А якая ж тут аналогія з папкай? Так думаў я, ідучы з пракуратуры. І адказаў самому сабе: ды проста тая, што ўжо не будзе больш так балюча рупіць, абы прачнуўся, што не прачытаў братаву справу з як найбольшай увагай, што павінен быў убачыць у ёй значна больш, чым убачыў. Хопіць, відаць, і таго, што ведаю, каб належна сказаць сваё, напісаць патрэбнае. Нават канцоўка сама па сабе атрымалася. Тое, што называецца крывавай сталіншчынай, не канчаецца, — ёсць яшчэ сілы, якім не патрэбна поўная ліквідацыя белых, чорных, чырвоных плямаў нашай жахлівай гісторыі, што не так лёгка сілы тыя пойдуць на ператварэнне ўсіх лубянак у музеі ці кнігасховішчы, як прапанаваў на з'ездзе адзін з народных дэпутатаў, не дадуцца яны, тыя сілы, і пад народны кантроль, як патрабаваў другі дэпутат. Хутчэй паставяць помнікі ў раскрытых Курапатах ды Быкаўнях, чым пойдуць на раскрыццё іншых захаванняў памардаваных, на рассакрэчанне цяжкаўяўнай безлічы спраў — у папках і без іх…
Калі пра безліч, дык вось і прыклад: з адной Белай Царквы, з аднаго «куста раёнаў» — 17 643. А на Валодзю нашым і не пачалося, і не закончылася…
Канец майго сумнага дня прайшоў у беспаспяховых намаганнях дастаць на заўтра білет на самалёт або цягнік; пад вечар прыйшлося-такі звярнуцца ў Саюз пісьменнікаў.
А ўранні трэба было пазнаёміцца з тым палацам культуры, дзе раней рыхтаваліся трупы для Быкаўні.
…Мой Кіеў.
Першае ўражанне — у тым усё, не раз успомненым дваццаць другім — доўгі мост на шырокім Дняпры, які мы пераязджаем, высокі бераг, густая зеляніна дрэў, золата купалоў з іскрыстымі крыжамі. Праз шэсцьдзесят сем гадоў бачу, як ён асцярожна сунецца па тым мосце, наш бруднавата-белы таварны вагон… І я ўдзячны таму, хто тады разбудзіў мяне зарана, каб я панёс на ўсё жыццё ўспамін пра першае бачанне такой красы. А разбудзіў хутчэй за ўсё бацька. Маці пашкадавала б у сваёй больш практычнай любасці да найменшага, а бацька не мог не паказаць таго, чым сам неаднойчы любаваўся з правадніцкага акна. Так мне хочацца думаць. Бо так зрабіў бы і я, дый рабіў падобнае з дзецьмі, а цяпер з унукамі.
Пасля, у глухой заходніцкай вёсцы, Кіеў быў для мяне на каляровай паштоўцы, забытай некім у адной з нашых адэскіх кніжак. На ёй быў і Дняпро, і зеляніна на кручы, і залатыя купалы. На для кагосьці звычайнай, паднішчанай паштоўцы, з якое дзіцячае сэрца так многа бачыла. Гэта — пакуль навучыўся чытаць. Бо тады ён, мой Кіеў, пачаў адкрывацца ў кнігах, скажам — у Гогаля, з апісання Падола ў «Віі», а далей і ў многіх іншых.
Першы ў жыцці, дзіцячы прыезд у Кіеў адбыўся ў раннюю рань канца мая. Другою майскай ранню, і таксама з поўдня, летась я набліжаўся да любага горада па Дняпры. Пад салаўіны бой на абодвух церпка-зялёных, крыху прымглёных берагах, абапал шырокай, спакойнай вады. Пад гутарку з другім старым дзіваком, якому таксама не спіцца, — з кітайскім паэтам, перакладчыкам Кабзара. Таварыш і ў нас, у Менску, бываў. У гутарцы на сыравата-чысценькай, яшчэ пустой палубе, пад песні салаўёў мы ўспомнілі, між іншым, і пра яшчэ аднаго салаўя, — несмяротную дацкую казку з прастадушна чароўным пачаткам, які мы на мове Талстога, якога таксама згадвалі, працытавалі, дапамагаючы адзін аднаму, амаль з дзіцячай прыемнасцю: «Ты, верно, знаешь, что в Китае все жители китайцы и сам император китаец». Без лішніх ды гучных слоў адчувалася намі і мудрасць, і краса чалавечых, братніх адносін, да якіх яшчэ так далёка…
А ў душы ў кожнага з нас было, вядома, і штосьці толькі сваё. Што ў яго — я магу вельмі прыблізна меркаваць. А ў мяне быў глыбінна прыглушаны боль, прадчуванне ўжо недалёкай сустрэчы з братняй трагедыяй…
Побач са словам Быкаўня, з якім я нядаўна зблізіўся, стаялі яшчэ тры словы: Жовтневий палац культури. За першым бачылася невымерная магіла, за другімі — патайное месца забойстваў…
Палац гэты я ўбачыў спачатку толькі збоку, праездам. Першы раз едучы ўранні з гасцініцы ў пракуратуру, папрасіў таксіста паказаць мне яго, паехаць тою дарогай. І неўзабаве здзівіўся, што гэты будынак з выгляду я ведаю, што ён — цераз вуліцу ад высотнай гасцініцы на гары, дзе я некалькі разоў спыняўся. І ў падарожжы з найбліжэйшымі, вяртаючыся з чароўнага Закарпацця, і ў камандзіроўцы, калі мы, прыехалі ў Кіеў удвух з маладым, ці не найбольш сімпатычным мне нашым пісьменнікам, а тут і з даўнімі сябрамі сустрэліся, і новых набылі…
А наведаць палац культуры ў маі мне не ўдалося, не хапіла часу.
Цяпер, уладжаны якраз у той, даўно знаёмай гасцініцы, я з найранейшага ранку быў гатовы да сустрэчы з палацам, перад вайной — галоўным падзямеллем братняй Украіны. Гатовы і толькі стрымліваўся, каб не прыйсці зарана, калі там яшчэ не будзе яго цяперашніх гаспадароў. А ледзь прычакаўшы пачатку рабочага дня — пайшоў.