Выбрать главу

«…Бриль подтвердил о тех анекдотах. На коридоре я возмущенно спросил, как же это ты сделал, и он мне сказал: „Если бы тебя так избивали, как меня, ты еще не то сказал бы“. Наблюдая за Брилем, я заметил, что он находился в крайне подавленном состоянии и был ко всему безучастен. Тогда он бросил такую фразу: „Если бы ты знал, что я на себя наговорил! Я уже не жилец на этом свете, я почти слеп“. Более того, в тот момент Бриль производил впечатление полувменяемого человека».

У пакой да таварыша, які здымаў з мяне пратакол, і да яго маўклівага супрацоўніка за трэцім сталом пачалі заходзіць то адзін, то другі, з пагаворваннем пра абед. Мяне з папкай пакінуць аднаго, вядома, не маглі, і я пачаў спяшацца. А ўсё ж і са сведчанняў іншых братавых саслужыўцаў у пяцьдзесят шостым паспеў сёе-тое выпісаць.

Я сазваніўся з сябрам, да якога паабяцаў зайсці адгэтуль, і не падумаў адразу, чаму ён здзівіўся, што я не стаў слухаць, як мне лепш даехаць да яго, сказаў, што дайду пехатой.

А тады я ішоў — спачатку ўніз па крутым завулку, завужаным высокім плотам нейкага будаўніцтва, а потым доўга, вельмі доўга па люднай, шумнай вуліцы. І ў маёй утрапёнай душы паўтараліся то чорныя, то святлейшыя плямы з той акаяннай папкі, то запісаныя мною, то не. Канцоўка «заявления», падпісаная іншым почыркам, — тая апошняя просьба.

Вузенькая паперына, не першы і не другі, а то і не трэці або чацвёрты, цьмяна-мурзаты экзэмпляр з-пад машынкі, куды персанальнае ўпісана ад рукі, а ўсё падпісана чырвоным алоўкам і замацавана трохкутнай пячаткай — пра тое, што «приговор приведен в исполнение».

Братавы словы ў двайной падачы — цераз Клісенку і таго, хто пратаколіў: «Если бы ты знал, что я на себя наговорил!.. Я уже не жилец…»

Тады яшчэ словы іншага саслужыўца, старшага заатэхніка В.Коваля, які ведаў Валодзю ў 1930–1937 гадах:

«Характеризуя Бриля с политической стороны, я могу сказать, что он был настоящий советский человек. Политикой он не интересовался, так как все время отдавал основной работе. Случаев вредительства в совхозе не было никогда. Один из лучшнх совхозов не только на Украине, но и в СССР…»

Яшчэ адзін, Ф.Гацэнка, дырэктар саўгаса, у якім Валодзя працаваў раней, у іншым кутку Кіеўшчыны:

«Работал Бриль добросовестно, все у него было в образцовом порядке. Всем своим поведением он создавал впечатление лойально настроенного по отношению к советской власти человека».

Звычайныя, пратакольна будзённыя словы. Можа, яны і гаварыліся людзьмі, якія сведчылі, даслоўна так, а хутчэй так службова запісваліся. А мне яны гучалі так па-людску, так высока, змястоўна, былі такою светлай разрадкай у невыноснай чарнаце, што я, як толькі выйшаў са старога цаглянага дома пракуратуры, яшчэ спускаючыся па крутым, пустым завулку, заплакаў ад шчасця такога выхаду ў справе, ад удзячнасці тым людзям…

Дайшоўшы нарэшце да сябра, я пачаў званіць па гарадской даведачнай, шукаць тэлефоны тых, чые адрасы запісаў. Адзін з Васількава, другія два кіяўляне. Аказалася, што тэлефонаў кватэрных няма. А ісці шукаць людзей я ў той дзень не мог.

Назаўтра ўранні, па тэлефоне развітваючыся са следчым, чаго я не змог зрабіць учора ў пракуратуры, бо ён кудысьці пайшоў, я спытаўся пра тых, каму хацеў падзякаваць. Ён адказаў, што ўсе яны ўжо не жывуць. Пра гэта я і сам учора, астыўшы, падумаў: дзе там — дзевяцьсот першы, дзевяцьсот трэці, дзевяцьсот шосты гады нараджэння… Палажыўшы тэлефонную трубку, я сказаў сам сабе, — чамусьці па-польску, як выдыхнуў:

— Czesc ich pamieci!

ЧАМУ ТЫ ПАКІНУЎ?.

«Чаша сия» Ігната таксама не абмінула. Па-свойму. І на шэсць гадоў раней за Валодзю.

Пасля заканчэння гімназіі ў яго спачатку быў намер паступіць на медыцыну. Цьмяна ўспамінаю мамін расказ пра тое, што ён ад гэтага намеру адмовіўся, не могучы пераносіць анатамічкі. Сярод прысланага мне з архіва адэскага сельгасінстытута ёсць таксама даведка, што «Бриль Игнатий Антонович, 19 лет», працаваў у бальніцы санітарам. Магчымасць наглядзецца на розныя жахі была. Разам з Валодзем, нібы па іхняй спрэжанасці ў вучобе ад самага маленства, і ён паступіў у сельгасінстытут, але закончыў толькі два курсы. Бо паралельна і ледзь не падпольна рыхтаваўся да іншага. Вясной дваццаць другога экстэрнам здаў экзамены за духоўную семінарыю і неўзабаве быў рукапаложаны, перад гэтым, як належыцца, ажаніўшыся.

Гэта — знешні бок справы, частка біяграфічных даных. Як знешняе можна дадаць, зноў жа з матчынага расказа, што ён яшчэ гімназістам, ды нешта хутка пасля паступлення, уцёк быў у манастыр, а бацька знайшоў яго там і забраў, пасля чаго называў часамі трынаццатым апосталам. Забягаючы наперад, ажно ў 1952 год, згадаю, як ён пісаў мне тады: «Радует твое трудолюбие в развитии дарования, печалит твое отношение к самому дорогому для меня и покойной матери». На ўвазе мелася «безбожие», праяўленае ў аповесці «У Забалоцці днее», а таксама і наша з Мішам захапленне Талстым, пра што Ігнат ведаў яшчэ з даваеннага часу.