Вяршыла. Вы не былі мужчынам… Адкуль вам ведаць, пры вашай пасадзе, што ім падабаецца, а што не?..
Нюра. Віктар Паўлавіч… Там, у прыёмнай, яшчэ бабуля чакае…
Вяршыла. Якая бабуля?
Нюра. Пенсіянерка. Загуменная Кацярына Антонаўна.
Вяршыла. А-а! Зусім забыўся!.. Запрашай.
Нюра выходзіць і тут жа вяртаецца. Услед за ёй уваходзіць мілая, сімпатычная бабуля. Яна спынілася каля парога і корпаецца ў сумцы.
Праходзьце, бабуля, сюды. Бліжэй да стала. Што вы там спыніліся ў парозе?
Загуменная. Зараз, мае дзеткі, зараз… (Вымае з сумкі хатнія тапкі, надзявае іх замест старэнькіх, стоптаных пантофляў. Затым беражліва разгортвае насавую хусцінку і чапляе на жакет ордэн «Маці-гераіня». Толькі пасля гэтага ідзе да стала.)
Вяршыла (выходзіць ёй насустрач). Добры дзень, Кацярына Антонаўна! (Паказвае на тапкі.) А гэта вы навошта?
Загуменная. Ну што вы, таварыш міністр! У вас тут так прыгожа, так чыста!.. Ступіць боязна. Тут жа людзі прыбіраюць. Іх паважаць трэба.
Вяршыла. Сядайце, Кацярына Антонаўна, сюды. (Падсоўвае ёй выпрабавальнае крэсла.) Тут вам будзе зручна. А гэта ў вас што?
Загуменная. «Маці-гераіня»…
Вяршыла. Ух ты! Першы раз бачу зблізку. Колькі ж у вас дзетак?
Загуменная. Ай, не так ужо і шмат. Адзінаццаць…
Вяршыла. Адзінаццаць?! І ўсе жывыя?
Загуменная. Усе, дзякуй Богу. Ёсць сярод іх і ўрачы, і інжынеры, і старшыня калгаса. Нават адзін акадэмік ёсць.
Вяршыла. Вось гэта сямейка! (Да Папсуевай.) Вось з каго трэба браць прыклад, Тамара Цімафееўна!.. І ўнукі ёсць?
Загуменная. А як жа без унукаў? Раўнюсенька трыццаць тры. Па трое на кожнага. Вось праўнукаў пакуль малавата. Шасцёра ўсяго…
Вяршыла. Ну, ведаеце, Кацярына Антонаўна!.. Я б вам за такое Героя Савецкага Саюза не пашкадаваў! «Не то, что нынешнее племя!»
Загуменная. Ай, мае вы дзеткі! Цяпер жа людзям часу няма. Яны то тэлевізар глядзяць, то музыку круцяць, то на сходах розных сядзяць. Калі б было меней сходаў, можа б, і дзяцей было больш…
Вяршыла. Не забываюць яны вас?
Загуменная. Хто? Дзеткі? Ну што вы, таварыш міністр! Мае дзеці не такія. Кожнае свята прыязджаюць. І на Май, і на Кастрычнік, і на Новы год. Як панаедуць, то не ведаю, дзе пасадзіць, дзе каго пакласці! Хоць і пяцісценка, а месца не хапае.
Вяршыла. А як з гэтым?.. Матэрыяльна памагаюць?
Загуменная. Ай, і не кажыце, таварыш міністр! Кожны месяц па некалькі пераводаў. Не паспяваю і на пошту бегаць! Я ж яшчэ і пенсію атрымліваю. Хоць і невялікую, але ўсё ж атрымліваю. Ведаеце, колькі ў мяне на кніжцы? (Нахіляецца, шэптам.) Аж сем тысяч! Як раней, то, відаць, мяне ўжо даўно б раскулачылі!
Вяршыла. Ну што вы, Кацярына Антонаўна! Вашы грошы — святыя грошы!.. А сюды вы па якой справе? Як бачу, ніхто вас увагай не абыходзіць, ніхто не крыўдзіць…
Загуменная. Каб жа не крыўдзілі!.. Я ўжо ўсіх абышла, некалькі пар пантофляў стаптала. А праўды так і не знайшла. Вось у адным месцы мне і падказалі, што толькі вы і можаце мне памагчы.
Вяршыла. Вось чортавы бюракраты! Такога чалавека прымушаюць хадзіць па інстанцыях!.. А на каго ці на што вы скардзіцеся? Хто вас пакрыўдзіў?
Загуменная. Я не скарджуся, таварыш міністр… Даруйце, як вас па бацюшку?
Вяршыла. Віктар Паўлавіч…
Загуменная. Не скарджуся, Віктар Паўлавіч. Я прашу. За свае грошы прашу. А з мяне кпяць. Некаторыя нават гэтай самай… псіхічкай называюць.
Вяршыла. Такіх трэба здымаць з работы і… на пятнаццаць сутак! Каб дзесятаму заказалі! А што вы просіце, Кацярына Антонаўна?
Загуменная. Ай, дробязь, Віктар Паўлавіч! Нават няёмка гаварыць.
Вяршыла. Смела гаварыце. Мы вас правільна зразумеем. На тое мы тут і сядзім.
Загуменная. Дамавіну хачу заказаць.
Вяршыла (не адразу). Што заказаць?
Загуменная. Дамавінку. У якой на могілкі адвозяць.
Вяршыла. Наколькі я ведаю… Ёсць жа спецыяльныя камбінаты. А ў вашым раёне няма такога?
Загуменная. Камбінат-то ёсць. А мой заказ не прымаюць. Кажуць — не паложана.
Вяршыла (з абурэннем). Дажыліся! Дабюракраціліся! Дакаціліся! Нюра! Знайдзіце мне нумар іх камбіната. Я сам з імі пагавару!