Два тыдні пасля гэтага быў суд. Мікіту адмовілі ў іску, апіраючыся на сведак, якія аднагалосна давялі, што пасаг свой Марыля прадала сама i прагуляла. A паўтары дзесяціны зямлі ва ўрочышчы Навінкі куплены Жуком за яго кроўныя грошы...
— Устаць! — грымнуў судовы выканаўца.
Прысутныя ўсталі. Суддзя надзеў сваю ярмолку i ўрачыста прачытаў:
— Іменем Рэчы Паспалітай польскай... i г. д. i г. д.
А перад ім стаяў растрапаны Мікіта, у лапцях i дзіравай куртцы. Гледзячы на задаволеныя морды Івана, старога Жука i іхніх сведак, яму хацелася хапіць з пакрытага зялёным сукном стала крыж з распятым Богам i шпурнуць яго ў сытую, важную морду суддзі... Ды тут ужо была не Машка i не баба, на якіх можна бяскарна зганяць злосць, а грозны, непахісны мур, які яму не нрабіць галавой.
— Пане сэндзя,— сказаў Мікіта, ужо са слязьмі на вачах, я незадаволены судом, я буду падавацца далей...
— Маеце права,— спакойна адказаў суддзя,— на гэта ёсць акруговы суд у Навагрудку.
...Пакуль у тым самым нумары карчмы Жук з сынам, Чыжэўскім i сведкамі замочвалі выйграны суд, гасцінцам шпарка тупала галубінай хадой худая гарапашніца Машка. Мікіта, выпіўшы з бяды, ляжаў ніцма на возе i ўжо зусім не мог разабрацца, ці прыняць крыўду, ці падавацца вышэй,— дзе яго, пры беднасці i прастаце, чакала хутчэй за ўсё яшчэ большая крыўда...
1937-1943
«Ветэрынар»
Нашу Сіўку нешта трывожыла.
Прыйдзеш у хлеў пасля ночы, дык пад нагамі ў яе кола вытаптана, як каля малатарні, а сама яна пасуслена ўся, пад пахамі мокра, i грыва паплецена ў коскі, ды гэтак хораша, быццам знарок.
Прабавалі ўсялякай рады. Усіх шаптух абхадзілі. Адна шаптуха параіла ўзяць чырвонай бульбы з белымі вочкамі, якая завецца вар'яткай, надзерці яе на тарку i мазаць Сіўку нанач. Другая параіла, каб апоўначы верхам на Сіўцы аб'ехаць тры разы вакол могільніка. Але нішто не памагло.
Узлаваўся наш тата.
— Ну ix,— кажа,— з шаптухамі! Толькі ўсё сала ды крупы звёў. Паеду заўтра па ветэрынара, няхай хлеў агледзіць, што ён скажа, паглядзім.
— Што ён табе паможа, ветэрынар гэты! — засупярэчыла мама.
Ды тата сказаў ёй, што «тут ужо няхай твая галава не баліць»,— i паехаў.
Чакалі мы, чакалі. Мама i стол заслала настольнікам, i хату разы два перамяла, i фартух новы падвязала. A ўжо толькі ўвечары — лах-лах калёсы: уз'язджае наш тата на двор. Уваходзіць у хату, а на руках у яго маленькі сівенькі козлік.
— Вось я вам якія лекі купіў! — кажа тата. Развязаў казлу ножкі i пусціў яго на падлогу.
У козліка — рожкі i пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка.
— Дык гэта ты — ветэрынар? — скубянуў я яго за бародку.
А ён — таўхель мяне рогам, i мы ўсе ў рогат: i тата, i мама, i я.
— Сіўку трывожыць ласіца,— кажа тата,— мне ветэрынар сказаў. Казыча кабылу, каб яна бегала, спацела, а тады пот яе смокча. Ласіца вельмі казінага паху баіцца, адразу не пойдзе. A шаптухі немаведама што раілі. Туманяць вочы, дый толькі.
— Ну, будзем бачыць,— сказала мама,— што ты з сваім казлом вымудруеш.
A козлік, мусіць, не ведаючы, што аб ім ідзе гутарка,— скок на лаву, скок на стол, на ложак, а з ложка на печ. Стаў на коміне ды «ме-е-е!». Першы раз такім тонкім, дрыжачым гол асам.
Ах ты, свавольнік!
Памясцілі козліка з Сіўкай разам.
I з таго часу ласіца перастала Сіўку i ганяць, i косы заплятаць у грыве. Толькі козлік пасля ночы стаіць ці ляжыць замучаны, сам не свой, ды толькі тоненька, дробненька: «Ме-е-е!..»
— О, бедны мой ветэрынар! — жартую я, ды яму не да смеху.
Пасля ж i яго пакінула ласіца — зусім адчапілася. Спаць прымасціўся ён у Сіўчыным катуху, на сене. Сіўка спачатку пырхала на яго i туліла вушы, а потым прызвычаілася ці, можа, таксама ўцяміла, што ён яе «ветэрынар».
Паілі козліка малаком з бутэлькі цераз соску. Угледзіць толькі — эх, бяжыць! Укленчыць i смокча, узяўшы соску на язык, толькі хвосцікам падрыгвае. Вельмі ж я любіў падманьвацца з ім гэтай бутэлькай з малаком. Як ён бегае за мной i мекае i тоўхаецца рожкамі ў калені!
Падрос козлік i вельмі ж развалачыўся. Панадзіўся ў Піліпавы грады i ўсе капусныя высадкі абцерабіў. Ганяе яго цётка Марта i лаецца: «А каб цябе так ды гэтак!»
А дома ў нас панадзіўся ў каморку, па крупы. Так сабе клямку рогам — раз, дзверы — таўхель, скіне днушка з кубельца i — чаў-чаў-чаў — есць, толькі бародкай трасе. А то хлеб знойдзе, усе боханы паабгрызае. Проста рады няма. «А каб цябе воўк заеў!» — лаецца мама. А ён забяжыць за вугал ды толькі бародку сваю высуне, цікуе. Век жа не будзеш стаяць, пойдзеш, а ён тады зноў — дэб-дэб — ідзе назад.