Выбрать главу

Адных вершаў тут хопіць на самавіты зборнік - ад просьценькіх спробаў зарыфмаваць «Целеш» - «келіх» да выведзеных цьвёрдай рукою Караткевіча амаль клясычных радкоў:

З майстэрні мілай пана Вячкі Паўзьлі мы ледзь не на карачках. І дух наш ледзь трымаўся ў целе, Калі дамоў пусьціў нас Целеш.

Настальгію па былых часінах, калі спадар Лецка яшчэ не ўзначальваў беларусаў сьвету дый усе мы жылі лёгка й бесклапотна, абуджаюць радкі ахвярнага песьняра Целешавага Парнасу С.Панізьніка:

Хто ні быў у майстра Вячкі! І ліцьвінкі, і палячкі Заключалі творчы пакт. Вось вам ню, а вось вам акт... Свой хацеў пакінуць ген Лецка, той, які - Яўген...

О tеmроrа, о mоrеs!

Пакідаючы мяне нанач у майстэрні, гаспадар раіць не хадзіць на вечаровы шпацыр. Найлепей бавіць рэшту вечара тэт-а-тэт зь ягонай найбагацейшаю ў сьвеце калекцыяй беларускіх паштовых картак. (Выдавецтва «Беларусь» ня мае сродкаў на выданьне ягонай кнігі «Гарады Беларусі на старых паштоўках», і Вячка спадзяецца на фундатараў.) У тым разе, калі я засумую над карткамі, маю адзіноту можа разьвеяць чэрап на паліцы. Перахапіўшы мой позірк, гаспадар кажа, што некаторыя з начлежнікаў і нават (што ўжо зусім недаравальна) зь дзеячоў нацыянальнага адраджэньня прыкрывалі чэрап газэцінай, хоць ён, Вячка, і папярэджваў, што гэты знойдзены археолягамі чэрап насіла на сваіх плячох простая беларуская жанчына аднекуль з-пад Ваўкавыску.

Карацей кажучы, чым бадзяцца па сталічных вулках, лепей пасядзець з чэрапам беларускай жанчыны. Днямі каля манумэнту Свабоды абрабавалі самога амэрыканскага пасла, які, мабыць, вырашыў сустрэцца з латыскім народам.

Я, дзякаваць Богу, не пасол, шмат у мяне не нарабуеш, а таму я заходжу ў густа сьпісаны кірыліцаю ліфт і празь дзесяць хвілінаў у чаканьні магчымых экспрапрыяцыяў набліжаюся да статуі Свабоды. Мяне займае адзін істотны аспэкт нацыянальнага пытаньня. А менавіта: ці лягчэй разьвітвацца з грашыма, калі злодзеі гавораць з табой на тваёй мове?

Рабаўнікоў на прыцемных цэнтральных вуліцах з выключанай рэклямаю пакуль не відаць, як, зрэшты, амаль не відаць і верагодных ахвяраў. Мабыць, і адныя, і другія яшчэ сядзяць ва ўтульных рыскіх кавярнях. Пералічыўшы свае цэлыя рублісы, я вырашаю таксама неадкладна заняць месца за столікам. Мяне чакае жорсткае расчараваньне. Кавярняў процьма, але ўсе яны, за выключэньнем пары валютовых, ужо зачыненыя, хоць на гадзіньніку яшчэ бяз чвэрці восем. Напэўна, скончылася кава, а магчыма - наведнікі. Грэючы душу астатняй надзеяй, кіруюся ў знакамітыя «12 крэслаў» каля Домскага сабора. «12 крэслаў» на замку, перададзены вернікам сабор - таксама.

Улякнуўшы ў падваротні нейкую даму з сабачкам, я падымаюся ў знаёмым ліфце. Гэтым разам сьвятло запальваецца ў ім адно тады, калі я, зачыніўшы дзьверы, нейкім дзівам намацваю ў мораку патрэбную кнопку.

У майстэрні праблемаў са сьвятлом ня ўзьнікла, аднак зьявіліся іншыя: а дзевятай гадзіне вечара адначасова адключыліся вадаправод і ацяпленьне.

За вокнамі рэдка сьвяціўся гатэль «Латвія» й ляжала цёмная, як цешчына вёска, сталіца незалежнае Латвійскае Рэспублікі.

Я доўга пахаджаў па выстылым гарышчы, піў сам з сабою сьветлае грузінскае віно, ад якога рабілася яшчэ халадней, і гаманіў з жанчынаю з-пад Ваўкавыску.

Стоена й гаркава пахлі прывялыя бэзавыя хрызантэмы. Шкрэблася ў кутку адубелае мышанё. У цьмяным старадаўнім люстры клубіліся мае й чужыя ўспаміны.

Майстэрня напоўнілася гаманою, шэптамі, пацалункамі... Я крыху распрануўся і даў нырца пад тры коўдры, дзе ўжо даўно, скруціўшыся ў клубочак, соладка пасопвала на канапе мая азяблая душа.

З усіх рыскіх пеўняў найбліжэй да неба той, што атайбаваўся на саборы сьвятога Пятра. Падняўшыся на сотню мэтраў, я стаю пад ягоным крылом і гляджу ў бок мора. Зьнізу, з пляцу, плыве ў марозным паветры музыка: скрыпка, акардэон і басэтля. Такую мэлёдыю, толькі выдзьмутую з дуды-дудаса я чуў на вясковым беларуска-латыскім вясельлі паблізу Рыгі, дзе пазнаёміўся з Андрысам.

Андрыс адседзеў тры гады за тое, што павесіў над сельсаветам латыскі нацыянальны сьцяг. «Запомні, Володя, - казаў ён мне, - русские никогда не будут здесь хозяинами. Если бы ты был русский, я бы с тобой не сел выпить». Праз пару месяцаў Андрыс у штармавую ноч уцёк на маторцы на швэдзкую выспу Готлянд.

Спусьціўшыся з сабора, можна паслухаць музыкаў, пакласьці ім нешта ў капялюш і рушыць далей. А можна й не пакласьці.