім Багдановіч. Таму што ён прыехаў сюды, каб у свае астатнія дні мець ня толькі сонца ды сінюю бухту, але й - Беларусь.
Бо яна ў параўнаньні зь любой іншай краінаю мае адну асаблівасьць: існаваць адно тады, калі ты ад яе ад'едзеш, калі будзеш хадзіць сярод чужаніцаў, пакуль табе нарэшце ня здасца, што і ў вас усё, як у людзей.
Твая Беларусь праіснуе, пакуль ты ня выйдзеш з самалёту.
З куплёнае ў аэрапортаўскім шапіку расейскае (бо іншых тут нямашака) газэціны ты даведаесься, што Ніна Андрэева праводзіць у Менску зьезд сваіх пячорных бальшавікоў. Сярод сваёй пошты ты знойдзеш акуратна ўскрытую бандэролю з Таронта, ад беларускага нацыяналіста і, як піша дасьведчаны недзе беларускі пісьменьнік Барыс Іванавіч Сачанка, гітлераўскага паслугача (які чамусьці служыў Гітлеру, ваюючы супраць таго ў войску саюзьнікаў), а таксама знойдзеш абы-як разадраны канвэрт зь лістом ад беларускага нацыяналіста зь Вільні, які не пасьпеў паслужыць гітлераўцам, трэба меркаваць, толькі з тае прычыны, што позна нарадзіўся. Ты зойдзеш у краму, і разьлезлая злая кабеціна параіць табе гаварыць «па-чалавечаску нармальным языком» і, пашкадаваўшы, растлумачыць, што «эта называіцца сахер». І хутка, вельмі хутка прыйдзе хвіліна, калі ніякае тваё пачуцьцё ня здолее зраўняцца сілаю з тваёй зайздрасьцю да Максіма, які ляжыць над морам, і ягоная душа зьлятае пад кіпарысы, верачы, што недзе ёсьць Беларусь і даруючы гэтую веру тым, хто мяняе ваду ў алюміневым імбрыку.
Прыкладна ў той самы час удзячныя нашчадкі, пакрываючы помнік белай татуіроўкаю, будуць пісаць на бронзавым менскім Максіме, што «чеснок полезен для здоровья» і даваць суайчыньнікам іншыя «полезные советы». А празь дзень да цябе зьявіцца нацыянальна заклапочанае дзяўчо з даўжэзным сьпісам подпісаў: не за тое, каб паставіць на ялцінскай магіле прыстойны помнік бяз зорачкі, а за тое, каб раскапаць паэтаву магілу і, хоць ён ніколі нас пра гэта не прасіў («І разрытаю магілай вее сумна на мяне...»), прывезьці Багдановічавы косткі ў Менск, дзе нашчадкі займеюць мажлівасьць пісаць «полезные советы» яшчэ й на надмагільлі.
Ты будзеш марудзіць, перачытваючы знаёмыя прозьвішчы, і дзяўчо пакрысе пачне пазіраць на цябе, як на ворага беларушчыны, і ты, слабы чалавек, ня вытрымаеш і паставіш свой подпіс. Візытантка з палёгкаю пацягне паперу на сябе, але ты не аддасі й дапішаш побач з подпісам: «Калі Беларусь будзе Беларусьсю».
Дзяўчо падзякуе й пойдзе, цешачыся ад усьведамленьня значнасьці свае місіі. Ёй будзе няўцям, што, калі Беларусь сапраўды стане Беларусьсю, ніхто й не надумае прыходзіць на паэтавыя магілы ня з кветкамі, а з рыдлёўкай.
Ліпень, 1991 г.
Гамсахурдзія - наш чалавек
На плоце наклеены нясьвежы нумар газэты «Правда». Друкаваны орган прыпыненай партыі абураецца, што мумію правадыра хочуць вынесьці з маўзалею й па-хрысьціянску аддаць зямлі побач з магілаю маці. Аргуманты па-бальшавіцку грунтоўныя: вось памруць, маўляў, Міхаіл Сяргеевіч з Раісай Максімаўнай, і заманецца некаму пахаваць іх на Стаўрапольшчыне, каля магілы маці былога генсека... Між тым, прэзыдэнт не вылазіць з тэлевізара, прэзыдэнціха ўчора паведамляла народу, што «передвижники внесли большой вклад в искусство», а прэзыдэнтава маці днямі яшчэ сядзела на лавачцы пры сваёй сьціплай стаўрапольскай хацінцы, казала тэлегледачам, што Міша быў актыўны камсамолец, і таксама паміраць нібыта не зьбіралася.