Наступніцы «Блакітнага ліхтара», «Мілавіцы», пашанцавала болей. Машынапісны альманах, выдаваны ў сярэдзіне 70-х гадоў купкаю студэнтаў гістарычнага факультэту БДУ, у бяздонныя сутарэньні ўсемагутнага ведамства ня трапіў. Зрэшты, фатакопіі кожнага зь пяці нумароў у адпаведных тэчках бясспрэчна ляжаць: трапіўшы ў рукі факультэтаўскіх камсамольскіх актывістаў, «Мілавіца» зьнікала падазрона надоўга - ведаю не па чутках, бо меў гонар належаць да яе выдаўцоў.
На маім пісьмовым стале трэці нумар альманаху, які адкрываецца вершам Ігара Чарняўскага «На сьмерць Бэма» (па матывах жалобнай рапсодыі Чэслава Немэна на вершы Цыпрыяна Норвіда).
Гэта радкі з баляды Генадзя Кулажанкі, які не вярнуўся з Афганістану. А вось страфа зь верша «Супраціўленьне матэрыялаў» Юрася Бандаровіча:
Мне хочацца працягваць цытаваньне - і вершаў Эдварда Зайкоўскага, і міні-эсэ пра піваізм (ад слова «піва»), і, далібог, сьмешнага аддзелу сатыры й гумару, і «псыхалягічна-фізыялягічнай» драмы «Гліст-нігіліст»...
Дык ці справядлівая «пашыраная думка», калі, прынамсі два самвыдавецкія літаратурныя альманахі, два правобразы цяперашніх «Літаратуры», «Ксэраксу Беларускага» ды іншых сёньняшніх і будучых падобных выданьняў, мы ў тую ціхую Варфаламееўскую ноч 70-х гадоў усё ж мелі?
Беларуская літаратурная эміграцыя.
У выдавецтве «Мастацкая літаратура» я быў рэдактарам анталёгіі заакіянскай паэзіі. Памятаю, у адным інтэрвію празьмерна захоплена казаў, што гэта - сапраўдная паэтычная Атлянтыда, якая ўсплывае з прадоньня забыцьця, - са сваімі горнымі вяршынямі й пласкагор'ямі, зь вялікімі талентамі й сьціплымі сумленнымі працаўнікамі.
Але ж, апрача паэзіі, у беларускай эмігранцкай літаратуры йснуе й багатая проза, у прыватнасьці, мэмуарная. Нават пасьля «Архіпэлягу Гулагу» моцна ўражвае выдадзеная ў ЗША кніга Аўгена Калубовіча «На крыжовай дарозе». Чаго вартыя хоць бы старонкі, што апавядаюць, як у разгар рэпрэсіяў увязьненыя беларускія інтэлігенты ствараюць у камэры менскае турмы новую «сталінскую» канстытуцыю рэспублікі.
«Дзяржава мае назоў БССР: Будуйце Самі Сваё Рабства. Ганаровае права мець грамадзянства БССР належыць дзьвюм катэгорыям ейных жыхароў: тым, хто ўжо арыштаваны, і тым, хто будзе арыштаваны. Дзяржава ўрачыста гарантуе: права на працу - у вынайдзеных Леніным і Сталіным для росквіту сацыялістычнага грамадзтва канцэнтрацыйных лягерох; права на адпачынак - у спэцыяльна абсталяваных дамох адпачынку, якія капіталістычная прапаганда называе турмамі; права на сьмерць - ад кулі ў патыліцу...»
Літаратурны мэтар нашае гадоўлі цалкам паважна кажа з «блакітнага экрану», што мы ўжо памахалі ручкаю «жизни во лжи». Значыцца, ужо ня хлусіць нам «Правда»? Значыцца, ня хлусіць ЦТ, аддадзенае на кармленьне Л. Краўчанку, аднагалосна выключанаму днямі са свайго творчага саюзу калегамі па маскоўскай журналісцкай арганізацыі?
Значыцца, можна без уздрыгу ўспомніць студзень, падзеі ў Летуве. Там гінулі ад куляў бяззбройныя людзі, а на экранах сьпявалі аголеныя прыгажуні ды йшло нізкапробнае, замяшанае на самых прымітыўных страсьцях «Аляксандар-шоў».
Памятаю, уключыў тэлевізар у надзеі злавіць няўлоўную ў тыя дні праграму ТСН і ўбачыў мардаваротаў у чорных камбінэзонах, якія, зьмятаючы ўсё на сваім шляху, несьліся па лесьвічных пралётах. Першая думка: штурм летувіскага парляманту! І раптам на экран выплыў месяцападобны, зь вясёлаю ўхмылкаю твар куміра ахвіцэрскіх жонак Сашы Масьлякова. Аказваецца, гэта толькі шоў, прысьвечанае сьмелым і мужным хлопцам - «нашым».
Польскі афарыст Станіслаў Ежы Лец раіў: «Памыляйцеся калектыўна!» Вяртацца да праўды таксама больш надзейна й бясьпечна гуртам.
Улаўраны сацрэаліст паведаміў нам, што мы ўжо апынуліся ў «жизни без лжи».
Так і жывем.
Ура!
Красавік, 1991 г.
Сьцягі над горадам
Гераічны абразок часоў незалежнасьці
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:
ПАЭТ І БАРД Сяржук Сокалаў-Воюш;
СТАРШЫНЯ ПОЛАЦКАЕ РАДЫ БНФ Анатоль Кулік, асуджаны за бел-чырвона-белы сьцяг у гады перабудовы;
СЯБРА ПАЭТА І БАРДА дый усіх астатніх Базыль Храмцоў, асуджаны за тое самае ў тыя самыя гады;