Выбрать главу

Тады рашуча ўзнімаецца Папсуева, адсоўвае ўбок Міралюбава і з усяе сілы шчыпае Вяршылу за руку. Вяршыла нечакана рагоча дзікім, вар’яцкім смехам.

Вяршыла (раптоўна абарваўшы смех). Адключыць усе тэлефоны! Абрэзаць усе правады! Пакуль мы не закончым абмеркаванне! Нас няма! Мы памерлі! Усе да аднаго! (Паўза.) Мікалай Ягоравіч, у вас усё гатова для эксперымента?

Мурашка. Апарат гатоў. Можна пачынаць.

Міралюбаў. Я прапаную зрабіць перапынак. У мяне валідол у стале застаўся…

Вяршыла. Добра… Аб’яўляю перапынак на пятнаццаць мінут!

Зацямненне

Частка другая

Той жа кабінет міністра ўзгадненняў. Нюра, тэлефаністкі, абступіўшы мудрамер, разглядаюць яго, мацаюць рукамі, шэптам размаўляюць між сабой. Убачыўшы, што ідзе Мурашка, разбягаюцца і займаюць свае месцы.

Уваходзяць Папсуева, Вяршыла і Міралюбаў. Садзяцца.

Вяршыла. Можна пачынаць, Мікалай Ягоравіч?

Мурашка. Можна, Віктар Паўлавіч…

Вяршыла. Ну, хто першы? (Паўза.) Добраахвотнікі ёсць?

Папсуева (здзіўлена). Вы хочаце пачаць з нас?

Вяршыла. А з каго? Паколькі ўсе нашы супрацоўнікі некуды зніклі, пакажам прыклад мы… Сядайце, Тамара Цімафееўна!

Папсуева. Я?! Гэта вы мне?

Вяршыла. Вам, вам, Тамара Цімафееўна! Вы — мой першы намеснік. Таму з вас і пачнём. Тым больш што вы самі прапанавалі не купляць ката ў мяшку.

Папсуева. Вы сумняваецеся ў маёй прафесійнай кампетэнтнасці? У маіх здольнасцях?

Вяршыла. Іменна таму, што я не сумняваюся ні ў вашых здольнасцях, ні ў вашай кампетэнцыі, Тамара Цімафееўна, з вас і пачнём. Вы так бліскуча даказалі сваю эрудыцыю. Столькі аргументаў прывялі ў абарону сваёй пазіцыі… Вы для ўсіх нас будзеце… як вы сказалі? Лакмусавай паперкай! У лепшым сэнсе слова.

Папсуева. Але ж і Ягор Фёдаравіч…

Вяршыла. Ягор Фёдаравіч! Адны эмоцыі! Сваімі аргументамі вы загналі яго ў вугал. Прабачце, Ягор Фёдаравіч. Але я хачу быць аб’ектыўным.

Міралюбаў. Згодзен з вамі, Віктар Паўлавіч. Уся мая аргументацыя не варта пазногця на мезенчыку Тамары Цімафееўны!

Папсуева. У рэшце рэшт, я — жанчына! Можа, вы загадаеце і распрануцца перад вамі?

Вяршыла. Мікалай Ягоравіч, распранацца для кантролю не трэба?

Мурашка. Не. Апарат ловіць біятокі праз адзенне.

Вяршыла. Чуеце, Тамара Цімафееўна? Распранацца не трэба.

Папсуева. Я блізарукая. Я не бачу адсюль ні шкалы, ні стрэлкі. А мне хацелася б самой…

Міралюбаў. Я пастаўлю крэсла перад самай шкалой.

Мурашка (збянтэжана). Прашу прабачэння… Я не папярэдзіў… Апарат мае гукавую сігналізацыю…

Вяршыла. Якую сігналізацыю?

Мурашка. Музычную.

Вяршыла. Растлумачце.

Мурашка. Усё вельмі проста… На пэўным участку шкалы гучыць пэўная музыка. Адначасова з лічбамі-паказчыкамі яна абазначае ўзровень інтэлекту.

Вяршыла. Цікава! Які ў вас рэпертуар?

Мурашка. Класічны… З маленства люблю класіку. Чыстую, сапраўдную. Не ў сучаснай аранжыроўцы.

Вяршыла. Гэта вы здорава прыдумалі! Значыць, я, седзячы за гэтым сталом, магу пачуць… Хто ёсць хто?

Мурашка. Іменна так.

Вяршыла. Што ў вас азначае літара «Н»?

Мурашка. Норма. Гома нармаліс…

Вяршыла. І што будзе іграць гэтая літара?

Мурашка. Танец маленькіх лебедзяў з балета Пятра Ільіча Чайкоўскага «Лебядзінае возера».

Вяршыла. У вас нядрэнны густ. Ну, а калі дойдзе да літары «Д»?.. Ну, калі трапіцца чалавек… з адсутнасцю некаторай часткі мудрасці?

Мурашка. Міхал Клеафас Агінскі. Паланез «Развітанне з радзімай»…

Вяршыла. Ну, навошта ж вы, Мікалай Ягоравіч, такую цудоўную музыку аддалі літары «Д»?

Мурашка (канфузліва). Бачыце, Віктар Паўлавіч… Я ў кожны музычны сігнал заклаў падтэкст…

Вяршыла. Ну, які ж падтэкст можа быць у літары «Д»?

Мурашка. Падтэкст развітання…

Вяршыла. Развітання з радзімай?

Мурашка. Не… Развітанне з пасадай, са сваёй ранейшай працай… З пэўнымі матэрыяльнымі дабротамі. Такое развітанне крышку сумнаватае…