Цяпер адной з маіх унучак, сынавай дачцэ таксама шчасліва вясёленькай, якраз столькі, колькі Валі на здымку. Я даўно прызвычаіўся да глыбейшага пазнавання жыццёвых з'яў такім чынам, што перш за ўсё і міжвольна стаўлю ў розныя незвычайныя сітуацыі сваіх найбліжэйшых, уяўляючы іх на тым месцы. І мне цяпер, праз унучку, балюча бачыць, як яе даўняя равесніца, — Надзя расказвала мне і пра гэта, — крычала цераз бездапаможны плач:
— Ты не иди за ним! Ударь его! Прогони их! Папочка, не иди!..
Гэта — увосень трыццаць сёмага, калі Валодзю арыштоўвалі. Калі прыйшлі ў сям'ю і па нейкім «праве» забралі бацьку. У тых, для каго ён — усё.
Думаючы пра яго, бацьку тое дзяўчынкі, пра лёс яго, мне страшна, жудасна перайсці думкай і сэрцам да бацькі гэтай дзяўчынкі, ставіць унучку на месца пляменніцы, сына на месца брата. А ён жа, Валодзя, таксама быў сынам!.. Цераз сваіх найбліжэйшых — да разумення агульналюдскога. Тут мы становімся найбліжэй да спрадвечнага, найвярнейшага запавету чалавечнасці: палюбі бліжняга — як самога сябе, як сваіх найраднейшых, такое хочацца дадаць.
У сорак дзевятым Валя была на сваім дваццаць першым. Мела сыночка, мужа. (Мы не пабачылі яго, ён паехаў да маці, у сяло.) Прыгожанькая, стройная, бойкая адэсітка. Калі мы віталіся, упершыню ў жыцці, яна какетнула: «Я не целую вас, дядя, я накрашена». «А мне это совсем не мешает», — адказаў я, абняўшы яе, танклява, модна элегантную, ці то з нейкім дзіўным, невыразна светлым напамінам пра кагосьці вельмі блізкага, любімага, ці то з прадчуваннем нашай сардэчнай дружбы, з перапіскай і спатканнямі.
На працягу наступных гадоў, да восені семдзесят другога, — да таго адвячорка, калі яна, касір невялікай аптэкі, маці двух сыноў і жонка хваравітага мужа, шафёра таксі, сумна вярталася з працы і… назаўсёды ўпала на тратуары свайго завулка. Падкошаная кровазліццём у без пары пасівелую галаву, бездапаможную ў жахлівым тупіку наркаманавай маці.
І ўсё гэта жыццё, жыццё!..
Дзядзька Павел яшчэ ў пяцьдзесят трэцім годзе пайшоў з дому і не вярнуўся, так ужо абяспамяцеў. Надзя ледзьве знайшла яго ў адной з бальніцаў, на самым адыходзе.
Сама яна, сардэчніца, памерла ўлетку шэсцьдзесят сёмага.
Потым Валя. І ўжо таксама семнаццаць прайшло.
Мая Адэса для мяне пусцее…
Зрэшты, на гэты раз я меў толькі тры гадзіны вольнага часу, ад самалёта да вечара ў тэатры, дзе будзе Шаўчэнкава міжнароднае свята, дзе трэба будзе выступіць, а пасля вечара — на цеплаход і ў Херсон, і далей.
Я паспеў толькі сустрэцца з Віктарам, пагаварыць ды памаўчаць удвух над Валіным фотаальбомам… Інжынер-будаўнік, і ён тым часам — куды мы, Божа, спяшаемся? — таксама ўжо добра на шостым дзесятку.
А бацьку не памятае зусім…
БРАТ № 17643
Быкаўнянскія сосны больш дародныя за нашы, што ў Курапатах, хоць і растуць таксама на пясчаным грунце. І лес як быццам чысцейшы, цяплейшы. Як у нас на Берасцейшчыне. Сярод соснаў сям-там акацыі, якім гадоў па дваццаць пяць. Трава і траўка, свежая, якою гэтай вясной пакрылі раскопкі, маскуючы сляды эксгумацыі. Яшчэ і бярозкі, таксама сёлета пасаджаныя, — у светлым дзіцячым няведанні яны хораша прыняліся, зелянеюць новай лістотай, пяшчотна стракацяць тоненькімі стваламі і галінкамі.
Прастадушны румянец вялікіх півоняў — букеты ў нашых руках. Я прыехаў сюды са сваім даўнім сябрам, украінскім пісьменнікам. Кветкі мы пакладзём да помніка з чырвонага граніту, перад якім стаімо. На ім надпіс: «Вічна пам'ять», а што было яшчэ ў правым ніжнім кутку — пра ахвяры… нямецка-фашысцкіх зверстваў — акуратна здзёўбана. Нядаўна. Пад націскам грамадскасці.
«У мяне не забілі нікога — ні маці, ні жонкі, ні брата…» Успамінаецца такі пачатак ваеннага верша аднаго з нашых паэтаў. Гэты першы радок засеў у памяці даўно і частавата паўтараецца з нейкім няпростым сэнсам.
Успамінаецца і бліжэйшае, з телеперадачы пра адкрыты, паказальны суд паміж староннікамі розных лагераў: прасталінскага і новага, сучаснага. Слова сваё прагрэсіўны адказчык пачаў з таго, што ў сям'і яго ніхто не быў рэпрэсіраваны, і таму ён будзе гаварыць зусім аб'ектыўна. Як і той, у каго не забілі нікога, і таму ён пра зверствы гітлераўцаў таксама гаворыць з вышэйшай пазіцыі.