Усё жыццё мяне не пакідала адчуванне, што вось я найменшы ў сям'і. Ці прывычка, ці, можа, такая ўжо рыса характару — нейкая дзіцячасць назаўсёды?..
Так думалася да муштука.
Але загрымеў той званок — і я другім пасля Ганнінай смерці наваратам адчуў тую «рамачку», ужо толькі паміж братамі, яшчэ раз, ужо назаўсёды журботна ўсвядоміў, што я — адзін з усіх, што я за ўсіх братоў старэйшы… Бо што такое шэсцьдзесят, пяцьдзесят, а тым больш Валодзевы трыццаць дзевяць перад маімі семдзесят трыма? Ужо мне тужыцца, смуткуецца, бядуецца па ім — як наймалодшым сярод нас…
НАД ПАЛАВІНАЙ ЗДЫМКА
Яшчэ адно, пасля сагі, высокае слова — архіў. У мяне ён за паўстагоддзя сабраўся, можна сказаць, немалы: антрэсолі забіты папкамі, поўна і ў тумбах стала. А дома ў нас, у Загоры, перад вайной была на гарышчы вялікая карзіна, з кнігамі прывезеная з Адэсы. У тую карзіну «за польскім часам» клаліся і пісьмы ад замежных братоў, замежнага дзядзькі, замежных братавухаў, калі яны засталіся адны, толькі з малымі дзецьмі. У партызаны мы пайшлі сям'ёй, схапіўшы толькі неабходнае, дый то далёка не ўсё. Праўда, свае рукапісы я загадзя закапаў у дубовай бачулцы, таксама адэскай, у суседняй вёсцы, у гумне дваюраднага брата. Толькі гэта і ацалела, бо ад карзіны на гарышчы не засталося і следу.
У канцы сорак дзевятага года, пад націскам падазрэнняў ды паклёпаў вакол маіх уцёкаў з палону і «сацыяльнага паходжання», спалохаўшыся горшага, мы з Мішам пераглядзелі тое, што ў акупацыю закопвалася. Сёе-тое яшчэ давялося спаліць, каб «у выпадку чаго лішне не ўскладняць біяграфію». Маю, вядома. Я ўжо не раз пашкадаваў, што мы тады так зрабілі. На добры лад, можна было зноў схаваць гэта недзе да лепшага часу. Ды хто ж яго так ужо спадзяваўся? А ў страха вочы заўсёды вялікія.
Даваенная перапіска не захавалася. Захаваліся фотаздымкі. Што ў нас, у сем'ях сёстраў і братоў, што ў сваякоў па розных вёсках ды гарадах.
Я і пачну з адной дарэвалюцыйнай фатаграфіі.
Ніжняя палавіна здымка наўскасяк адарвалася і прапала. Знаёмы фатограф перазняў яго так, што як быццам яно з тым абрывам так было і задумана. На ацалелай палавіне — бацька і абодва старэйшыя браты, пазней, на працягу нашых вясковых гадоў, для нас, трох меншых, дзіўна замежныя…
Думкі, згадкі адны, паасобку не ходзяць. Над гэтым здымкам-паўздымкам я летась быў неяк задумаўся, успомніўшы Жукоўскага з той гарышчанскай карзіны — дванаццацітомны Збор твораў у чатырох кнігах, акуратна, моцна пераплеценых. Жыва ўявілася, як і калі гэтае багацце магло быць куплена: ці яшчэ тады, калі яны, хлопцы, вучыліся ў Міры, у гарадскім вучылішчы, ці тады, калі былі ў Адэсе гімназістамі?.. Трэба сказаць, што хоць Ігнат малодшы на паўтара года, вучыліся яны ўвесь час вобруку, і ў загорскай царкоўнапрыходскай, і ў гарадскім, і ў класічнай гімназіі, і ў сельскагаспадарчым інстытуце. Чамусьці найцяплей мне думаецца, што здымак зроблены тады, калі яны закончылі гарадское і прыехалі паступаць у гімназію.
Бацьку — сорак чатыры. Ён пасярэдзіне. Абняў у поясе старэйшага, стройна-высокага пятнаццацігадовага Валодзю. Меншага бацька называў па-гарадскому Ігнашай, а імені Ігнат, Игнатий па святцах, не любіў. Меншы ці самахоць, ці па ўдалай падказцы фатографа абняў аберуч бацькаву левую руку, на локцевым згібе, і злёгку прытуліўшыся да гэтай дужай і добрай рукі з ледзь не дзіцячым яшчэ, чыстым, сур'ёзным выразам твару. Падлетак на чатырнаццатым годзе.
Усмешка ў мяне. Ад таго, што нядаўна расказваў Шура, Ігнатаў адзіны сын, на шэсць гадоў маладзейшы за мяне пляменнік. З бацькавых слоў успомніў ён, як тыя два выпускнікі местачковага вучылішча пайшлі ў Адэсе на славуты базар Прывоз, а там купілі «сініх», баклажанаў, вельмі ж смачных з выгляду, і паспыталі іх на хаду, і ўпотай папляваліся.
На хлопцах строгія цёмныя гімнасцёркі, шырокія рамяні з адпаведнымі спражкамі. З якімі «сімваламі» на іх, наогул чыя гэта форма — ўжо і спытацца няма ў каго. Усе мае знаёмыя, што ў розны час вучыліся ў гарадскім, паадыходзілі ў вечную памяць.
Зноў адхіленне ў мяне. У адзін час з нашымі ў Міры вучыўся Ўладзімір Жылка, у сталасці — таленавіты паэт і таксама сталінскі асуджэнец. Над старонкамі грунтоўнай кнігі пра яго жыццё і творчасць мне прыемна і сумна думалася і зноў вось думаецца, што яны, падлеткі з Загора і Макашоў, і зналіся, і сябраваць маглі…
А галоўнае, што, гледзячы на абарваны здымак, уявілася, дык гэта ўзаемнае шчасце: хлопцам мець такога бацьку, а яму — такіх сыноў.