Выбрать главу

А можа, «Правда» нешта ведае?..

Карацей, думай, што хочаш.

Побач з газэцінаю матляецца аб'яўка: з 30-га маршрутная таксоўка ў аэрапорт хадзіць ня будзе ў сувязі з паломкаю. А сёньня толькі 25-га. Адкуль вядома, што акурат празь пяць дзён маршрутка паламаецца - загадка.

Але ўсё гэта драбяза.

Вось праблема, вартая інтэлігентнага мужчыны: дзе я знаходжуся?

Вакол кіпарысы, горы, жанчыны й гандлёвыя кропкі Абхаскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ўваходзіць у склад СССР. Але адначасова яна ўваходзіць і ў Рэспубліку Грузію, якая ў СССР не ўваходзіць.

Ёсьць толькі адзін спосаб дабраць тут нейкага сэнсу. Яго завуць Бора Гальперашвілі. Гэты абхаскі жыд, здаецца, ніколі ня быў ні акцябронкам, ні піянэрам, не вучыўся ні ў школе, ні ў ВНУ, а ад нараджэньня, пабліскваючы заплылымі тлушчам разумнымі вочкамі, стаяў за стойкаю аднаго з прыморскіх піцундзкіх бараў зь непрэтэнцыёзнаю назваю «Бар».

З Борам мы пазнаёміліся яшчэ на досьвітку перабудовы, калі аднойчы так заўзята падтрымлівалі дэмакратычныя працэсы, што потым давялося падтрымліваць нас. Тады, памятаецца, пляшка цынандалі каштавала ў «Бары» два рублі, а гарачы сакаўны хачапуры - сорак капеек.

Час не спрыяе чульлівасьці, і мы з Борам сустракаемся па-мужчынску стрымана. Паміж намі адбываецца першы дыялёг.

- Господин Боря, - кажу я, - изможденный организм жаждет бутылочку цинандали и один хачапури.

- А что, дорогой, - пытаецца «господин Боря», - Белоруссия тоже отделилась?

- А как же, - адказваю я, падазрона пазіраючы на загадзя адкаркаваную пляшку без налепкі, а потым на Бору.

Спакойна вытрымаўшы мой позірк, Бора цікавіцца:

- А какая у вас будет валюта?

- Драньки и майсюки, - не змаргнуўшы, адказваю я.

- Интересные названия, - з павагаю кажа Бора.

- Причем, в одном драньке будет 99 майсюков, - помсьліва дадаю я.

Бора настолькі ўражаны складанасьцю нашай грашовай сістэмы, што хавае адкаркаваную пляшку без апазнавальных знакаў і адкаркоўвае новую, з налепкай.

- А почему 99, а не 100?

- Потому, что один уже есть.

Гэта мая дробная помста за таямніцу Абхаскай ССР. Няхай ведае, што й мы ня ў рэшаце яешню смажым.

З пляшкаю залацістага цынандалі за восем рублёў, з хачапуры амаль бяз сыру й бяз масла, затое за траячку, і зь філіжанкаю з адбітым вушкам (шклянкі ў Абх.ССР ці ў незалежнай РГ ужо скончыліся) я йду да мора й выбіраю сабе абгладжанае хвалямі й выкінутае ўрэшце на бераг бервяно.

Шторм быў учора. Сёньня зялёныя хвалі ласкава ліжуць бераг. Раз-пораз пенлівы язык мора дастае да самага бервяна. Тады каменьчыкі ўспыхваюць і пераліваюцца рознымі колерамі, ды хутка зноў робяцца шаравата-аднатоннымі, і толькі рэдкі зь іх не губляе свае барвы.

Зьверху грэе сонца, зьсярэдзіны - цынандалі, зьнізу - утульнае цёплае бервяно. Магчыма, яго кінулі ў хвалі турэцкія працоўныя, каб дапамагчы працоўным незалежнае РГ (ці Абх. ССР) пераадолець энэргетычны крызыс, які змушае на ўсім гэтым абшары (незалежна ад уваходжаньня ці неўваходжаньня ў СССР) з 12-ці да 17-ці вырубаць электрычнасьць.

Але выпіць першую філіжанку за турэцкіх працоўных я не магу. Бо ў такім разе мне ніколі не даруе беларускі паэт, прозьвішча якога я беспардонна выкарыстаў у размове з Борам Гальперашвілі.

Першыя глыткі я п'ю за Лёню Дранько-Майсюка. Цяпер мяне грэе ня толькі сонца, бервяно й цынандалі, але і ўспамін пра Лёню. Гэта ён, Лёня, напісаў мне на сваёй апошняй кніжцы аўтограф:

Валодзя, дружа, жарты - жартамі, Ды трэба й гэткага чакаць, Што будзем хутка з парыжанкамі Па-беларуску размаўляць.

Я ня супраць. Праўда, парыжанак мне хочацца замяніць на філіжанкі. Тады атрымаецца больш сьціпла й бліжэй да жыцьця...

Палітыка на гэтай блаславёнай зямлі прысутнічае сёньня ва ўсім, нават у цынандалі.

Калі я п'ю за здароўе турэцкіх працоўных, імя Леаніда Васілевіча Дранько-Майсюка ў маёй сьвядомасьці ўжо цалкам выцесьненае іншым - Зьвіяд Канстанцінавіч Гамсахурдзія.

Калісьці ён змагаўся за правы чалавека, яго садзілі, ён нібыта каяўся, выходзіў на волю, зьбіраў дэманстрацыю й вёў яе да Мцхецкага храму. Насустрач Зьвіяду Канстанцінавічу выяжджаў Эдуард Амвросіевіч Шэварднадзэ, які, сеўшы ў крэсла першага сакратара грузінскага ЦК, перасаджаў, кажуць, 30 тысяч гэтак званых спэкулянтаў і ценевікоў, за правы якіх, называючы іх прадпрыймальнікамі, ваюе цяпер у «Движении демократических реформ».

А тады верны ленінец, брэжневец і андропавец Шэварднадзэ, раскрыліўшы рукі, ішоў насустрач дэманстрантам.