Выбрать главу

Нядаўна Гумілёў апынуўся значна далей. Засталася ягоная тэорыя этнасаў, згодна зь якой паміж этнасамі йснуе невідочная сувязь, што выяўляецца або ў прыязнасьці або ў адкрытым адштурхоўваньні - нешта накшталт узаемадачыненьняў плюсавых і мінусавых часьцінак у сьвеце электрамагнітных хваляў. Паводле Гумілёва, на ўзроўні супэрэтнасаў ніякай натуральнай прыязнасьці аднаго да аднаго нарадзіцца ня можа. Напрыклад - паміж этнасамі заходне- і ўсходнеэўрапейскімі. Прыбалтыку ён адносіў да заходнеэўрапейскага, і яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму, калі яна была візытнаю карткай савецкай імпэрыі, а я разгружаў з турыстычным гуртком вагоны, пісаў, што Балтыя неадменна пойдзе на Захад, бо той лічыць яе хоць і задворкамі, але - сваімі.

З думкаю, да якога супэрэтнасу належаць беларусы і ад каго яны мусяць непазьбежна адштурхоўвацца, я выходжу ў Дубултах з электрычкі й заглыбляюся ў жоўта-зялёныя ад лістоты й колеру будынкаў юрмальскія вулачкі.

Зачыненыя кавярні з бруднымі вокнамі. П'яная расейская жанчына просіць пяць рублісаў на чыёсьці пахаваньне. У двух дзейных шапіках прадаюцца літаратурна-мастацкія творы з сэрыі «Жесткий секс для взрослого чтения» па 10 рублісаў за штуку. «Приключения молодой женщины» заважылі на ўсе 15. Магчыма, іх выдае сын азэрбайджанскага міністра.

Павыбіваныя й застаўленыя фанэраю вокны нацыяналізаванага пансіянату «Прибалтика». Дом творчасьці сёлета таксама вярнулі латыскаму народу, прычым кажуць, што ў працэсе вяртаньня былому дырэктару далі аўтаматным прыкладам па галаве.

Не сказаць, каб я надта шкадаваў адданага прыхільніка раманаў А. Чакоўскага, але йсьці да Дому творчасьці мне неахвота. Замест гэтага я паварочваю да мора.

Ад колішніх гаманлівых гурмаў савецкіх працоўных, што прыяжджалі прыгожа адпачыць і паправіць здароўе працэдурамі ды гарэлкаю «Кристалл» з рыскім бальзамам, цяпер засталося толькі некалькі самотных постацяў. Я вітаюся з морам, і ніхто не замінае нашай элегічнай размове.

З выкінутых хвалямі галінак хтосьці выклаў імя жанчыны, а можа - коткі ці птушкі - Люка. Я падымаю ўторкнутую ў кружок ад літары «ю» гронку арабіны. Ягады халодныя й гаркавыя, але іх хочацца зноў і зноў.

На станцыі Маяры ўдаецца знайсьці адчыненую кавярню. Яна сустракае мэлёдыяй «Yesterday» і пахам сапраўднае кавы. Гэтая ўтульнасьць, кава, узьбітыя вяршкі й булачкі з разынкамі здаюцца асколкамі іншага сьвету, і ў маёй грэшнай галаве варушыцца блюзьнерская антыдэмакратычная й агідная мне самому (але, зараза, варушыцца) думка: што ўсё ж лепей - быць параднай брамаю азіяцкай імпэрыі ці задворкамі эўрапейскай цывілізацыі?

Нешта падобнае відавочна рупіць і маім спадарожнікам па электрычцы. Адна пара гаворыць па-расейску, другая - па-латыску. «Вот и получили Латвию, свободную от всего», - кажа «русскоязычная» кабеціна й апавядае пра якуюсьці ці то кладаўшчыцу ці то таваразнаўцу Веру, што ня здала абавязковага іспыту па латыскай мове, бо ня ведала галоўных твораў тутэйшага мэтра жывапісу.

Пра што гамоняць латышы, я не разумею. Не разумею, апрача таго, што гаворка йдзе пра Дайніса Іванса, зь якім я маю гонар быць знаёмым з часоў латыска-беларускага змаганьня супраць праекту Даўгаўпілскай ГЭС.

Мы былі з Дайнісам у 1986-м на водным ральлі пратэсту па Дзьвіне; яно пачыналася на мяжы, у Друі, а таму ў менскіх касах ніякіх квітоў туды не было, хоць бесьперасадачныя вагоны «Менск-Друя» йшлі пустыя.

Я бачыў, як Дайніс ірваўся да мікрафону на канфэрэнцыі па абмеркаваньні праекту ГЭС, калі аўтар праекту масквіч тав. Тверытнеў зь вясёлаю ўсьмешкай даводзіў тубыльцам, што іхнія найбольш каштоўныя архітэктурныя помнікі ў зоне затапленьня вялікія белыя бацькі з Масквы абгародзяць бэтоннымі дамбамі і да іх можна будзе, калі заманецца, падплысьці на чоўне.

Найперш дзякуючы Дайнісу напалову рэалізаваны праект пахавалі. Дзясяткі тысяч людзей у Латвіі й Беларусі засталіся жыць у сваіх дамох, а тая барацьба сталася пачаткам руху, які нарадзіў прыгожае й разумнае дзіця - Народны фронт Латвіі.

Я памятаю, як Дайніс дыктаваў па тэлефоне свой артыкул у «Комсомольскую правду» і колькі разоў паўтараў той самы сказ - «Моя Родина больше не желает быть колонией» - бо на другім канцы проваду, відаць, упарта не хацелі разумець такога прыбалтыйскага акцэнту. Мы пілі гарбату ў ягонай цеснай і сырой кватэрцы на першым паверсе нейкай паваеннай развалюхі, дзе Дайніс туліўся з жонкаю Эльвірай і чатырма малымі дзецьмі. (Каб латышы ня вымерлі, кожная сям'я павінна мець як мага больш дзяцей.)

На Каляды 1988 году ён званіў мне ў Наваполацак, шчасьлівы, што ў Латвіі гэты дзень абвешчаны выхадным, і я падумаў, што там, у Рызе, у мяне зьявіўся сябра.