Мне здаецца, цяпер, калі бронзавы Ільліч дзень пры дні набывае ўсё больш сваіх сапраўдных, чалавечых якасьцяў, Пэтэрс згадвае той выпадак не без пачуцьця ніякаватасьці. Згадзіцеся, далікатна кажучы, няёмка падмацоўваць сваю думку цытаткамі чалавека, які (у адрозьненьне ад ягонага таленавітага пасьлядоўніка - крамлёўскага горца), ня тоячыся, пакідаў шматлікія пісьмовыя сьведчаньні сваёй жорсткасьці, заклікаючы расстрэльваць заложнікаў, прастытутак, сьвятароў, «кулакоў», «буржуяў», спэкулянтаў і іншых ворагаў.
Паводле маіх назіраньняў, людзі з розумам і жывым сумленьнем у нас, у Беларусі, Уладзіміра Ільліча ўжо год як не цытуюць. Дакладней, цытуюць, але ўжо як бы наадварот - разьвітваючыся са сваёй аблудаю й засьцерагаючы ад яе іншых. Адну з такіх малавядомых пакуль што цытатак з напісанай тав. Троцкім ленінскай біяграфіі хачу прапанаваць увазе верных ленінцаў: «Это диктатура? Это манная кашка! - любіў паўтараць Ільліч. - Русский человек - слишком добр. - Он не в состоянии принять решительные меры революционного террора. Тем не менее, необходимо попробовать...»
«Напробовались» усмак.
Леніну пашанцавала памерці адносна рана. Калі хочаце - своечасова. У тым сэнсе, што праз колькі гадоў яго маглі выкінуць з краіны, як ягонага біёграфа тав. Троцкага, або зрабіць - разам з Бухарыным, Каменевым, Зіноўевым і іншымі правадырамі рэвалюцыі - удзельнікам гучных «адкрытых» працэсаў. Гадоў праз 50 яго б рэабілітавалі, а праз колькі месяцаў, як і ў выпадку зь іншымі бальшавіцкімі верхаводамі, мы б задумаліся: навошта й дзеля чаго, калі за зьдзейсьненае імі іх ніколі не рэабілітуе сама Гісторыя?
Але Ленін памёр у час, і таму, замест таго, каб выдзіраць з кніг ягоныя партрэты, па ўсёй краіне яму панастаўлялі помнікаў.
Зрэшты, больш верагодным мне ўяўляецца іншае разьвіцьцё падзеяў. Іосіф Вісарыёнавіч мог адправіць настаўніка на той сьвет ціха, бяз шуму й пылу, бяз гучных працэсаў, выдзіраньня партрэтаў, паленьня кніг і іншых бальшавіцкіх штучак. Сталін цудоўна разумеў, што быць заснавальнікам небясьпечна. Значна выгадней, схаваўшыся за помнік правадыру, абсалютна шчыра абвясьціць сябе спадкаемцам і прадаўжальнікам.
Дарэчы, пра помнікі.
З год таму я прысьніў фантасмагарычны сон. Па маім родным Наваполацку езьдзіў, зносячы помнікі Ўладзіміру Ільлічу, звычайны савецкі бульдозэр. Дзеці падбягалі да бульдазэрыста, казалі яму адрас чарговага помніка, дзядзька спаважна запісваў яго ў свой нататнік і ехаў рабіць сваю справу далей.
Сёньня, калі шчыльныя шэрагі помнікаў правадыру працоўных пад гучныя воплескі гэтых самых працоўных ужо істотна парадзелі, фантасмагарычным у маім сьне засталося адно тое, што дзея адбывалася ў Наваполацку, дзе - рэч амаль неверагодная! - ніякіх помнікаў Ільлічу ніколі не было. Не было нават вуліцы Леніна. Праўда, дзядуля дзейнічаў, так бы мовіць, і «пры наяўнасьці адсутнасьці». Калі тутэйшыя «нацыяналісты» спрабавалі пераназваць наваполацкія вуліцы з дэбільнымі назвамі тыпу Юбілейная, Алімпійская або Камсамольская, бацькі горада ня проста адмахваліся, як ад дакучлівых мух (ня лезьце, маўляў, зь нейкімі там Скарынамі й Каліноўскімі), але са значэньнем падымалі ўгару палец і, палохаючы саміх сябе, прыхлопвалі гнілых інтэлігентаў апошнім аргумантам: «В городе еще нет улицы имени Ленина!» Цяпер ужо можна з усёй пэўнасьцю дадаць: і ніколі ня будзе. Ні вуліцы, ні помніка.
Вялікі пралетарскі пісьменьнік М. Горкі, ня верыць якому няма аніякіх падставаў, у лістападзе 1917 году пісаў пра Ільліча: «он обладает отсутствием морали и чисто барским, безжалостным отношением к жизни народных масс» (М. Горький. Несвоевременные мысли. - Париж, 1917. С. 113). Не, зусім не памыляўся мудры Анры Барбюс, сказаўшы ў разгар сталінскага генацыду, што СТАЛІН - ГЭТА ЛЕНІН СЁНЬНЯ.
19 траўня 1922 году Ільліч загадаў рыцару рэвалюцыі Дзяржынскаму падрыхтаваць высылку за мяжу красы расейскае інтэлігенцыі. Дзеля гэтага правадыр раіў рыцару «собрать систематические сведения о политическом стаже, работе и литературной деятельности профессоров и писателей». А вось і гатовыя ворагі: «питерский журнал «Экономист»... по-моему, явный центр белогвардейцев. В № 3 напечатан на обложке список сотрудников. Все это явные контрреволюционеры, пособники Антанты, организация ее слуг и шпионов и растлителей учащейся молодежи» (у зб.: Ленин и ВЧК. Масква, 1975. С.566-567). Як вам ленінскія парады? А тэрміналёгія? Ці не нагадвае нешта вельмі знаёмае з 30-х гадоў?
Чую голас апанэнта: ну вось, пакланяліся Леніну, вырываючы зь ягонай бясцэннай спадчыны адныя цытаты, а цяпер той самай мэтодаю выкрываем яго. На гэта я адкажу: геніяльныя ідэі Ільліча, якія доўгія гады паўтараліся як малітвы-заклёны, так і не ўвасобіліся ў «светлое будущее». А вось ленінскія ўказаньні й запаветы, ад якіх робіцца вусьцішна, вельмі хутка рабіліся страшнай рэальнасьцю: расстрэламі, высылкамі, тэрорам.