Выбрать главу

Хто з іх на каго больш уплываў у набожнасці, ён на маці пазней ці яна на яго раней, з маленства, мне цяжка сказаць. Мама, пры ўсёй наяўнасці ў яе натуры здаровага сялянскага сэнсу і гумару, і верыла, і малілася шчыра. Ад нашага з Мішам юначага вальнадумства, калі ўжо махры ў выхаванні не памагалі, яна, старая і нямоглая, з невылечна хворай нагой, магла часамі сысці на ранішнюю малітву ў каморку, дзе, стоячы перад цьмяна-гарызантальным акенцам, шаптала ўвесь немалы набор сваіх пацераў. Не памятаю, ці гэта я неяк аднойчы падгледзеў, ці потым, у палоне, у суме разлукі ўяўляў яе перад тым акенцам, цераз якое ў спакутаваны, адухоўлены твар свяціла роднае сонца, таксама нястомнае. Затое помніцца зусім выразна, як яна тады, калі лепш хадзілася, прыйшла аднойчы з мястэчка, за чатыры вярсты з царквы і, сеўшы каля стала адпачыць, сказала:

— Вось хоць ачалавечылася. А то і жыў бы чалавек без слова божага, як якая скаціна…

Кожны з нас, а я думаю перш за ўсё пра братоў, любіў яе па-свойму. Па праву старэйшага, бо Валодзі ўжо не было, Ігнат пісаў мне, але з надзеяй на перадачу Колю і Мішу, вясной сорак пятага, калі ўсе ваенныя злыбеды закончыліся: «Дорогие братья, насколько возможно заботьтесь о маме, мы все в большом долгу перед нею. Она выносила в сердце все наши невзгоды». Гэта ўжо цяпер мне захацелася падкрэсліць, наўздагон, думаючы перш за ўсё пра нашага найстарэйшага, — колькі яна выплакала па ім, спачатку як прадчуваючы бяду, а потым і ведаючы пра яе…

Быў у адным з Ігнатавых пісьмаў і прыклад з геніяльным Пастэрам, які, калі ў яго спыталіся, як ён сумяшчае свае веды з вераваннем, адказаў: «Я многа вучыўся і веру, як брэтонскі селянін, а калі б я мог яшчэ больш вучыцца, я верыў бы, як брэтонская сялянка».

Ігнат наш верыў — амаль з маленства і да смерці ў сане протаіерэя з акадэмічнай адукацыяй, закончанай у апошнія гады жыцця завочна.

Ягоны Шура ў бяздольным маленстве ізгоя-паповіча, калі бацьку забралі, быў пераведзены маткай на яе прозвішча, бо інакш не прымалі ў школу. Мабілізаваны на другі дзень вайны «са студэнцкай лаўкі», вярнуўся ардэнаносным, параненым афіцэрам. Энергетык з грунтоўнай адукацыяй і шматгадовай практыкай на ўральскіх электрастанцыях, у канцы шасцідзесятых ён пераехаў з сям'ёй і з аўдавелай маткай у Менск, «бліжэй да радні і радзімы». Праз нейкі час яго павысілі на пасадзе і адпаведна прапанавалі ўступіць у партыю. На прыёме знайшоўся, вядома, марксіст «с вопросиком»: «А скажыце, таварыш Лейка, як вы ставіцеся да таго, што ваш бацька быў папом?» Адказ чалавека на шостым дзесятку гадоў: «Я ўсё жыццё глыбока паважаў яго, і памяць яго паважаю». Такое ж магу сказаць і я — пра бацьку і пра сына. Дарэчы, «вопросик» не перашкодзіў на прыёме, бо і кандыдат — адпаведны работнік, і час быў ужо крыху не той, хоць і «застойны».

А ў даўнасці маёй, у тым дваццаць другім годзе, калі на адэскім пероне ішло развітанне перад разлукай, калі наша сям'я трагічна распалавіньвалася ўслед за падзелам і Беларусі на дзве палавіны, калі Валодзя ніяк не мог развітацца, — Ігнат адчуваў сябе як быццам спакайней. Удваіх са сваёю Верай яны развіталіся з усімі як належыцца хораша і сталі сабе на пероне, побач. «Той плача, — успамінала мне ў вёсцы мама, прадучы, — а гэты стаіць са сваёю матушкай і абое маўчаць». «Матушка» — гэта пра Веру, маладзенькую вось-вось і пападдзю. Бо ён, Ігнат, быў яшчэ не ў расе.

Веру нашы бацькі любілі, я памятаю гэта па маме. Ціхая, сціплая сірата пры мачасе, дачка бацькавага саслужыўца і блізкага земляка. А з Ігнатам яны, маладыя, сябравалі яшчэ ходзячы ў гімназіі, кожнае ў сваю. Дый жылі нашы сем'і — вокны ў вокны, цераз забрукаваны дворык, нават паверх той самы.

Яшчэ раз, і не апошні, вяртаючыся да розных дакументаў, якія Валодзеў Віктар сёлета што выпрасіў, а што спісаў для мяне ў архіве сельгасінстытута, адкуль і ён, як званіў мне, так нямала даведаўся пра свайго бацьку, я з прыемнасцю сустрэў даведку, выдадзеную Ігнату. Будучы студэнтам, ён, аказваецца, падзарабляў у садаводстве ў якасці «огородного рабочего» і, як дадаў да гэтага Шура, калі мы глядзелі з ім тыя даведкі, «насіў маёй маме ружы. Яна расказвала мне». Тады, відаць, расказвала, калі яны, маці і сын, былі з Ігнатам разлучаны.