«Віна» з пакутнікаў пераходзіць на віну — падкрэслена, без двукосся — на іхніх «суддзяў», на той час, на тую палітыку, аслепленасць, апантанасць, чуму, халеру… штосьці яшчэ горшае!.. І як ні многа я чытаў і слухаў пра той генацыд, не памятаю, каб сярод прычын, якія спрыялі яму, накіроўвалі яго, была названай яшчэ адна прычына, вельмі істотная, з найгалоўнейшых — партыйная дысцыпліна, што спараджала, натхняла, апраўдвала выканаўцаў…
У «Выпісцы з пратакола пасяджэння Тройкі», нібы незаўважна, сціпла, стаіць такая вышынская фраза: «В проведении шпионской деятельности сознался». І яна там, для «тройкі» — галоўнае. Агавор самога сябе, выбіты катаваннямі, быў для ахвяры не проста небяспечны, а смяротны. Канцоўка ў «заявлении», трафарэтна прадыктаваная вязню, з тым «сознавшись чистосердечно прошу даровать мне жизнь и дать возможность исправиться» — гэта банальны інквізітарскі цынізм. Ужо само накіраванне следствам справы на «асобую нараду» азначала і суд і прысуд адразу…
А быў жа яшчэ і нагавор. На ветэрынара Клісенку, таварыша па працы. Таксама выбіты катаваннямі, а тым не менш такі мне балючы. І радасна, што нагавор Клісенку не зашкодзіў. Праз два месяцы пасля вочнай стаўкі з Валодзем ён быў выпушчаны з турмы пад распіску пра нявыезд, дапушчаны да ранейшых абавязкаў, каб потым, у маі трыццаць дзевятага, калі ўжо не было яжоўшчыны, а прыйшло берыеўскае ўступнае паслабленне, быць апраўданым пракуратурай «як няправільна арыштаваны». Не ўзяўся пад увагу і той «антысавецкі анекдот», які, дарэчы, не падняўся да самога Сталіна, а быў нібыта расказаны пра Калініна. Сяржант Сагалаеў, які і следства вёў, і пратакол вочнай стаўкі падпісваў, вышэй узняцца не асмеліўся…
З падтэкстам бачыцца мне ўвесь той нагавор. Балюча было ад падазрэнняў, чытаючы і ў «заявлении», і ў пратаколах перадсмяротнае трызненне блізкага чалавека… Няўжо і гэта было патрэбна толькі для таго, каб так ламаць і зламаць упартую ахвяру?
Я паўтараю — як гэта добра, радасна, што нагавор той не зашкодзіў, што Клісенка дажыў да часу, калі ў яго сталі зноў пытацца пра Валодзю, і сумленна сказаў пра яго тое, што так прычынілася да зразумення, да апраўдання хоць пасмяротнага. Свет не без добрых людзей, і шкада, што падзякаваць ім ужо нельга.
У прачытаным мною для тэмы маёй, занатаваным ёсць і развагі аднаго з тэарэтыкаў мужнасці. З вышкі сваёй ён «аб'ектыўна» прымервае ды акрэслівае, хто з пакутнікаў як заламаўся, як ён мог не заламацца, і як гэта, бачце, добра было б, каб і тут герояў было ў нас як найбольш. Такое адчуваецца ў гэтай дасужай філасофіі.
Назаву два імёны.
У пісьме да Аляксандра Салжаніцына Варлам Шаламаў, турэмна-лагерны пакутнік з дваццацігадовым стажам, піша так:
«…Я за свае два следствы не падпісаў ніводнага пратакола супраць самога сябе і ніякіх прызнанняў не даваў — толк быў той самы. Далі тэрмін і так. Да таго ж на следстве мяне не білі. А калі б білі (як з другой палавіны 1937 года і пазней) — не ведаю, што я зрабіў бы і як бы паводзіў сябе». А праз два гады, у іншым пісьме, паўтарае: «Я не ведаю, як бы я трымаўся, калі б мне іголкі ўсаджвалі пад пазногці».
Аўтар «Архіпелага ГУЛАГ», з навуковай грунтоўнасцю апісаўшы пяцьдзесят два спосабы катаванняў, кажа пра тых, хто не вытрымліваў:
«Чалавек дзейнічае напалавіну свядома або зусім несвядома, дык за яго паказанні не трэба на чалавека крыўдзіцца».
І далей, пры ўсёй эпічнай стрыманасці гэтага, таксама нетэарэтыка мужнасці, — такі прарыў у сардэчную, мудрую чалавечнасць:
«Брат мой! Не асуджай тых, хто трапіў у такое, хто аказаўся слабым і падпісаў лішняе…»
Не кожны мог быць героем. Аднак каму ж яно дадзена — права рабіць такую праверку мужнасці?
Я не ведаю, колькі ён перанёс, мой брат, ці на долю яго выпалі ўсе катаванні, усе пакуты, якія можа вынесці чалавек. Мне вельмі прыкра, балюча, што ён зламаўся, і мне яго, роднага, вельмі шкада.
Аднаго з тых, каго было так многа, многа…
Праклён і ўсім катам, і кожнаму ладу, які на гэтым трымаецца!