Уваходзіць разгубленая Нюра.
Нюра. Нікога няма, Віктар Паўлавіч. Толькі наведвальнікі…
Вяршыла. Як нікога! Можа, селектар быў не ўключаны?
Нюра. Ды не, усе ж адказвалі. Вы самі чулі.
Вяршыла. Можа, няправільна зразумелі? Нюра, абыдзі, калі ласка, усе аддзелы і ўпраўленні. Запрасі сюды ўсіх жадаючых. Толькі жадаючых! Ніякай агітацыі. Ніякага прымусу.
Нюра выходзіць.
Папсуева. І потым… З іх жа смяяцца будуць! Здзекавацца!
Вяршыла (не зразумеўшы). З каго смяяцца?
Папсуева. З «кліентаў». Гэта ўнясе разлад у наша маналітнае грамадства! Раздоры! Антаганізм! Не бяруся нават прадказваць. Страшна падумаць!..
Міралюбаў. Паслухаць вас, Тамара Цімафееўна, дык можна падумаць, што палавіна нашага грамадства — «кліенты»!
Папсуева. Не, чаму ж… Ёсць, вядома, і геніі. Можа, нават і ў нашым міністэрстве. Але зараз яны не ведаюць, што яны геніі, і спакойна працуюць. А калі даведаюцца? Яны ж запатрабуюць павялічыць ім зарплату. Як мінімум у два-тры разы! А ў нас штатны расклад, фонд заработнай платы. Каб трымаць аднаго генія, прыйдзецца скараціць адзін, а то і два аддзелы!..
Вяршыла. Я не згодзен з вамі, Тамара Цімафееўна! Вы дагаварыліся да таго, што і геніі нам не патрэбны! Лепш адзін геній, чым два ці тры аддзелы!
Папсуева. Віктар Паўлавіч… Возьмеце вы гэты… тэрмастат дадому? Каб праверыць, скажам, жонку?
Вяршыла (крыху сумеўшыся ад нечаканасці). А што? Гэта нават цікава…
Папсуева. Вы так думаеце? А калі высветліцца, што ваша жонка разумнейшая за вас? Ну, не на пяцьдзесят… А на дваццаць пяць працэнтаў? Ці толькі на пятнаццаць? Толькі на пятнаццаць! Яна ж даведаецца пра гэта!
Вяршыла (схамянуўшыся, шчыра). Жудасць.
Папсуева. А калі высветліцца, што вы разумнейшыя за яе працэнтаў на пяцьдзесят?
Вяршыла. Гэта ўжо лепш…
Папсуева. Лепш? У сто разоў горш! Ваша жыццё зробіцца пеклам! Вы ж згрызяце сябе! Чаму такую недарэку-лахудру ў жонкі ўзяў? Чаму на ёй свет клінам сышоўся? А я — міністр! Я ж бы мог ажаніцца з доктарам навук!.. І ўсё. Канец сямейнай ячэйцы. А на ячэйках, між іншым, уся наша дзяржава трымаецца…
Міралюбаў. Вы — дэмагог, Тамара Цімафееўна!.. Рэактыўны самалёт не трэба было рабіць! Можна зваліцца і разбіцца! Атам не трэба было расшчапляць! Можна ўзарвацца! Смерць тэлевізару! Ад яго можна аслепнуць!.. Далоў тэлефон! Ён губіць жывыя, непасрэдныя сустрэчы!..
Вяршыла. Ягор Фёдаравіч! Мы сабраліся для таго, каб выслухаць розныя думкі.
Міралюбаў. Хіба гэта думкі? Гэта ж нейкае цемрашальства!
Вяршыла. Не трэба, Ягор Фёдаравіч. Супакойцеся.
Міралюбаў. Не магу я супакоіцца!
Папсуева (спакойна). Я не дэмагог, Ягор Фёдаравіч. Я — рэаліст. А вы — карась-ідэаліст! Дон Кіхот!.. Вы не ведаеце ні сучаснага жыцця, ні сучасных людзей… Віктар Паўлавіч… У вас ёсць добра знаёмы дырэктар завода адпаведнага профілю?
Вяршыла. Вядома, ёсць. Сябра маленства і юнацтва. На адной парце дзесяць гадоў сядзелі…
Папсуева. Спытайце ў яго, ці возьмецца ён за выпуск гэтага вашага… керагаза.
Вяршыла (тэлефаністкам). Злучыце мяне з Какашынскім. 64-17-31. (Здымае трубку і чакае.) Прывітанне, Леў Сяргеевіч!.. Як у цябе з загрузкай абсталявання?
Голас з дынаміка. Нармальна. Уперад не лезем і ззаду не застаемся. А што?
Вяршыла. Ці можна размясціць на тваім заводзе адзін вельмі цікавы і перспектыўны апарат? Не складаны для асваення…
Голас з дынаміка. Вага?
Вяршыла. Вага чаго?
Голас з дынаміка. Твайго апарата!
Вяршыла (прыкрыўшы далонню трубку, шэптам пытаецца). Колькі важыць ваш апарат?
Мурашка (таксама шэптам). Трыццаць пяць кілаграмаў!
Вяршыла (па тэлефоне). Трыццаць пяць кілаграмаў!
Голас з дынаміка. Рэалізацыйная цана?
Вяршыла (шэптам). Колькі арыенціровачна ён будзе каштаваць?
Мурашка (шэптам). Не больш як трыста рублёў.
Вяршыла (па тэлефоне). Не больш як трыста рублёў…
Голас з дынаміка. Жартаўнік ты, Віктар Паўлавіч! У мяне падлік ідзе на тысячы тон і на дзесяткі мільёнаў рублёў. А ты што хочаш мне падсунуць?