Выбрать главу

Нюра. Зараз, Віктар Паўлавіч.

Вяршыла. Заява ў вас пры сабе?

Загуменная. Пры сабе, пры сабе, дзеткі. (Корпаецца ў сумачцы.) Вось заўсёды так… Калі трэба — як скразняком змахне… Ага! Вось яна. (Працягвае паперку Вяршылу.)

Вяршыла (яшчэ не разгарнуўшы заявы). Хто ж у вас памёр, Кацярына Антонаўна?

Загуменная. Ніхто, дзякуй Богу. Усе жывы і здаровенькі.

Вяршыла (са здзіўленнем). Для каго ж вы труну заказваеце?

Загуменная. Для сябе, мае дзеткі…

Усеагульнае ашаламленне. Папсуева круціць пальцам каля скроні, стараючыся, каб гэта ўбачыў Вяршыла.

Вяршыла. Для сябе?! Але ж вы яшчэ… Даруйце… Жывая!

Загуменная. А як жа я паспею заказаць, калі памру?

Вяршыла. Бабуля! У вас адзінаццаць дзяцей і трыццаць тры ўнукі! Няўжо яны не паклапоцяцца?

Загуменная. Ай, пра што вы кажаце, Віктар Паўлавіч! Вядома, паклапоцяцца. Але навошта ж ім лішні клопат?.. Хадзіла я ў той камбінат… Там заўсёды чарга. Людзі нервуюцца, плачуць, лаюцца… І на тых, хто жыве. І на тых, хто памёр… Ведаеце, колькі я за сваё жыццё ў чэргах настаялася? У-га! Па хлеб, па мыла, па керасін, паркаль, па муку, па масла, па сялёдку… Калі скласці ўсё гэта ў адно месцейка, дваццаць гадоў з майго жыцця выкрасліць трэба. Дальбог, не меней!.. Не хачу, каб мае дзеці праз мяне яшчэ ў чарзе стаялі. Непакоіліся… Перажывалі… Я ж не толькі дамавінку, я і стужкі да вяночкаў хачу заказаць. Ад іх імя… Няхай прыедуць яны на ўсё гатовае і паплачуць трошкі па мне… Яны ж у мяне вельмі харошыя! Занятыя ад ночы і да ночы… То канферэнцыі, то сімпозіумы, то футбол…

Вяршыла. Ну, матуля… Усякае чуць даводзілася. А такое чую ўпершыню. Аналагаў яшчэ не было. І дзе ж вы, прабачце, будзеце трымаць… дамавіну?

Загуменная. У хаце, за шырмачкай. А як адчую, што пара мая прыйшла, пераапрануся ва ўсё чыстае і лягу… І нікому ніякіх клопатаў. Толькі перад гэтым усім тэлеграмы пашлю…

Нечакана вельмі гучна загучала арыя князя Ігара «О дайце, дайце мне свабоду!».

Ой, якая прыгожая музыка ў вас! Проста сэрца ў ёй купаецца! А то цяпер як пачнуць дзьмуць — ва ўсім калгасе шыбы з вокнаў высыпаюцца…

Вяршыла (справіўшыся з хваляваннем). Можа, мяне і асудзяць, але просьбу вашу, Кацярына Антонаўна, я выканаю.

Загуменная (расчулена). Дзякую, сынок! Вось нездарма ж падказалі людзі да цябе ісці… Толькі ты ўжо, калі ласка, напішы, каб прыгажэйшая была. Грошы ў мяне ёсць. Я заплачу… Жыццё ў мяне ой якое было! Не дай бог нікому такога. То хоць паляжу ў прыгожым доміку. Гэты ж ужо апошні будзе…

Вяршыла. Напішу, каб самы прыгожы быў. І бясплатна.

Загуменная (спалохана замахала рукамі). Не! Не! Не трэба бясплатна! Што пра мяне людзі скажуць? Я ж багатая!.. Вось толькі, калі можна… Напішы ты, сынок, каб з дубу зрабілі… Я разумею, чаму ты так глядзіш на мяне. Думаеш, з глузду з’ехала бабка! Нібыта не ўсё роўна ёй, у якой дамавіне будуць яе костачкі тлець?.. Ды не… Мне ўсё адно… А раптам я яшчэ затрымаюся на гэтым свеце? А шашаль возьме ды і паточыць маю дамавінку… Калі яна будзе з простых дошак змайстравана. А дуб яму не па зубах…

Вяршыла (хутка піша і аддае заяву). Вось, Кацярына Антонаўна… Напісаў, каб без усякай чаргі! Самую прыгожую і абавязкова з дубу.

Загуменная. Дзякую, сынок! Праўду кажуць: свет не без добрых людзей. Дзякую! (Нізка кланяецца Вяршылу.) Хоць я ў Бога і не веру, але памалюся за цябе… Сардэчны ты чалавек, хоць і міністр! (Кланяецца Папсуевай і Міралюбаву.) І вам, дзеткі, дзякую! (Ідзе да дзвярэй, нізка кланяючыся. Там яна здымае тапкі, зноў надзявае пантофлі і, яшчэ раз пакланіўшыся, выходзіць.)

Вялікая паўза.

Папсуева. Вар’ятка нейкая! Трэба праверыць, ці не збегла яна з Навінак…

Вяршыла (не вытрымлівае і крычыць). Замаўчыце, Тамара Цімафееўна! Замаўчыце! Яна не вар’ятка! Яна разумнейшая за нас з вамі!..

Папсуева. Калі кожная бабуля захоча яшчэ пры жыцці заказаць сабе дамавіну, у чым будзем хаваць сапраўдных нябожчыкаў?

Міралюбаў (узнімаецца, падыходзіць да Папсуевай і, гледзячы ёй у вочы, пачынае лічыць). Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем…

Вяршыла (спакойна). Ягор Фёдаравіч… Сядзьце на сваё месца. (Падае першай тэлефаністцы кавалачак паперы.) Люда! Закажыце мне вось гэты нумар. Тэрмінова!.. Таварышы… Думаю, усе вы пераканаліся, што апарат працуе бездакорна. Яго трэба неадкладна зацвярджаць і запускаць у серыю. Паколькі думкі падзяліліся, пратакол зараз падпісваць не будзем. Справа не зусім звычайная. Я павінен параіцца…