Выбрать главу

Гэты пояс-патранташ трывала замацоўвае на жаночай таліі маленькі тапорык для рубкі мяса і сячэння дроў, нажоўку па дрэве і метале, малаток, пласкагубцы і кусачкі, два напільнікі, брусок і рашпіль, набор ножыкаў і нажніцы… Звычайныя і для бляхі. Праўда, прыгожа? І галоўнае — зручна, у любы момант усё пад рукой. Ніводнага лішняга руху!

Вяршыла (з захапленнем). Паслухайце!.. Гэта ж не мадэль! Гэта ж цудоўнае вынаходніцтва! На яго трэба адразу ж браць аўтарскае пасведчанне і запатэнтаваць! Абавязкова скажыце мне, калі выкінеце ў продаж. Гэта ж найлепшы падарунак на Восьмага сакавіка! Ды і на Новы год таксама!.. (Да асістэнткі.) Вы можаце ісці. Я віншую вас!

Шатэнка выходзіць.

Крутая (кліча). Пяцьдзесят — дзевяноста дзевяць!

Уваходзіць… Венера Мілоская ў вельмі смелым купальніку. Вяршыла нават прыўзняўся і абамлеў ад захаплення.

Мадэль пяцьдзесят — дзевяноста дзевяць… Мастак Уладзімір Юрын. Пляжны касцюм. Прашу звярнуць увагу на такую дэталь… Максімум адкрытага цела для сонца і паветра. Падабаецца?

Вяршыла, не адрываючы вачэй ад мадэлі, бездапаможна разводзіць рукамі.

Юрын — наш лепшы мастак. Спецыялізуецца на пляжных касцюмах.

Вяршыла. Гэта адчуваецца… (Да бландзінкі.) Падыдзіце бліжэй… Вось сюды… Сядайце ў гэтае крэсла… Расслабляйцеся… (Не тоячыся, любуецца прыгажосцю мадэлі).

Асістэнтка сядае ў крэсла і прымае позу зачаравання. Вяршыла зусім размяк. І тут нечакана загучаў паланез Агінскага «Развітанне з радзімай». Твар Вяршылы адразу закамянеў, набыў варожы выгляд.

Крутая. Ну як, Віктар Паўлавіч? Зацвярджаеце?

Вяршыла (не адразу). Апошнюю?.. Не…

Крутая. Што вы, Віктар Паўлавіч! Такі цудоўны ансамбль! Нарасхват пойдзе! Мы яго будзем прапаноўваць на Знак якасці!.. Падпісвайце!

Вяршыла. А на ім хопіць месца, каб паставіць Знак якасці?

Крутая (да асістэнткі). Ты можаш ісці, Галя…

Асістэнтка выходзіць яўна пакрыўджаная. Але выходзіць усё ж прафесійна-грацыёзна, як і трэба Венеры Мілоскай.

Я вас сёння не пазнаю, Віктар Паўлавіч! У чым справа? Вам жа спачатку спадабалася мадэль! Я ж па вачах вашых бачыла!

Вяршыла. Разумееце, Ніна Іванаўна… У кожным прадмеце павінна быць адзінства формы і зместу… Кожны касцюм… Як вам лепей сказаць?.. Павінен падкрэсліваць розум, інтэлект чалавека, яго сутнасць…

Крутая. Пры чым тут розум, Віктар Паўлавіч? Гэта ж пляжны касцюм! Навошта на пляжы інтэлект? Пляж — не інстытут кібернетыкі!

Вяршыла. Ніна Іванаўна… Я зацвердзіў усе вашы пазіцыі! А іх сто трыццаць сем. Гэтую пазіцыю я зацвердзіць не магу.

Крутая. Ну, павінны ж быць нейкія аргументы!.. Чаму?

Вяршыла. Гэты, з вашага дазволу, касцюм… Падман. Ён заводзіць чалавека ў ілюзорны, міражны свет. Ён адбірае ў чалавека інтэлект!

Крутая. Госпадзі! Даўся вам гэты інтэлект!.. На дэманстрацыі мод гэты касцюм спадабаўся ўсім!

Вяршыла. Ха! Касцюм!.. Фігавыя лісткі! Трыліснікі… Мы з вамі, Ніна Іванаўна, павінны думаць аб маральнасці і нявіннасці тых, хто будзе насіць такія… касцюмы! І хто будзе на іх глядзець!.. Я лічыў вас, Ніна Іванаўна, больш сур’ёзным кіраўніком…

Крутая. А я, Віктар Паўлавіч, ніколі не думала, што вы такі… пурытанін! Не давяраеце нашым лепшым майстрам! Яны атрымліваюць спецыяльныя прызы ў Лондане і Парыжы!

Вяршыла. Гэта вам не Лондан і не Парыж, Ніна Іванаўна!

Крутая. Бачу! Хто вы такі, што бераце на сябе смеласць выносіць прысуд рэчам, у якіх вы… Якія вы не зусім разумееце?

Вяршыла. Ах, не разумею?.. А чаму ж вы штодня бегаеце да мяне ўзгадняць свае мадэлі?

Крутая. Мяне прымушае рабіць гэта мой міністр!

Вяршыла. Ах, ваш міністр!.. А чаму ён сам не зацвярджае свае трыліснікі? Баіцца?

Крутая (падышоўшы да Вяршылы). Ведаеце, хто вы, Віктар Паўлавіч?

Вяршыла. Ведаю. Міністр узгадненняў.

Крутая. Не. Вы не міністр, Віктар Паўлавіч… Вы — пень у штанах! Пень на дарозе! Які ні аб’ехаць, ні абысці!.. (Выходзіць, моцна грукнуўшы дзвярамі.)

Няёмкая паўза: у прысутнасці падначаленых назвалі міністра пнём.

Папсуева. Прыгожы ансамбль…

Вяршыла. Прыгожы? Вы б яго надзелі, Тамара Цімафееўна?

Папсуева. Ну, ведаеце… пры маёй пасадзе… Я думала, што мужчынам такое падабаецца.