Але ў гэтай залаціста-празрыстай смузе па пляжы - быццам кагадзе сыйшоў з тэлеэкрану - сунецца ў белых штанах генэрал КГБ Алег Данілавіч Калугін. Ён без накладной барады й чорных акуляраў і відавочна не падобны да зацкаванага людзьмі Гамсахурдзіі агента (хай сабе й адстаўнога) варожай дзяржавы. Значыцца, я ўсё ж у Абх. ССР.
- Господин Калугин! - гукаю я, падымаючыся зь бервяна.
Ён ня ўздрыгвае й не палохаецца. Здаецца, яму нават прыемна, што яго пазналі. Генэрал стаміўся безь вядомасьці, ваюючы на таемных франтох барацьбы зь імпэрыялізмам.
- Г-н Калугин! Интервью для белорусской газеты «Наша Ніва»! Первый вопрос: Вы прибыли сюда в качестве агента Кремля?
Генэрал аблівае нахабу прафэсійным ліпуча-чэпкім позіркам і дастае з кішэні асадку «паркер». Мяне працінае: вось стрэліць зараз якой-небудзь атрутнай стралой...
- Так вы из Минска? - Ён хавае «паркер» у кішэню. - Что-то вы не очень похожи на белоруса.
Ніякіх дакумантаў у мяне з сабою няма, і замест іх я пачынаю чытаць генэралу верш Рыгора Іванавіча Барадуліна:
- Это намек? - пытаецца пільны спадар Калугін.
Я прапаную яму разбаўленага цынандалі ймя Боры Гальперашвілі. Генэрал адмаўляецца. Магчыма, прычына ў тым, што філіжанка ў мяне адна, а йсьці па другую да Боры неахвота.
Банальная ідэя наконт інтэрвію ўжо пакінула мяне.
Ну, пайшоў ён у ворганы адразу пасьля філфаку Ленінградзкага ўнівэрсытэту (ці не пастукваў, як быў студэнтам?). Ну, сядзеў на «дыпляматычна-журналісцкай» пасадзе ў ЗША, закупляючы рэдактараў эмігранцкіх выданьняў. Ну, выдаваў пад псэўдонімам «О.Кедров» свае кніжкі, дзе выкрываў акулаў капіталістычнага сьвету. Ну, ажаніўся зь Людмілай Віктараўнай (яна ўжо зьявілася на даляглядзе й занепакоена набліжаецца да нас у штанах колеру бэж). Ну, працуе яна, скончыўшы пэдынстытут, у Інстытуце ЗША й Канады. (Мы й так ведаем, што якраз у пэдынстытутах і рыхтуюць гэткіх спэцыялістаў.) Усё гэта неістотна.
Новую філіжанку я п'ю за генэрала Калугіна, найлепшага з усіх прадстаўнікоў ягонага ведамства, якіх я дагэтуль ведаў.
Ён не паказваў мне сваёй корачкі, не выклікаў мяне ў бюро прапускоў, не казаў пра «нагнетание националистических страстей в некоторых рассказах». Урэшце, нават апазнаў ня ён мяне, а я яго.
За вас, генэрал!
Людміла Віктараўна таксама адмаўляецца ад цынандалі, і яны аддаляюцца ўздоўж шампаністага прыбою. Іхні ўлюбёны адпачынак - дваццацікілямэтровая прыморская прагулянка.
За вас, Алег Данілавіч і Людміла Віктараўна!
Як кажуць у вас у Расеі, скатертью дорога!
Я гляджу на мора. Таямнічая рэч, якую несьлі хвалі, ужо блізка. Гэта абшарпанае драўлянае крэсла. Напэўна, яго таксама прыслалі турэцкія пралетары, прачытаўшы ў газэце, што ў нас крызыс з мэбляю. Я выцягваю аблупленае крэсла з вады й кладу яго на жвір сушыць.
У яго толькі тры нагі, але на ім можна сядзець, што я й раблю, дапіваючы за турэцкіх пралетараў апошнія глыткі. На ўсялякі выпадак я пералічваю грошы й гляджу на Бору. Крэсла, як быццам прадчуваючы хуткае расстаньне, ня хоча адпускаць мяне.
Паміж мною й Борам адбываецца трэці дыялёг.
- Кто этот человек? - ён ківае ў той бок, куды пайшоў генэрал.
- Это Калугин, - адказваю я. - Ну тот, генерал КГБ.
- ... и... КГБ... - кажа Бора.
За час, пакуль я гаварыў з генэралам і сушыў турэцкае крэсла, у «Бары» прычынілася падвышэньне коштаў на цынандалі й хачапуры, аднак мне як старому кліенту Бора адпускае яшчэ па старым кошце. Ягоны позірк раптам робіцца загадкавы й скіраваны некуды паўзьверх майго пляча.
Я адварочваюся ад стойкі й бачу побач са сваім крэслам нейкага чалавека.
- Эй! - вясёла крычыць ён. - Это твоя стула?
- Моя!
- Можно, я заберу?
- Нельзя!
- Спасибо! - крычыць незнаёмы грамадзянін Абх.ССР (ці незалежнай РГ), пасылае мне сарамяжлівы позірк і, прытуліўшы да грудзей турэцкае крэсла, шпаркай ступою кіруецца ў кіпарысавыя прысады.
На шчасьце, захапіць з сабою маё цёплае бервяно ён ня здолеў. Я прыхінаюся да яго, расьсьцілаю газэту «Вечерний Тбилиси», кладу побач з партрэтам Гамсахурдзіі свой трэці хачапуры, дзякую Бору й асабіста дарагому прэзыдэнту й пагружаюся ў залацістую смугу.
Перада мною мора, усьцяж якога шпацыруе генэрал Калугін. За мною горы, за якімі сядзіць генэрал Дудаеў. Галаваломнае пытаньне Абх.ССР і незалежнае РГ абрастае новымі варыяцыямі: Грузія ўваходзіць у Абхазію, СССР выходзіць з Грузіі, я выходжу з СССР, СССР выходзіць зь мяне...
Чамусьці ад усяго гэтага мяне наведвае востры прыступ самоты. Сьвет здаецца страшэнна няпэўным і крохкім. Ён гатовы абрынуцца на мяне й пахаваць пад сваімі руінамі. Шукаючы духоўнага апірышча, я гляджу на філіжанку з адбітым вушкам. Яшчэ імгненьне, і ад роспачы я загавару зь ёю па-беларуску, спраўдзіўшы адрэдагаванае абяцаньне Лёні Дранько-Майсюка.