Зусім ня так проста разьмінуцца з музыкамі, што ўладкаваліся ў вузкім аркавым праходзе па дарозе да сабора сьвятога Яна. На выхадзе скрыпач, не пакідаючы граць, заступае вам дарогу, у пяшчотным голасе скрыпкі праразаюцца сталёвыя ноткі эпохі незалежнасьці й эканамічнага абвалу, і рука сама сабою цягне з кішэні пяць рублісаў.
У электрычцы, што вязе мяне ў Юрмалу, да мора, я разгортваю сьвежы нумар газэты «Советская молодежь». Зрэшты, так газэта звалася раней. Цяпер гэтае заслужанае выданьне выходзіць пад таямнічай назваю «СМ - сегодня». Што такое СМ - здагадвайцеся самі. «Современная молодежь? Совковая? Суверенная? Счастливая?» А ня выключана, што і «М» - гэта зусім не «молодежь». «Макулатура? Макуха? Малина?..» Што б там ні было, два тузіны бутлікаў дэзадаранту для цела «Лунная ночь», што стаяць каля ліфту ў Вячкавым пад'езьдзе на Брывібас, выжлукціла відавочна СМ.
На першай старонцы эксклюзыўнае інтэрвію з намесьнікам камандзера рыскага ОМОНу. «Год пребывания в следственном изоляторе мало изменил его внешне, - з замілаваным дамскім прыдыханьнем паведамляе газэта, - разве что прибавили взрослости усы. В свои 32 года он по-прежнему любит покушать, но теперь вынужден еще глотать таблетки: развившийся здесь ситуационный невроз и заметно усилившийся логоневроз (заикание) - симптомы условий жизни, изменившихся не по его воле». Значыцца, жыў-быў сабе сьціплы расейскі хлопчык, «кушал», хадзіў у бібліятэку чытаць кніжкі і раптам - ні з пушчы, ні з поля - «изменились условия жизни».
Прафэсійна акцэнтаваны здымак: бамбіза ў профіль з кветачкай у руцэ, на заднім пляне - краты й ахоўнік. «Я просто хочу дать им шанс», - пачынае сваё інтэрвію гаротны хлопчык Сярожа. Дыяпазон шанцаў, што даюць хлопцы з такімі патыліцамі, настолькі вузкі, што чытаць далей нецікава.
Станцыя Прыедайнэ. Тут жыве мастак Валеры Дэвіскіба. «Дэ» пішацца разам, бо Валеры ніякі не віконт і ўвогуле не француз, а беларус, якога маці нарадзіла ў фашыстоўскім канцлягеры й які потым падаўся зь Беларусі шукаць шчасьця ў Эўропу - у Латвію. Праўда, Бацькаўшчына не адпускала, і Валеры то маляваў Скарыну, то ехаў з паходным мальбэртам на родную Гомельшчыну, дзе быў затрыманы міліцыяй у прыбіральні на аўтастанцыі, калі мыў запэцканыя фарбамі рукі: пільны наведнік прыбіральні паведаміў ворганам, што забойца змывае кроў.
Аднойчы Валеры стварыў мой партрэт. Гэта здарылася ў чарнобыльскім 1986-м годзе, калі я прыехаў на ўзмор'е ў пісьменьніцкі Дом творчасьці «Дубулты».
За сьценамі нашага флігелю шумела мора і - кантрапунктам - прыбярэжныя хваіны. У бары можна было ўбачыць нездаровы азызлы твар рэдактара «Литгазеты» і аднаго з фурманаў яшчэ нерастрэсенага возу СП СССР Аляксандра Чакоўскага зь нязьменнаю люлькаю ў зубох. Па беразе, дыхаючы марскім паветрам, ад відна да відна шнуравалі натоўпы адпачывальнікаў; сярод іх быў мой сусед па сталоўні маскоўскі нібыта літаратар, што паўсюль цягаў з сабою яшчэ рэдкі тады мініяцюрны Раnаsоnіс і колькі разоў напужаў сабратоў па пяру, пракруціўшы іхнія вольналюбівыя выказваньні наконт «Софьи Власьевны», як дзеля кансьпірацыі называлі савецкую ўладу некаторыя расейскія інтэлігенты. Уладар Раnаsоnіс'а пазнаёміўся з пагляднай гамяльчанкаю й канфідэнцыйна пацікавіўся ў мяне, ці перадаецца радыяцыя полавым шляхам. Я запэўніў калегу, што абавязкова перадаецца, прычым у небясьпечных дозах.
Стаяў халодны, з прымаразкамі, верасень, але ў нашых пакоях было так цёпла, што я спаў пад адной прасьцінай. Аднае начы я прачнуўся ад вусьцішнае халадэчы і, надзеўшы на сябе ўсё, што меў, да самае раніцы ляскаў зубамі. На пытаньне, чаму выключылі ацяпленьне, пакаёўка сказала, што ўначы Чакоўскі ад'ехаў у Маскву.
Найбольш пакутаваў ад холаду мой сусед зьлева, сівы кульгавы сын каўкаскіх вяршыняў. Ён распачаў з дырэктарам Дому творчасьці барацьбу за грамадзянскія правы шараговых пісьменьнікаў, сабраў подпісы, і праз тыдзень батарэі зноў нагрэліся. Шчасьлівы змагар у адзіноце адзначыў перамогу, выйшаў з нумару, і, забурыўшыся, са страшэнным грукатам скаціўся па стромкіх драўляных сходах на першы паверх.
Мой сусед зьлева ад холаду не пакутаваў. Ён быў сынам азэрбайджанскага міністра і, мяркуючы па гуках з-за сьцяны, заложна зьбіраў матэрыял для будучага сэкс-баевіка.
Адна пісьменьніца з гораду на Няве на грамадзкіх пачатках займалася тады маёй адукацыяй. Яна ведала Льва Гумілёва і выклікала зь ім разам нейкія трансцэндэнтныя сілы, пасьля чаго адчайныя экспэрымэнтатары нібыта апынуліся ў тэлефоннай будцы на другім канцы гораду.