Тым часам там, дзе трэба, выпісвалі камандзіроўкі менавіта ў Зэльву. І ўсё-ткі на кожнага, хто прыехаў хаваць Паэтку, прыпала, здаецца, ня больш, чым па двое падсуседзяў. Далібог, гэта былі неблагія суадносіны, і няхай выбачаюць тыя, каго я не ўзгадаю.
З Наваполацку прыехаў інжынэр Вінцэсь Мудроў, зь Менску - археолягі Ігар Чарняўскі й Валеры Шаблюк, а таксама дырэктар акадэмічнага Музэю старажытнабеларускае культуры Вольга Церашчатава з каляжанкамі. Вянок ад Саюза пісьменьнікаў Беларусі прывезьлі Вольга Іпатава й Адам Мальдзіс. З Горадні прыехала Данута Бічэль зь сябрамі, з Жлобіна - былы лягернік Мікола Канаш, якога мы зь Вінцэсем (даруйце нам, Мікола Імполевіч) прынялі ў цягніку за чалавека з канторы.
Сапраўдныя ж людзі ў цывільным прыбылі на машынах зь менскімі, гарадзенскімі й берасьцейскімі нумарамі. Яны няўтомна шпацыравалі па вуліцы, хадзілі пад вокнамі, згуртаваным натоўпам стаялі ў часе адпяваньня нябожчыцы ў царкве, перапісвалі зьвесткі аб прыежджых у зэльвенскім гатэльчыку. Ня ведаю, чаго ў падсуседзкіх позірках было болей: удзячнасьці да нас, «недобитых националистов», што неяк пацьвярджалі неабходнасьць іхняга йснаваньня і дапамагалі атрымліваць новыя званьні і ўзнагароды, гэтае ўдзячнасьці, або прыкрасьці, што «главная националистка» і тут нашкодзіла: памерла акурат так, каб у іх прапалі выхадныя.
Далікатнасьць падсуседзяў ня ведала межаў. Калі сын Ларысы Антонаўны, беластоцкі літаратар Юрка Геніюш прыцішана чытаў мне зь сябрамі на ганку свой верш «Чаму я чорны, мама?», двое ў цывільным падышлі да яго амаль усутыч і сталі за плячыма. Хацелі закруціць «выкормышу» рукі й кінуць у варанок? У аднаго зь іхніх калегаў, нястомнага фатографа з партрэтным аб'ектывам, Вольга Іпатава запыталася, які орган друку ён прадстаўляе, і той замест адказу шчоўкнуў і яе.
Цікава, як называлася ў іх тая апэрацыя? «Крыж»? Ці мо якая-небудзь «Незабудка»? Ці «Прусакі», як назваў бы яе я сам? Але як бы яна ні звалася, увесь плян ейным кіраўнікам выканаць не ўдалося: спробы ўгаварыць ці змусіць везьці труну й вялікі драўляны крыж на машыне былі марныя. Увесь няблізкі шлях да зэльвенскіх кладоў труну несьлі на руках. Сьледам ішла ўся Зэльва. Бел-чырвона-белых сьцягоў не было. Да іх мы тады яшчэ не дарасьлі.
Над сьвежаю магілай я прачытаў напісаны на сьмерць паэткі верш Сержука Сокалава, які яшчэ не пісаў песень і ня меў у прозьвішчы ваярскага прыдомку, але Воюшам ужо быў.
7 красавіка 1990 г.
Мы стаміліся
Как наш ЦК писал в письме открытом,
Мы одобряем линию его.
Мы стаміліся.
Мы стаміліся ад дасягнутых пад кіраўніцтвам партыі велічных посьпехаў у ажыцьцяўленьні велічных ідэяў.
Мы стаміліся ад нашых маштабных дасягненьняў у Харчовай праграме, пасьля якіх есьці робіцца ўсё меней і меней.
Мы стаміліся ад усенароднай барацьбы з п'янствам і алкагалізмам, у выніку якой на месцы вінаграднікаў пасадзілі бульбу й іншыя культуры, што там не растуць, айчынная самагонная тэхніка перасягнула ўзровень японскіх стандартаў, а алкаголікі, выпіўшы ўсе ласьёны, ужо чакаюць нас у лепшым сьвеце.
Мы стаміліся ад шырока разгорнутага сацыялістычнага спаборніцтва, калі ад несьвядомае каровы, якая не канспэктавала твораў клясыкаў, трэба атрымаць малака болей, чым яна можа даць, а ідэалягічна непадкаваная кура-нясушка канае, ня справіўшыся з падвышанымі сустрэчнымі абавязацельствамі.
Мы стаміліся бясконца перавыконваць народнагаспадарчы плян і думаць, што лепей было б, каб мы яго ніколі не перавыконвалі, а хоць адзін раз проста выканалі.
Мы стаміліся есьці прадукты, у якіх няма радыенуклідаў толькі датуль, пакуль у нас няма дазымэтраў.
Мы стаміліся ад удзячнасьці стваральнікам сацыяльнае праграмы «Жульлё» (прабачце, «Жыльлё») - 2000.
Мы стаміліся змагацца за правы гарлемскіх мурынаў, што маюць, як пісала нашая прэса, у сярэднім усяго па 5 квадратных мэтраў жылой плошчы на чалавека, у нас жа гэтых мэтраў у сярэднім крыху болей толькі за кошт тых, хто рэгулярна езьдзіць глядзець на гарапашных мурынаў і мабілізоўвае нас на барацьбу за іхнія правы.