Гісторыя другога замуства дачкі беларускага шляхціца Адама Рымашэўскага таксама вартая калі не раману, дык аповесьці. Назаўтра пасьля хаўтураў фраў Шміт прыйшла на клады, выпіла пляшачку гарэлкі, абняла сьвежую магілу й прачнулася ўначы паміж надмагільных помнікаў. Удава прыходзіла на клады штодня - то сама, то з сынам. Аднойчы да яе ў дзьверы хтосьці пазваніў. На парозе стаяў малады чалавек з букетам. Яго звалі Хельмут. Адрас ён даведаўся на могілках ад вартаўніка. Прырода любіць раўнавагу. Фрыц быў гадоў на дваццаць старэйшы за жонку, Хельмут - амаль на столькі ж маладзейшы, аднак на фотаздымку зь іхняга вясельнага падарожжа абняўшыся стаяць аднагодкі. Пра здымкі апошніх гадоў можна, далібог, сказаць тое самае. На маё паведамленьне, што фраў Хедзьвіг Ноак - равесьніца «Великого Октября», Мірэла зь Сільвіяй толькі недаверна пераглянуліся й смыканулі плячыма.
Увечары, за кухлем піва, я слухаю ўспаміны спадарыні Ядзьвігі й разглядваю альбомы - вось дом у Калодзішчах, дзе яны з Фрыцам сустрэліся, вось касьцёл сьвятога Роха са зьбітым сьпічаком (фота рабіў у 1941-м Фрыц). Мы абмяркоўваем нядаўнюю тэлеперадачу пра сэксуальныя пэрвэрсіі, дзяўчынак-філіпінак зь нелегальных прытонаў і шлюбы лесьбіянак. Мая гаспадыня рашуча супраць такіх навацыяў, а я, бадай, не адмовіўся б на колькі дзён пераўвасобіцца ў сямейную лесьбіянку, каб дасьледаваць у такой ячэйцы грамадзтва, напрыклад, праблему адзюльтэру. Пытаньне выглядае даволі неадназначна: як, скажам, ацэньваць сытуацыю, калі нехта зь лесьбійскай сям'і трапіць у абдымкі да мужчыны?
Мы глядзім «відзікі» пра разбурэньне Бэрлінскае сьцяны й пра першыя гады акупацыйнага рэжыму саюзьнікаў. Я даведваюся, як сардэчна ставіліся савецкія салдаты да нямецкіх дзяцей і як яны без разбору гвалтавалі нямецкіх жанчын, дзяўчат і дзяўчынак, перасягнуўшы ў гэткіх подзьвігах і нямецка-фашыстоўскіх і татара-мангольскіх захопнікаў. (Адзінаццацігадовую сястру майго бэрлінскага знаёмца ўратавала адно тое, што на голаў п'яному салдату, які цягнуў дзяўчо ў ложак, ягоны яшчэ больш п'яны сябрук скінуў з другога паверху кватэры грамафон.)
Ураньні, зьеўшы на дэсэрт трускавак або вішняў з саду, што глядзіцца ў вокны маіх гаспадароў, я выпраўляюся швэндацца па Бэрліне, ловячы сябе на думцы, што ўжо ведаю яго, прынамсі, значна лепей за Маскву. У голаў, вядома, лезуць згадкі, аналёгіі й алюзіі.
Белакаменную я пераведваў разы чатыры. Кожны быў напоўнены мноствам незабыўных хвалюючых уражаньняў, але асабліва ўразаўся ў памяць нейкай адной адметнаю падзеяй.
Першы раз, едучы ў казахстанскі будатрад кватэр'ерамі, мы залілі на ўскраіне Краснай плошчы дзьве дзесяцілітровыя поліэтыленавыя каністры півам і на падыходзе да маўзалею былі затрыманыя нарадам міліцыі, што палічыў нас за падпальшчыкаў. Другі раз я знаходзіўся ў «чолотвэрдзі» транзытам, начаваў на вакзальнай лаўцы і быў разбуджаны сярод ночы разьятранай прыбіральшчыцай, што хвостка выцяла мяне па заспанай пысе мокрым брудным венікам, які пакінуў у барадзе жменю сланечнікавай лузгі. Яшчэ адзін раз некалькіх маладых беларускіх літаратараў прывезьлі на паседжаньне савету па беларускай літаратуры Саюзу пісьменьнікаў СССР, і на пачатку імпрэзы вядомы савецкі крытык Павел Ульяшоў бадзёрым тонам спавясьціў нас, што ўчора праглядаў нашыя кніжкі й зразумеў, што беларуская мова сапраўды йснуе.
Але тое ў Маскве.
У Бэрліне ж былая мяжа ўсходняга й заходняга сэктараў адчуваецца ня меней, чым летась. У заходнім на кветніках абавязкова растуць кветкі, ва ўсходнім, не раўнуючы, як дзе-небудзь у нашым Леплі, можа раскашавацца й лебяда. «Неўміручае і ўсемагутнае (потому что верное)» вучэньне здолела так пераўтварыць сьвет, што нават жоўтыя гарлачыкі ў заходнебэрлінскай сажалцы выдаюць відочна жаўцейшымі.
Водбліз станцыі падземкі на Фрыдрыхштрасэ наш былы суайчыньнік па Савецкім Саюзе тужліва пілуе на акардэоне «На позицию девушка провожала бойца». На недалёкіх могілках зь белага пастамэнту пад белай акацыяй зьдзіўлена ўслухоўваецца ў экзатычную мэлёдыю галава Генрыха Мана.
Тамсама, на Фрыдрыхштрасэ, ёсьць плот зь дзіркаю. Праціснуўшыся празь яе, апынаесься на пустцы, дзе стаіць дом, які, магчыма, спадабаўся б Мірэле, бо над ім учынілі вівісэкцыю: адна сьцяна будынку абрынутая, і вачом адкрываюцца ўсе куродымныя тайніцы ягонага чэрава. Каля дому расьце «дрэва» - стаўбур з бляшаных вадасьцёкавых трубаў і галіны з галінкамі з размаітых скарлючаных трубак і дроту. Краявід пусткі, што ажыўляе ў памяці вясёленькую «постатамную» навэлу Рэя Брэдбэры «Будзе ласкавы дождж», выдатна дапаўняе высозная «кветка» зь бітага шкла й іржавага жалезьзя. Гэтай расьліне пасуе кампанія зацягнутых у чорную скуру хлопцаў з голенымі галовамі, якая смокча ў засені шкляных пялёсткаў бляшанкавае піва. Мусіць, я ўсё-ткі ня надта падобны да турка, аднак, мяркуючы па позірках хлапцоў, мне хочуць прапанаваць зусім ня піва.