Выбрать главу

У электрычцы з намі знаёміцца малады жаўнер бундэсвэру. Пачуўшы пра Менск і Сафію, ён кажа, што разьведка Варшаўскага дагавору працавала на міжнародных імпэрыялістаў. У іншым разе камуністычнае камандаваньне даведалася б, што ў бундэсвэры жаўнераў распускаюць на ўікенд па хатах і без праблемаў узьняло б у выхадныя дні чырвоны сьцяг над Гановэрам дый рэшткаю Эўропы.

Пад перастук вагонных колаў мне згадваецца, як некалі, у часы, калі наша неабсяжная краіна будавала БАМ і жыла пад лёзунгам «Нечерноземье - ударный фронт!», такой самай парою я ехаў на начлег са сталіцы ў падмаскоўны гарадок. Поруч важылі носам табаку двое сяброў і былых аднакурсьнікаў. Адзін, летувіс, быў тады асьпірантам МДУ й натхнёна пісаў дысэртацыю аб прапагандзе летувіскімі камуністамі перавагаў сацыялізму ў гады буржуазнага рэжыму. Другі, беларус, вучыўся ў Вышэйшай камсамольскай школе, заслужыў гонар быць у групе скандаваньня на чарговым гістарычным зьезьдзе КПСС і са шкадобаю апавядаў пра юную швэдку, якая прыехала ў іхнюю вышэйшую школу ўдасканальваць свае левыя погляды, ды аказалася настолькі леваю, што хадзіла на заняткі ў празрыстай сукенцы бяз станіку й згодна з пастановаю парткаму завяршыла навучаньне значна раней тэрміну.

Першы мой спадарожнік пазьней выкладаў у Вільні ў Вышэйшай партыйнай школе, потым быў беспрацоўным, потым узяўся выкладаць нешта супрацьлеглае зьместу й патасу сваёй дысэртацыі ў паліцэйскай акадэміі, а пасьля заняўся бізнэсам і аднойчы напрамілы Бог прасіў мяне перадаць на менскім вакзале нейкаму чалавеку нейкую сумачку. Другі папутнік, што ў студэнцкія гады захапляўся подзьвігамі Ігната Грынявіцкага й Івана Пуліхава й казаў, нібыта рыхтуецца «замачыць» Леаніда Ільліча, паехаў пасьля камсамолскай аlma mаtеr выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Афганістан, спаў у гатэльным нумары не на ложку, а ў абкладзенай мяхамі зь пяском ваньне, а аднаго дня сеў у гэрацкім аэрапорце ў тамтэйшую таксоўку й нікуды не прыехаў...

Сацыялістычныя ідэалы былі калісьці не чужыя й Ролянду Бальцэру, пагатоў ягоным бацькам належала ў Цэле колькі рэстарацыяў. Ролянд зь сябрамі нават стварыў камуну. (Сустрэўшыся празь пятнаццаць гадоў, яны - бізнэсмэны, банкіры, проста заможныя людзі - ўволю нацешыліся ўспамінамі.) Як рэха таго даўняга часу я ўспрыняў дэмакратычнае Роляндава рашэньне: самому ўлегчыся спаць, калі мы пасьля вячэры падняліся на другі паверх, на падлозе, а мяне ўладкаваць на ложку. Калі Ролянд прыедзе да мяне ў Менск, я таксама лягу на падлозе. Праўда, у нас ня будзе на другім паверсе мэзаніну з усімі выгодамі, ня будзе тэрасы з выхадам у сад і могуць надацца перабоі з вадой і баварскім півам, а таксама з салямі, ківі й яшчэ некаторымі дзяжурнымі прадуктамі.

На гановэрскіх вуліцах і вулачках, акрамя немцаў, жывуць туркі, мурыны й жоўтатварыя дзеці паўднёва-ўсходняй Азіі. У мэтро, трамваі або электрычцы побач з вамі абавязкова апынецца хтосьці са скураю іншага колеру. На цьвінтары катэдральнага сабору, відаць, з блаславеньня Алаху, жабруе маладая турчанка або чачэнка са спавітым дзіцем. У пастаўленым каля ног плястыкавым вядзерцы ад жавальных гумак пуста - мо таму, што дзіця ў жабрачкі нейкае занадта ціхмянае: ні голасу зь пялюшак не падае, ні носу не вытыркае. Усё гэта прыводзіць на памяць айчынных сьляпых, што калісьці сядалі ў электрычку на станцыі Койданава, старанна й балюча топчучы відушчым пасажырам ногі, сноўдаліся па вагонах і цягнулі гугнявымі галасамі «Враги сожгли родную хату», а выбраўшыся ў Стоўбцах на пэрон, на вачох у дабрадзеяў упэўнена лічылі нажабраваныя грошы і, беспамылкова абмінаючы гразкія калюжыны, імпэтнай хадою кіраваліся ў прывакзальную піўніцу.

Некалі ў Гановэры жыў досыць вядомы дадаіст Курт Швітэрс. У ягоны гонар у цэнтры гораду паставілі скульптуру: вялікія, узгрувашчаныя адзін на адзін кантэйнэры з сабраным на вуліцах і спрасаваным сьмецьцем і жалезным ламаччам. Надпіс паведамляе, у які дзень якога году быў напоўнены сваім зьмесьцівам кожны кантэйнэр. Маўляў, сьпі спакойна, дарагі Курт, твой эстэтычны клопат жыве.

Ня ведаю, ці можна аднесьці да дадаізму вершык, што выплывае каля гэтага манумэнту з маіх дзіцячых успамінаў:

Пришла весна. Цвели дрова. Верблюд из Африки Приехал на галошах.

На ўсьцеху Мірэле ў гановэрскіх крамах багаты выбар маціцовых гузікаў. Такія гузікі - ейная жарсьць. Мірэла выкладвае па некалькі марак за штуку й нецярпліва чакае хвіліны, калі можна будзе выкінуць у сьметніцу няшчасныя гузікі, народжаныя на сьвет без удзелу малюскаў. Адным словам - паэтка.