Наступнае пытаньне: ці адчуваеце вы, што немцы да вас халодныя й абыякавыя? Мірэла спраўляецца з адказам хутка. У мяне так не атрымліваецца. Я кажу пра нашу балцкую кроў і пра тое, што балцкія лейкацыты й эрытрацыты нясуць па жылах беларусаў балцкую стрыманасьць. Я кажу, што люблю, каб мяне не чапалі, каб ня лезьлі ў душу й не прапаноўвалі дзюбнуць за вуглом «пузыр» на траіх, закусіўшы плаўленымі сыркамі. Я кажу, што не хачу, каб мяне, ухвальна паляпваючы па плячы, называлі «простым парнем». Я не хачу быць гаваркім і не хачу выслухоўваць споведзі незнаёмых людзей. Я выказваю здагадку, што, напэўна, гэтыя рысы ўласьцівыя сярод беларусаў ня толькі мне.
Пакуль Мірэла перакладае, я ўспамінаю старую показку, як Васіль Іванавіч вяртаецца з Парыжу. «Што новага, Васіль Іванавіч, прывезьлі з Парыжу?» - пытаецца Пецька. «Ня ведаю, Пецька, яшчэ да доктара не хадзіў», - адказвае легендарны камдыў. Калі б я ведаў нямецкую мову або калі б не шкадаваў Мірэлы, я распавёў бы зараз яшчэ й гэтую показку і, інтрыгуючы публіку, паведаміў бы, што таксама заразіўся. Вытрымаўшы неабходную для належнага эфэкту пярэрву, я супакоіў бы чытачоў і асабліва чытачак, удакладніўшы, што ў Гановэры я заразіўся зусім не AIDS, а - нямецкім спакоем.
Эўропа робіцца бліжэйшаю. Вось і Бэрлін ужо ня мэта падарожжа, а ўсяго толькі прыпынак на зваротным шляху. Але гэта - ня спляжанае бальшавікамі старадаўняе мястэчка, празь якое я еду зь Менску ў свой Полацак, у лепшым разе выходзячы на стаянцы да ветру. Немцам падабаецца, калі Бэрлін называюць новай сталіцай Эўропы. (На мове М. Шаляговіча сталіца, калі не памыляюся, будзе «чолотвэрдзь».) Мне цікава, што зьмянілася ў сталіцы за год, пакуль я не бадзяўся па Кюрфюрстэндам і Аляксандар-пляц, і я выходжу зь цягніка. Балазе, у Бэрліне, а дакладней, у яго былым заходнім сэктары жыве мая знаёмая - спадарыня Ядзьвіга зь беларускага шляхецкага роду Рымашэўскіх, якая, трапіўшы ў Нямеччыну пяцьдзесят гадоў таму й дасканала авалодаўшы моваю, сумысьля захавала сабе беларускі акцэнт. Дзіва, што яна сустракае мяне, калі не як роднага сына, дык, прынамсі, як роднага пляменьніка.
Калі вы глядзелі фільм «Генэралы пяшчаных кар'ераў», дык мусіце памятаць кульгавага хлопчыка, што на колькі дзён трапляе ў багаты дом. У адрозьненьне ад хлопчыка, я пакуль што не кульгавы, не распавядаю сьлязьлівых гісторыяў пра таткаву сьмерць і ня маю сувязяў у крымінальным сьвеце. Усё астатняе вельмі падобнае да фільму.
У доме спадарыні Ядзьвігі, апрача яе з мужам Хельмутам, жывуць трынаццаць катоў на чале з заснавальніцай гэтай кашэчай дынастыі Паўлінай, якая сыта вуркоча ўжо цэлую чвэртку стагодзьдзя. Каты, якім я прывёз прывітаньне ад іхняй самотнай менскай супляменьніцы Басоты, падзяляюцца на «сацыялістычных», што кватаруюць на цокальным паверсе, і «капіталістычных», якія па-гаспадарску пачуваюцца наверсе. Падзел чацьвераногіх гаспадароў паводле сацыяльна-эканамічных фармацыяў чыста ўмоўны, бо розьніца ва ўзроўні іх жыцьця ў літаральным сэньсе палягае ў прасторы. Проста «сацыялісты» схільныя да самоты й ня любяць чужых людзей. За колькі тыдняў да майго прыезду менавіта «сацыялістычны» паверх гэтай Мурлындыі, узьняўшы страшэнны вэрхал, папярэдзіў гаспадароў, што ў дом залезьлі злодзеі.
Колькасьці катоў у доме прыкладна адпавядае колькасьць гадзіньнікаў. Усе яны з боем, прычым ідуць з разьбежкаю, і раней за дванаццаць ночы спаць нязвыкламу чалавеку тут лепей ня класьціся, бо апоўначы ў пакоях пачынаецца праўдзівы канцэрт.
У адведзеным мне пакоі, які разы ў тры большы за ўсю маю менскую двухпакаёўку, стаіць на століку фатаграфія немаладога афіцэра ў эсэсаўскай форме са стамлёнымі разумнымі вачыма. Гэта ня бацька гера Хельмута. Гэта першы муж спадарыні Ядзьвігі Фрыц. Іхняе каханьне пачалося ў 1941-м у Калодзішчах, пад Менскам, дзе стаяла Фрыцава вайсковая частка. За сувязь са славянкаю, а мабыць, і за іншыя грахі, накшталт лібэралізму з палоннымі, Фрыца перавялі ў Нямеччыну, але туды вывезьлі й Ядзю Рымашэўскую, і яны не маглі зноў не сустрэцца.
Фрыц напісаў на імя фюрэра рапарт з просьбаю дазволіць шлюб. Дазвол быў атрыманы з умоваю неадкладнай адстаўкі, што азначала застацца бяз сродкаў і жыць пад каўпаком спэцслужбаў. Ішоў 1944-ты. На шлюбным фота спадарыня Ядзьвіга ў чорнай сукенцы.
Фрыца няма ўжо болей за трыццаць гадоў. Перад ягонаю фоткаю кожны дзень стаяць кветкі. Побач з кветкамі ляжыць Фрыцава люлька (мая гаспадыня пяшчотна называе яе піпачкай). Дваццаць гадоў пасьля мужавай сьмерці спадарыня Ядзьвіга, гледзячы на «піпачку», чула выразны пах дыму, і яе душа заходзілася ад адчуваньня блізкай прысутнасьці каханага.