Між іншым, цытаваны вышэй ліст напісаны «самым чалавечным чалавекам» за колькі дзён да першага кровазьліцьця ў мозак. Можна толькі здагадвацца, якія б яшчэ запаветы выйшлі з-пад пяра Ільліча, калі б не хвароба.
Дык хто ж усё-ткі быў стваральнікам савецкай таемнай паліцыі? Хто быў пачынальнікам тэрору, які закрэсьліў дзясяткі мільёнаў чалавечых жыцьцяў? Ленін ці Сталін?
Нялішне паразважаць над гэтым пытаньнем, калі вы бачыце, як афіцыйныя асобы ўскладаюць кветкі да велічных помнікаў. Нялішне падумаць пра гэта, праходзячы па Ленінскім праспэкце й незьлічоных вуліцах імя Леніна. Нам, беларусам, дарэчы будзе ўзгадаць на гэтых вуліцах і ля гэтых помнікаў, як Ленін і кіраўніцтва ягонае партыі спачатку аддалі Беларусь немцам у Берасьці ў 1918-м, а потым, не спытаўшыся ў нашага народу, не пусьціўшы ягоных прадстаўнікоў на перамовы, па жывым распалавінілі ейнае спакутаванае цела Рыскай дамоваю ў 1921-м.
Ці думалі вы пра гэта ў самай ганебнай савецкай чарзе? Не, я не пра чаргу па міску нішчымнае лягернае баланды. І не пра чаргу на кватэру. І не пра чаргу на выезд за мяжу. І не пра чаргу па віно, мыла, цыгарэты... Я - пра чаргу да генія, што разам з паплечнікамі штурхануў краіну на шлях, які давёў да бясконцага стаяньня ў гэтых чэргах. Пра чаргу ў Маўзалей.
Ну, а як наконт вашых дзяцей - «юных ленінцаў» і «акцябрат» (слова настолькі чужое беларускай мове, што ягонае зьнікненьне пройдзе зусім незаўважна). Як наконт дэвізу, які яны мусяць ледзь не штодня паўтараць на лінейках і зборах? Да якой «борьбы» яны павінны быць гатовыя? За якое «дело»? Якой партыі? Ды той самай, дзякуючы якой мы зрабіліся абязмоўленымі жабракамі са зьнявечанымі мазгамі. (Кажуць, недзе ў Францыі прызналі Ўладзіміра Ільліча найвыдатнейшым мысьляром XX стагодзьдзя. Пажылі б тыя французы хоць з тыдзень у краіне, што ледзьве не пабудавала ў 1980 годзе камунізм).
А як ставіцеся вы да таго, што вашыя дзеці носяць значкі з выяваю чалавека, з блаславеньня якога (пасьля згаданага напачатку сакрэтнага ліста да Палітбюро) толькі ў 1922 годзе расстралялі, паводле няпоўных зьвестак, 8100 «представителей реакционного духовенства и буржуазии», у тым ліку 3447 манашак і паслушніц (Протопресв. М. Польский. Новые мученики российские. - Джорданвиль, 1949-1957. Т. 1. С. 214). Ці ня больш лягічна было б, каб «юныя ленінцы» наладзілі збор гэтых значкоў для сваіх старэйшых таварышаў з КПСС? Няхай бы насілі, дэманстравалі вернасьць ідэалам. Відаць было б, хто ёсьць хто. Спрыяла б «конструктивному диалогу». Не баяцца ж насіць свае значкі сябры й прыхільнікі БНФ.
А ці добра пачуваюцца ў сьвятле новых штрыхоў да партрэту Ільліча студэны й выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ІМЯ У.І.ЛЕНІНА?
Крый Божа, каб нехта падумаў, што я заклікаю нішчыць помнікі й выкрэсьліваць імя Ільліча з нашае памяці. Я зусім не прыхільнік барбарскіх бальшавіцкіх мэтадаў. Далібог, можна вынайсьці нешта больш цывілізаванае й дасьціпнае. Чаму б, скажам, ня зьвезьці помнікі Ільлічу да абкамаў і ЦК КПБ? Больш утульна пачуваліся б і гаспадары гэтых будынкаў (пад вокнамі ўвесь час дзейнічаў бы своеасаблівы бронзавы мітынг у падтрымку іхняе лініі) і самі леніны - бачачы чорныя «волгі» ды іншыя сьведчаньні таго, што хтосьці ўсё-такі пабудаваў сабе сьветлую будучыню.
Што датычыць імя правадыра, дык, замест вуліц, яго можна было б даваць цэкоўскім калідорам або лецішчам верных ленінцаў. Хіба кепска гучыць: «Дача товарища Соколова имени товарища Ленина»?
Існуе думка, што Леніна чакае свой XX зьезд.
Але хто яго будзе праводзіць?
Сталін хаваўся за помнікі Леніну. Помнікі Сталіну былі ўжо ненадзейнаю абаронаю й хутка пайшлі на пераплаўку. За каго ж схаваюцца верныя ленінцы, калі не застанецца бронзавага Ільліча? За «валюнтарыста» Хрушчова? За абчаплянага ардэнамі з галавы да пятаў Ільліча № 2? За гэбіста тав. Андропава? За тав. Чарненку, за якога ня здолелі схавацца (памятаеце ТАССаўскае фота?) нават тыя, хто перастаўляў генсеку ногі, калі той прыйшоў на выбарчы ўчастак галасаваць за самога сябе?
Каб захаваць заснаваную Леніным таталітарную антыгуманную сыстэму, «ум, честь и совесть эпохи» можа схавацца сёньня толькі за яго самога. З-за помнікаў геніяльнаму правадыру працоўных цікуюць тыя, хто не зьбіраецца разьвітвацца з вучэньнем, якое прывяло іх да свайго асабістага камунізму. Прывяло за кошт беднасьці, абяздоленасьці й зьнішчэньня іншых.