Выбрать главу

Справу чытаў я двойчы, з пакутлівай пільнасцю. Раіўся з двума юрыстамі, у Кіеве і ў Менску. Па маёй просьбе, з ужо адасланай папкі, мне прыслалі ксеракопіі чатырох вырашальных дакументаў: з аднаго боку — выпіска з пратакола пасяджэння «тройкі» і з акта пра выкананне прысуду, а з другога боку — заключэнне па архіўна-следчай справе па абвінавачанні і акрэсленне ваеннага трыбунала, — прысуд і забойства, расследаванне і рэабілітацыя, яшчэ адна чалавечая гісторыя, заключаная ў векапомных датах: 1937–1956.

І шкодніцтва (артыкул 54-7 украінскага крымінальнага кодэкса), і шпіянаж (артыкул 54-6) юрыдычна палічаны поўнасцю бяздоказнымі. Так і падкрэслена: «не нашло своего подтверждения». Са спасылкамі на розныя архіўныя нумары і абрэвіятуры. А тое, што як між іншым, дадаткова, без якога-небудзь артыкула; ушчэмлена паміж тымі «вінамі» — служба ў белых і дэзерцірства ад чырвоных — пры разглядзе справы на рэабілітацыю праігнаравана зусім, не згадваецца аніяк…

Што ж застаецца?

Жахлівы махавік круціўся ва ўсю няспынную сілу, жорны малолі, не буксуючы ў чалавечай крыві. І брату майму, як і многім, патрэбен быў той, хто штурхане пад махавік, у жорны, і той знайшоўся. Гэта мог быць і загадкавы М., жыд, і нехта расеец, украінец, беларус — у мярзотнікаў таксама ж ёсць свой няпісаны інтэрнацыянал. Імёны членаў яго з надзейнай сакрэтнасцю, відаць, наперад ахоўваючы сакрэты метадаў, схаваны недзе ў іншых папках, кажуць: з паметкай «агентурные сведения», і папкі тыя не паказваюць нават «у парадку выключэння». Ва ўспамінах людзей, якія цудам ацалелі ў жорнах «класавай барацьбы», мне двойчы сустрэлася такое акрэсленне «судоў» і «асобых нарад», — судзілі не за што, а дзеля чаго. Чалавека трэба было знішчыць, камусьці гэта было патрэбна, і яно рабілася. З усёй каравасцю крыважэрнага хамства, з тоўстымі белымі ніткамі юрыдычнага дылетанцтва, з магільнай неразгаданасцю падтэксту. Многа ўсялякіх варыянтаў у тым падтэксце, а вядома агульнае адно — такі быў час і лад.

Яшчэ два запісы з розных дзён.

Першы — зроблены адразу пасля другога чытання справы:

«… Душа мая зноў дакранулася да бездані жаху, ужо ў большым спакоі, аднак і зноў яна смуткуе, няхай сабе не смяротна, як у Валодзі было, але блізка да гэтага. Хрысту было лягчэй: ён жа і Богачалавек, і тры апосталы, найвярнейшыя з дванаццаці, былі пры ім. А брату майму не было каму сказаць у безвыходнасці чалавечай тугі: „Душа моя скорбит смертельно; побудьте здесь и бодрствуйте со мною…“»

І другі запіс, пазнейшы:

«І зноў, і ўжо даўно не ўпершыню вяртаецца бачанне страшэнна невымернай чалавечай крыўды і абразы. Ён працаваў сумленна, жыў сціпла, шчасліва ў сям'і, і вось яго бяруць, катуюць датуль, пакуль яму не стане абыякава, што перапісваць пад дыктоўку (тое „заявление“), што падпісваць, нібы нямоглай старэчай рукой (тыя тры пратаколы), тады яшчэ паўгода — скатаванага да слепаты, зламанага, зганьбаванага — трымаюць за кратамі, каб потым завезці за сто з гакам кіламетраў, у галоўнае падзямелле, дзе ў рабочым парадку, на масавым канвееры застрэліць ва ўпор у скронь ці ў патыліцу, а потым механізавана, на транспартнай стужцы выкаціць у грузавік, — ноччу! ноччу! — завесці далей за горад, у лес, і закапаць разам з мноствам таксама скатаваных, зламаных, зганьбаваных, у скронь ці ззаду застрэленых, навекі, — бо так і лічылі каты-следчыя, атлусцелыя „троечнікі“ і радавыя забойцы, — навекі, наглуха закапаных у „праклятае народам“ небыццё. Разам з усімі бездапаможнымі пратэстамі, заклікамі да справядлівасці, з мільённадушным адчаем: за што? у імя чаго?..»

Пры той жахлівай масавасці генацыду — у адным чалавечым лёсе няма нічога надзвычайнага.

Апроч цуду з імянным муштуком, цуду — аднаго на сотні тысяч ці на мільёны. І мне так неабходна найясней убачыць, як расказаць пра гэта — пра звычайнасць і незвычайнасць, універсальнасць трагедыі, заключанай, як у маленечкай кроплі, у гісторыі адной чалавечай сям'і. На прыкладзе свайго мне лепш, а можа, і найлепш відно, як гэта жудасна — замучыць, забіць невінаватага. Думаючы пра мільёны, адзін бачыцца вельмі маленькім, у вялікай краіне, тым больш ва ўсім вялізным свеце гэта так мала — адзін. А ў сям'і, у душах родных гэта ж цэлы свет болю. А ў душы найраднейшай — у матчынай? Я памятаю, я чую зноў, як яна плакала начамі… Не ведаю, што адчуваў бы я як сын яго, як бацька, як шчыры друг. Я адчуваю сваё, як ледзь не па-сыноўняму малодшы брат. Так пазнаю, і яшчэ пазнаю свайго таямнічага, амаль зусім невядомага… Вось я чытаю пра допыты, пакуты, стойкасць і ламанне і ўвесь час міжволі думаю пра свайго. Ён трымаўся чатыры месяцы. Ён быў, як маці казала, «гарачы і горды», і гэта раз'юшвала катаў, яшчэ ўзмацняла яго і так невыносныя пакуты. Сам ён зламаўся? Яго зламалі! Як многіх, вельмі многіх… Гляджу на фота яго, адно з апошніх, ужо, як мне здаецца, з тым сумам у вачах, гляджу найменшы на найстарэйшага, цяпер старэйшы за яго на паўстагоддзя, і хочацца бацькавым любімым словам сказаць, і я гавару: «Голубчик мой!..» І плачу за ўсіх, за бацькоў, за сясцёр і братоў. І за Валю ягоную, нашу мілую Валю, якая плакала б цяпер найбольш.