Першая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Здыміце пяты. Там абанент, якога вы прасілі…
Вяршыла (па тэлефоне). Мама? Гэта ты?.. Ага, гэта я, Віктар… Віця… Ды не, нічога не здарылася… Проста захацелася пачуць твой голас… Як ты там?.. Здароўе як?.. Я пытаюся, як здароўе?.. Можа, лякарствы якія патрэбны?.. Што я хацеў?.. Хачу сказаць, што ў нядзелю мы прыедзем да цябе ў госці… Ага… Усе… І Наташа, і дзеці… Мы засумавалі па табе… Гэта ж колькі не бачыліся!.. Не, на гэты раз не ашукаем… Абавязкова прыедзем… Да сустрэчы, мама! Цалую цябе… (Паклаў трубку, доўга сядзіць моўчкі.) Значыць, я пайшоў. Прашу не разыходзіцца і чакаць мяне. Вы, Мікалай Ягоравіч, таксама будзьце тут.
Мурашка. Добра, Віктар Паўлавіч. Буду чакаць…
Вяршыла выходзіць. Святло паступова гасне. Нейкі час на сцэне поўная цемра. Потым на сцэне пачынае святлець. Гэта ўжо раніца. Няма тэлефаністак і Нюры. Папсуева і Міралюбаў спяць там, дзе сядзелі… Вельмі асцярожна аглядаючыся, ціхенька ўзнімаецца Міралюбаў. Ён на пальчыках падыходзіць да выпрабавальнага крэсла, павольна абыходзіць яго, некалькі разоў дакранаецца да бліскучага паўабруча — спачатку адным пальцам, затым далонню, затым ужо абедзвюма рукамі. І боязна, і надта ж хочацца! Нарэшце ён асцярожна садзіцца ў крэсла. Паўза.
Пачынае гучаць танец маленькіх лебедзяў. Міралюбаў шчасліва ўсміхаецца, заплюшчыў вочы і слухае, слухае цудоўную мелодыю. Яму нават не хочацца ўзнімацца з крэсла. Але ён прымушае сябе ўзняцца. Ён на пальчыках, як балерына, танцуе танец маленькіх лебедзяў, выкідваючы такія фантастычныя па, якія і не сніліся маленькім лебедзям. Пад музыку, танцуючы, ён ідзе на сваё месца і, шчасліва ўсміхаючыся, засынае. Цяпер ужо, здаецца, па-сапраўднаму. Гома нармаліс! Большага ён і не хацеў.
Папсуева (ціха ўзнімаецца і падыходзіць да Міралюбава). Ягор Фёдаравіч!.. Ягор Фёдаравіч!.. (Грамчэй.) Ягор Фёдаравіч!..
Але шчаслівы Міралюбаў спіць, як дзіця. Папсуева падыходзіць да Мурашкі і таксама спачатку ціха, а затым грамчэй кліча яго.
Мікалай Ягоравіч!.. Мікалай Ягоравіч!.. Прачніцеся!..
Спіць моцным сном і Мурашка, супакоены тым, што нарэшце ў яго з’явілася рэальная надзея. Папсуева надзвычай асцярожна, кругамі падыходзіць да магічнага крэсла. Доўга не адважваецца, але вельмі ўжо вялікая спакуса, якая ўрэшце перамагае. Папсуева ціха, па сантыметры ў секунду, апускае сваё цела ў крэсла. Села, чакае. Маўчанне. Папсуева крыху паёрзала ў крэсле, прыўзнялася і зноў села. Адзін раз, другі… І раптам рэзка, аглушальна грыміць туш. Ён, як прашча, выстрэльвае з крэсла Папсуеву і ў адзін міг пераносіць яе на тое месца, дзе яна перад гэтым спала. Падхапіліся спалоханыя Мурашка і Міралюбаў. Толькі Папсуева «спіць». А туш грыміць! Уваходзіць Вяршыла.
Вяршыла. Што тут у вас адбываецца? Чаму такое землетрасенне? Хто ўключыў? Мікалай Ягоравіч! Спыніце музыку! Вы ж увесь горад на ногі ўздымеце!
Мурашка (завіхаючыся каля апарата). Нічога не разумею! Да апарата ніхто не падыходзіў. А яго зашкаліла і замкнула…
Папсуева (зларадна). Ну?! Цяпер бачыце? Без усякай прычыны і зашкаліла і замкнула! Я ж казала, што гэтаму сепаратару нельга верыць! А вы хочаце вырашаць ім чалавечы лёс!..
Вяршыла. Ды зрабіце ж вы што-небудзь, Мікалай Ягоравіч!
Нарэшце Мурашку ўдалося ўціхамірыць свой мудрамер. Ён націснуў нейкую кнопку, і ў кабінеце ўсталявалася напружаная цішыня. Усе ўважліва глядзяць на Вяршылу. Але на яго твары такая складаная гама пачуццяў, што прачытаць яе немагчыма. Ён нават знешне змяніўся, стаў нейкім іншым. Ён прайшоў за свой стол, сеў і доўга маўчыць.
Міралюбаў. Ну што, Віктар Паўлавіч?
Вяршыла (не адразу). Віншую вас, таварышы… Нас скарацілі…
Папсуева. Каго іменна?
Паўза.
Вяршыла. Усіх. Усё міністэрства. (Паўза.) Нас ператварылі ў інстытут мудраметрыі…
Папсуева. У што ператварылі?
Вяршыла. Навукова-даследчы інстытут мудраметрыі… Аклады на пяцьдзесят працэнтаў вышэй міністэрскіх.
Паўза.
Мурашка (разгублена). А як жа я? Што будзе з маім апаратам?