Вяршыла. Для чаго існуе ваш уласны міністр?
Крутая. Для накачкі. А справу можаце вырашыць толькі вы. За вамі апошняе слова.
Вяршыла. Лёгка жывецца вашаму міністру! Як у Хрыста за пазухай. Пакажыце ваш асартымент…
Крутая кладзе перад ім паперы і пачынае ўважліва аглядаць крэсла, у якім сядзіць. Усе напружана назіраюць за ёй. Толькі Вяршыла чытае паперы і робіць адзнакі алоўкам.
Навошта вам столькі трусоў? На дзесяць гадоў наперад? То вы кажаце, што вам мужчын не хапае, а то вы трусы плануеце аж на тры арміі!
Крутая. Нашы даследаванні паказалі, што яны хутка зношваюцца ад сучасных крэслаў. Штаны тыя нічога, вытрымліваюць. А вось трусы, паколькі яны з бавоўны, выходзяць са строю датэрмінова.
Вяршыла. Вы ж ведаеце, што бавоўны не хапае! Рабіце з сінтэтыкі!
Крутая. Спрабавалі. Мужчыны ў адзін голас запратэставалі. Сказалі, што адчуваюць сябе як у панцыры. І іскры ўначы сыплюцца… Вельмі ўжо кволы ваш брат пайшоў. Раней палатняныя насілі і не скардзіліся. А цяпер, бачыце, падавай вам чыстую бавоўну!
Вяршыла (узнімаючы галаву ад папер). Ну, ведаеце… Гэта ўжо самае сапраўднае марнатраўства!
Крутая. Што вы маеце на ўвазе?
Вяршыла (далікатна паказвае на свае грудзі). Гэтыя самыя… прыстасаванні. Тры мільёны! Яны ж будуць ляжаць мёртвым грузам на базах! А зменіцца мода… Іх жа потым на цюбецейкі ці кепкі не перайначыш!
Крутая. Вы ведаеце, колькі ў нас жанчын?
Вяршыла. Ну, не на кожнай жа назе яны іх носяць?
Крутая. Яны іх носяць… Калі б вы іх там насілі, Віктар Паўлавіч, вы б без роздуму падпісалі на дзесяць мільёнаў! Каб з дзесяці адзін выбраць!
Вяршыла. Значыць, бераце не якасцю, а колькасцю? Асуджаная практыка!
Крутая. Ну, а што ж рабіць, Віктар Паўлавіч? Закупіце нам французскае абсталяванне, французскія матэрыялы…
Гучыць танец маленькіх лебедзяў.
Што гэта ў вас? Музычная паўза? Аэробіка?
Вяршыла. Не… Гэта нашы тэхнікі апаратуру правяраюць. (Паўза. Вяршыла думае, вагаецца.) Добра, Ніна Іванаўна… Я вам стаўлю не тры мільёны, а пяць. Дзесяць — гэта вы ўжо занадта! Пяці мільёнаў на першы раз хопіць?
Крутая. Ну, Віктар Паўлавіч! Не чакала! Шчыра прызнаюся… Думала, што і за тры мільёны давядзецца з вамі ўзагрудкі!.. А вы такі царскі падарунак нам паднеслі!
Вяршыла. Ну, павінен жа я быць рыцарам? Жанчыны — мая слабасць… Ёсць яшчэ пытанні, Ніна Іванаўна?
Крутая. Ёсць. Трэба зацвердзіць некалькі новых мадэляў на летні сезон. Мы хочам выпускаць іх з літарай «Н» і атэставаць на Знак якасці.
Вяршыла. Дзе вашы мадэлі?
Крутая. Тут. (Падышоўшы да дзвярэй, кліча.) Сорак пяць — дзевяноста!
Уваходзіць першая асістэнтка, брунетка. Прафесійным крокам ходзіць перад сталом, робіць прафесійныя позы манекеншчыцы.
Мадэль сорак пяць — дзевяноста. Мастак-мадэльер Марына Стрыжова. Касцюм рэкамендуецца для загарадных прагулак. Звярніце ўвагу… Сучасны модны сілуэт, сучасныя тканіны… Але гэта не проста касцюм, а касцюм-загадка…
Вяршыла. Загадка?
Крутая. Дапусцім, жанчына не паспявае вярнуцца з загараднай прагулкі або дачы дадому, каб пераапрануцца. А вечарам яна павінна быць у тэатры. Мы прадугледзелі і такі варыянт. Прагулачны касцюм становіцца вячэрнім…
Асістэнтка робіць некалькі рухаў, і чорныя штруксы ператвараюцца ў вельветавую спадніцу-максі.
Вяршыла (з захапленнем). Геніяльна! Гэта якраз тое, што трэба сучаснай жанчыне! Зацвярджаю. Давайце вашу наступную мадэль!
Крутая (падышоўшы да дзвярэй). Сорак сем — дванаццаць!
Уваходзіць другая асістэнтка, шатэнка.
Мадэль сорак сем — дванаццаць. Мастак Ігар Прымакоў. Ансамбль для дома, на кожны дзень. Многія лічаць, што дома жанчына можа хадзіць у любым адзенні. Гэта вялікая і трагічная памылка! Жанчына павінна быць прыгожай і прывабнай заўсёды і ўсюды. І ў першую чаргу дома, перад мужам. Трываласць сямейных адносін залежыць ад хатняга адзення жанчыны… Хацелася б, Віктар Паўлавіч, звярнуць вашу ўвагу на такую характэрную дэталь, якая падкрэслівае поўную роўнасць сучаснай жанчыны з мужчынам, яе незалежнасць і самастойнасць. Усё тое, што дала ёй эмансіпацыя. Наш касцюм прадугледжвае элегантны рабочы пояс жанчыны.
Шатэнка імгненна вымае з сумкі пояс і зашпільвае яго на сабе.