Выбрать главу

Было і тое, што пры другім чытанні праяснілася. З муштуком. Але і гэта не адразу.

Чытаючы справу ў Кіеве, я не звярнуў увагі на дату на адной з самых першых паперак — 16.ІХ.1937 г. Не звярнулі на гэта ўвагі і юрысты. Следчы, напрыклад, пытаўся, што яна азначае на муштуку, і я сказаў: братаў дзень нараджэння. Раней, з маіх слоў, так было напісана ў газеце «Літаратура і мастацтва», а пазней, увосені, паўтарыў я гэта, выступаючы ў Курапатах. Словам, нібы і ўзаконілася. Пры Шуравай дапамозе. Ведаючы абодва, што бацька яго маладзейшы за дзядзьку больш-менш на паўтара года, мы пайшлі ад Ігнатавага дня нараджэння 20.ХІІ (стст.) 1900-га, і выйшлі на той загадкавы верасень. Бо дакладнейшай даты не было, ні ў нас, ні ў Віктара. А тут нібыта першы раз гляджу — у справе паперка — папярэдні, больш за два месяцы да арышту, выклік Валодзі да пракурора, іменна ў гэты дзень, 16 верасня.

Ну, а як жа дзень нараджэння?

Дапамога прыйшла з нечаканага боку. Пасля беспаспяховых тэлефонных перамоваў ды перапіскі з архівамі ў Менску, Горадне, Наваградку я ўспомніў нарэшце пра адэскі сельгасінстытут, пазваніў Віктару, каб ён спытаўся, як там у іх з архівам. Праз месяц, у лютым, я атрымаў цэлы пакет дакументаў, сярод якіх пасведчанне пра заканчэнне шостага класа гімназіі і копія метрыкі, двойчы з дакладнай датай Валодзевага нараджэння — 10 (22) ліпеня 1899 года.

Муштук — касцяны, ім ні зарэзацца, ні парэзацца нельга, таму яго ў вязня і не забралі. Выскрабці на ім тую сакраментальную дату пасля таго, як той вязень зусім аслеп ад катаванняў, сам ён не мог. Выходзіць — або ён зрабіў гэта неўзабаве пасля арышту ў белацаркоўскай турме, або і раней, вярнуўшыся ад пракурора Вялікапалавецкага раёна, з гутаркі пра «шкодніцтва на рабоце», бо быў жа яшчэ два з палавінай месяцы дома. А магло быць і так, што па просьбе яго, аслеплага, калі ад пералому да смерці было яшчэ столькі дзён і начэй, гадзін і хвілін для роздуму, успамінаў, адчаю, надзеі… хоць бы на лагер, можа, тады гэтую няхітрую гравіроўку мог зрабіць хто-небудзь з сяброў па камеры…

У Курапатах, у некалькіх правераных захаваннях, сярод мноства астанкаў не знойдзена ніводнага «рэчавага доказу з індывідуальнай адзнакай», на якім стаяла б прозвішча ці хоць імя ахвяры. Толькі на адной расчосцы, таксама касцяной, ёсць надпіс, таксама выскрабены нечым, на польскай мове:

Ciezkie sa chwile wieznia. Minsk, 25.04.40. Mysl o was doprowadza mnie do rozpaczy.

А на другім баку расчоскі:

26.ІV.40. Rozplakalem sie — ciezki dzien.

Тут свой падтэкст, які мяне, пры пэўным веданні Польшчы наогул, а тым больш палякаў у Заходняй Беларусі, хвалюе з іншымі здагадкамі ды меркаваннямі…

У Быкаўні, сярод знойдзеных імянных «вещдоков», чатырнаццаты па ліку — муштук. З прозвішчам, з ініцыяламі, з датай, але нічога на ім пра «цяжкія хвіліны», думкі пра родных, пра плач… Такое тут — зноў жа ў падтэксце. І ён, падтэкст гэты, не толькі ў лёсе гэтых двух, курапацкага паляка і быкаўнянскага беларуса, — усенародны ён, усясветны!..

Муштука, што цяпер затаіўся ў шуфлядзе майго пісьмовага стала, магло і не быць — ужо і знойденага, і абвешчанага ў друку. Нібыта падказаў мне хтосьці мудры — папрасіць у следчага аддаць рэліквію родным. Ён сказаў тады пра экспертызу, а пазней, калі мне муштук аддалі, растлумачыў па тэлефоне, у чым яна, экспертыза, заключалася б. Вельмі проста — дзеля таго, каб навукова ўдакладніць, што муштук сапраўды касцяны, яго спачатку трэба было б раскрышыць…

А так ён сведка і катаванняў, і падзямельных стрэлаў, і начнога закопвання, і сам выйшаў з таго палітычнага пекла, і мяне ўжо двойчы — цераз ліловую, з мноствам наклеек, крыху зацапаную папку — уводзіў туды ж…

Ці вытрымаў бы я яшчэ і трэці раз?

Выпісваю блакнотнае:

«Бывае так горка і цёмна ад тое папкі, што ўчора нават… праўда ўпершыню, падумалася: няхай бы лепш я, ужо адзін, апошні з сясцёр і братоў, застаўся лепш пры тым варыянце Валодзевага канца, які мы ведалі да знойдзенага муштука!.. Хоць „ведалі“ не падыходзіць — толькі меркавалі…»

За пятнаццаць месяцаў, падораных муштуком і папкай, я многа чытаў блізкага майму болю, патрэбнага для маёй задумы. Турэмныя ды лагерныя ўспаміны тых людзей, што выжылі. Яны — і нямногія з ліку забітых ды замучаных, іх адначасна і многа, калі далічыць і тых, пра каго яны расказалі, а ўлічыўшы іх права і абавязак гаварыць і за тых, што самі ўжо нічога не скажуць, іх — вялікае мноства. Бо праўда іх — найвялікшая.

Гэтая праўда свяціла і мне, дапамагаючы ад свайго, сямейнага ісці шырэй. І тое, чым я хачу падсумаваць свае пошукі, свой роздум, мне цяжка дый і не трэба аддзяляць ад таго, што я ўзяў ад народжанай у пакутах праўды другіх людзей, ад іх вопыту, што мне дапамагала ў цяжкія хвіліны.