Вузкі, бедны пакойчык. На тое маё, у сорак дзевятым, яшчэ маладое ўспрыманне — немаладая жанчына, як пішацца даўно і часта, са слядамі былое красы, не вельмі здаровая з выгляду. Надзя, «Надежда Ивановна Бриль». Беларуска, па бацьках зямлячка, з не надта далёкага ад Загора Бярозаўца. У дзявочым прозвішчы Трыбуць расейскае вымаўленне даўно адкінула мяккі знак і пераставіла націск з другой на першую галосную — Трибуц. Нават такой беларускасці не засталося.
Праз нейкі месяц яна мне напіша: «…Вы все стоите перед глазами, особенно Вы, Ваничка (разрешите мне называть Вас так, как-то роднее), — как много общего у вас с Володей!..» А тады, спачатку, была таксама стрыманасць. «По некоторым причинам»? Аднак не доўга. Потым пайшлі і гутарка блізкіх людзей, і плач, і трохі смеху…
Віктар — бялявы, моцна загарэлы, быстры адэскі галубятнік і рыбак. У мамы, — яна мне сцішана расказвала, — быў клопат і страх, калі ён, у іхняй чуткай камунальнай камеры з дзвюма койкамі, малым сталом каля сцяны і традыцыйнай «керосинкой» у кутку, аднойчы закрычаў… «подумайте только!» — пра Сталіна: «Я ненавижу его! Он убил моего папу!..»
Набліжалася першае верасня, яму трэба было ў сёмы клас, а яшчэ не сабраўся, падручнікаў ды сшыткаў не купіў. Я тады, ужо трэці год, быў «пры грашах»: за той час выйшлі два зборнікі, вясной апублікавалася ў часопісе першая частка рамана. Мы былі з Віктарам адны ў пакойчыку, жанчыны выйшлі ў магазін. І вось я з грошай, якія заставаліся да Менска, працягнуў хлопцу купюрыну: меншыя грошы былі ў жонкі. Ён сумеўся: «Мне никогда таких денег не давали. У мамы нет. Она мне не разрешила бы взять…» Заплакаць можна ад такога, але я стрымана і з няёмкасцю ўгаварыў яго ўзяць і пайсці, адразу цяпер, купіць усё, што трэба. Потым, калі ён хутка вярнуўся з бярэмем кніжак і сшыткаў, мы і далей былі адны ў пакоі, зноў трэба было ўгаворваць пляменніка рэшту пакінуць сабе. «Нет, дядя, я отдам их маме». Строгасць выхавання? Сталенне ў беднасці?.. Кранае гэта і помніцца. І вывад я для сябе зрабіў тады, на некалькі гадоў наперад…
Валя жыла асобна і з'явілася пазней.
Сярод маіх пляменнікаў — большасць дзяўчат. Калі я ўпершыню ўбачыў «адэскую Валю» (ёсць і другія Валі, вясковыя), іх, пляменніц, было чатырнаццаць. Няёмка перабіраць, ацэньваць, але пятнаццатую, Валодзеву, я любіў, здаецца, найбольш. Перад усім, вядома, з-за яе трагічнага сіроцтва. Дый так, сама па сабе, яна была слаўная. Добрая, шчырая, шчабятліва вясёлая. І ўся наша радня яе любіла. Гэта — пазней ужо, пасля таго, як я ўлетку пяцьдзесят дзевятага ездзіў на толькі што купленай «Волзе» ў адэскі дом адпачынку ўкраінскіх пісьменнікаў, а вяртаючыся адтуль з прыемнасцю пачаставаў нашу Валю радзімай бацькоў. З жонкай, траіма дзецьмі і госцяй — на Кішынёў, Львоў, Берасце, з заездам у Белавежскую пушчу, і — у нашу сталіцу, Загора. Дзе жылі яе цётка і дзядзька. Тады ў суседнія Маласельцы, дзе яшчэ адзін дзядзька. Пасля ў «далёкае» па-ранейшаму, за цэлых семнаццаць вёрст, Палужжа, дзе найстарэйшая цётка. І ўсюды столькі дваюрадных, і ўсе так шчыра рады ёй!..
А ў сорак дзевятым убачыў яе і сапраўды «з першага позірку» палюбіў я першы.
…Два здымкі ў альбоме. Гляджу на іх — праз сорак гадоў пасля той першай сустрэчы.
На адным — дзве сям'і, абедзвюх Трыбуцянак, Надзі і яе старэйшай сястры. У тое хлопец і дзве дзяўчынкі, у нашай толькі маленькая Валя. Па выглядзе яе можна меркаваць, што было ў трыццаць трэцім або ў трыццаць чацвёртым годзе. Цыбаценькая, тады светлагаловая, яна сядзіць на бацькавых каленях, тварыкам вельмі падобная на таго, каго абняла тонкай ручкай за шыю, замкнутая ў кальцы ягоных рук, счэпленых спераду ў «клямары» вялікіх далоняў. Вясёленькая — побач з яго вялікай, пад машынку астрыжанай галавой і худым, чагосьці сумным тварам. Побач з тым, каго я ледзь-ледзь, «як праз сон», памятаю і не ведаю так, як трэба ведацца братам. Яна — як іскарка, што збліжае нас хоць так: з ім была ў маленстве, са мной у маладосці… Мець брата і так вось, больш як праз паўстагоддзя, пазнаваць яго вельмі здалёк, прыблізна, па здымках такое даўнасці — як гэта дзіўна, нязвычна да сцішнаватасці!
На другім здымку, таксама не пазначаным датай, Валі, адной тут, па выглядзе нейкіх дзевяць гадоў. Яна ўжо чарнявенькая, пастрыжаная пад хлопчыка з непаслухмяна прыгладжанай направа грыўкай. Вялікія цёмныя вочы, гатовыя бачыць не проста вельмі многа, але ўсё-ўсё. І стрыманая ўсмешка. Бацькава. Складзеныя рукі — локцямі на засланым стале, а далоні схаваныя. Шчаслівае дзіця ў сям'і, якой страшны лёс мноства іншых людзей яшчэ не пагражаў сваім наканаваным набліжэннем…