Наступны раз мы пілі гарбату ўжо ў штаб-кватэры НФ - у асабняку ў цэнтры старой Рыгі, над якім быў узьняты чырвона-бела-чырвоны латыскі сьцяг. Потым мы йшлі зь Івансам па вуліцы, і жанчыны ўсьміхаліся яму й махалі з вокнаў тралейбусаў.
Пасьля гэтага я доўга бачыў старшыню НФ, а затым першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Латвіі толькі па тэлевізары. Рыга, Масква, Брусэль, Жэнэва, Ню-Ёрк... Дазваніцца на новую Дайнісаву кватэру было не лягчэй, чым у ягоны кабінэт у парляманьце. Аднаго разу сакратарка не захацела разумець ніякіх тлумачэньняў і адказвала выключна па-латыску, нават тады, калі я, страшэнна напружыўшыся, здолеў ёй нешта растлумачыць па-ангельску. Напэўна, я нарваўся на Дзень латыскае мовы, калі дазваніцца да Вярхоўнага Савету можна было толькі латышам.
Паступова я скарыўся з тым, што калі твой сябра грунтоўна йдзе ў палітыку, ён пакідае быць тваім сябрам.
Астанкіна ўжо даўно не выпускае Дайніса на нашыя блакітныя экраны. Дайніс Іванс - у ганаровай ссылцы - не ў дыпляматычнай місіі, як некаторыя, а на чацьвертым паверсе Міністэрства культуры Латвіі, дзе месьціцца прадстаўніцтва ЮНЕСКО. Я ня ведаю службовага тэлефону, а хатні ўсе апошнія дні глуха маўчыць, і застаецца спадзявацца, што тыя, хто змусіў Іванса падаць у адстаўку, з кватэры яго ўсё ж ня выселілі.
Апошнія зьвесткі, якія я пра яго маю - з інтэрвію ў «Московских новостях». Былы старшыня НФ гаворыць пра «людзей з гумовымі пазваночнікамі», што прыйшлі на зьмену інтэлектуалам зь першае хвалі фронту і «атруцілі народ прымітыўнай ідэяй разьвязваньня любых праблемаў праз аднаўленьне колішняй дзяржавы ў абсалюце - грамадзянства, права ўласнасьці...»
Сёлета я зноў павіншую Дайніса з Калядамі.
Электрычка грукоча па рыскім Задзьвіньні. Недзе тут жыве на вуліцы Талсу перакладчык Талрыд Руліс - патомны курземец, падобны да невысокага Мэфістофэля. Ён пераклаў і выдаў па-латыску столькі беларускіх кніжак, што, прыгнуўшыся, можа схавацца за іхным стосам. Раманы Ул. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» выпусьціць ён ужо не пасьпеў, бо, як яму растлумачылі ў выдавецтвах, Латвіі гэткая літаратура ня трэба.
У студзені 1991-га Талрыд быў на барыкадах каля парляманту. Цяпер у кампаніі чатырох ці пяці котачак ён вядзе бітву за ўраджай на сваім летніку.
Цярусіць дождж, пад якім адбываецца мая разьвітальная праходка па бульвары Брывібас. Каля манумэнту Свабоды мокра й пустэльна. Сёньня ніхто не патрабуе тут, як колькі дзён таму, гнаць зь Вярхоўнага Савету ягонага старшыню Анатоля Гарбунова - за тое, што ягоны бацька беларус; турнуць прэм'ера Годманіса, у якога дзядуля быў жыдом; даць пад зад міністру замежных спраў Юркансу - за тое, што паводле пашпарту паляк; крыкнуць «Vіsо gеrо!» цяперашняму старшыні НФ Латвіі летувісу Ражукасу... Сёньня пікетчыкі нацыянал-радыкалаў маюць, як і астатнія грамадзяне, законны выхадны.
На пэроне мне на момант мроіцца, што цягнік «Рыга-Менск-Гомель» ходзіць ужо толькі ў адным кірунку. Я пераконваю сябе, што ўсё гэта - проста восень. Ляжа сьнег, загарыцца рэкляма, і Рыга зноў будзе ранейшая.
Праз гадзіну наш трансэўрапейскі экспрэс спыняецца на памежнай станцыі і, мне ставяць у пашпарт пячатку, што я пасьпяхова пакінуў сувэрэнную Латвійскую Рэспубліку.
Цяпер можна выцягнуцца да самага Менску на вагонным палку, каб прысьніць мора, загадкавую Люку з халоднай гронкаю рабіны, абрабаванага амэрыканскага пасла, Вячкаву майстэрню і майго аднаклясьніка Віцю Скрыпкіна, які быў вечным няўдачнікам, пакуль ня зьехаў летась у Піцер і не зрабіўся там мільянэрам...
І ўвесь час у сьне мяне ня будзе пакідаць трывожнае чаканьне: вось зараз зьлятуць са сьпічакоў рыскія пеўні і возьмуцца дружна дзяўбсьці мяне ў тое самае несамавітае месца ніжэй сьпіны, бо няма ўва мне ані кроплі латыскае крыві, а ёсьць адно беларуская, ды яшчэ й разбаўленая кропляю цыганскай...
Кастрычнік, 1992 г.
Няхай жывуць гановэрскія вароны!
Мне хочацца хоць трохі пабыць жанчынаю. Цікава, што яны адчуваюць - на вуліцы, у краме, у ложку... Цікава зірнуць зь сярэдзіны, як яны манэрнічаюць, як кахаюць і як здраджваюць. Часам я хачу пераўвасобіцца ў адну кучаравую шатэнку са злосным позіркам, але падазраю, што ўжо даўно не выклікаю ў яе аніякай станоўчай эмоцыі, а непрыхільнасьці да самога сябе мне не бракуе й без пераўвасабленьняў. Я не адмовіўся б пабыць пару дзён адной маёй знаёмай бляндынкаю, аднак прадчуваю, што потым замучае рэўнасьць да яе незьлічоных прыхільнікаў. Пазнавальна, хоць і таксама небясьпечна, было б глянуць на сьвет і вачыма жонкі...