Але раптам яна занепакоiлася, нават злякнулася i глыбока паглядзела мне ў вочы:
- Вы верыце, што яна не падробная?
- Веру.
- А чаму?
Я збянтэжыўся. Прызнанне, што гэты аскепак куплены ў вандроўнага гандляра, загубiла б мяне. Што гаварыць? Шалёная думка мiльганула ў галаве; цiхiм таямнiчым голасам я пачаў:- Я ўкраў яе дзеля вас.
Дзяўчына акiнула мяне зачараваным i замiлаваным позiркам. "Як? Вы ўкралi? А дзе?" - "У катэдры. Я абакраў раку адзiнаццацi тысяч нявiннiц".
Сэрца ў яе задрыжала, яна ледзь не страцiла прытомнасць ад радасцi i шапнула:
- О! Вы зрабiлi гэта... дзеля мяне. Раскажыце... раскажыце мне ўсё.
Што было рабiць, я сам сябе загнаў у пастку. Тады я прыдумаў неверагодную цiкавую гiсторыю. Я даў вартаўнiку сто франкаў, каб аднаму аглядзець царкву, раку рамантавалi, але я трапiў якраз у пярэрву, таму рабочых i прычта не было, я прыпадняў века, якое пасля гэтак жа акуратна зачынiў, i выхапiў маленькую (о! маленькую-маленькую) костачку з гары мошчаў (тут я назваў нейкую лiчбу, уявiўшы, колькi атрымаецца касцей ад шкiлетаў адзiнаццацi тысяч нявiннiц). Пасля схадзiў да злотнiка i купiў аправу, вартую такой рэлiквii.
Я не пасаромеўся сказаць, што медальен каштаваў мне пяцьсот франкаў.
Але на гэта яна i ўвагi не звярнула, яна трапятлiва, у экстазе слухала мяне. Яна прашаптала: "Я вас кахаю" - i ўпала мне на рукi.
Заўваж: дзеля яе я пайшоў на блюзнерства. Я ўкраў, учынiў гвалт над царквою, парушыў раку, збэсцiў i ўкраў святыя мошчы. За гэта яна кахала мяне, лiчыла ласкавым, дасканалым, боскiм. У гэтым - жанчына, дарагi абат, сутнасць жанчыны.
Два месяцы я быў сама мiлы сярод усiх жанiхоў на свеце. Яна наладзiла ў сваiм пакоi нешта накшталт раскошнай каплiчкi i берагла ў ёй гэтую костачку, праз якую, верыла яна, я здзейснiў сваё дзiўнае любоўнае злачынства. Ранiцай i перад сном яна кленчыла перад ёю.
Я папрасiў яе берагчы тайну, бо баяўся, гаварыў я, што мяне арыштуюць, пакараюць, аддадуць у Нямеччыну. Яна стрымала слова.
I от, на пачатку лета, ёй заманулася ўбачыць месца майго подзвiгу. Яна так настойлiва малiла свайго бацьку (тоячы патаемную мэту), што ён звазiў яе ў Кёльн i нi слова мне пра гэтую вандроўку не сказаў, бо так прасiла дачка.
Не трэба казаць, што царкву ўсярэдзiне я не бачыў. Я не ведаю, дзе пахаванне (цi ёсць яно ўвогуле?) адзiнаццацi тысяч нявiннiц. Падобна на тое, што да яго не падступiцца. Што ж!
Праз тыдзень я атрымаў цыдулку на дзесяць радкоў, якая вяртала маё слова, крыху пасля - тлумачальны лiст ад бацькi з запозненымi спачуваннямi.
Убачыўшы раку, яна адразу зразумела мой падман i штукарства, а таксама маю сапраўдную бязвiннасць. Калi яна спыталася ў вартаўнiка, цi не ўчынiў тут хто якога крадзяжу, ён засмяяўся i ўтлумачыў, што гэта немагчыма.
I з таго часу, калi мая мiлая, светлавалосая нявеста даведалася, што я не кратаў святынi i не корпаўся паганай рукой у пашаноўных рэштках, я стаў няварты яе кахання.
Мне забаранiлi бываць у яе дома. Дарэмна я прасiў i малiў, нiшто не кранула сэрца прыгожай багамольнiцы.
Я захварэў ад тугi.
I вось на тым тыднi ваша сваячка панi д'Арвiль запрасiла мяне ў госцi.
Вось што трэба зрабiць, каб мне даравалi. Я мушу прывезцi сапраўдныя, аўтэнтычныя мошчы нявiннiцы альбо якога-небудзь пакутнiка, завераныя пячаткаю Папы.
Я вар'яцею ў адчаi i журбе.
Калi трэба, я паеду ў Рым. Але я не магу раптам заявiцца да Папы i расказаць сваю бязглуздую гiсторыю. Дый мне нешта не верыцца, каб там розным прыватным асобам раздавалi сапраўдныя мошчы.
Цi не мог бы ты даць мне рэкамендацыю да якога-небудзь кардынала цi хоць бы да нейкага французскага бiскупа, хто мае рэшткi святых? Можа, у тваiх зборах знойдзецца якая каштоўная i патрэбная мне рэч?
Ратуй мяне, дарагi абаце, я клянуся, што гадоў праз дзесяць паверу ў Бога.
Панi д'Арвiль лiчыць, што справа сур'ёзная, i яна сказала мне: "Бядачка Жыльберта нiколi не пойдзе замуж".
Мiлы сябра, няўжо ты дапусцiш, каб твая пляменнiца памерла ахвярай няўдалага круцельства? Малю цябе: зрабi, каб яна не стала адзiнаццаць тысяч першай нявiннiцай.
Даруй, хоць я не варты таго, але абдымаю i шчыра люблю.
Твой даўнi сябар,
Анры Фанталь".