A хітры, хітры!
Збяруцца каля нас мужчыны на вуліцы, гутараць, кураць. А ён — тыц у тое кола са сваёй барадой, стаіць i слухае таксама. Я да яго з надворка ці з акна:
— Эй, ты, ветэрынар!
А ён адвернецца — ме-е-е! — i слухае далей.
— Дайце вы яму, дзядзькі, закурыць! — крычу я, а мужчыны смяюцца.
Нехта зачэпіць яго, дык ён толькі рогам штурхне (не лезь, не перашкаджай) i зноў слухае. Ах ты, барадаты!
Тата паехаў да цёткі Марылі i прывёз назад нашага Жука.
Наша цётка — удава, жыве наводшыбе ад вёскі i вельмі ж баіцца зладзеяў. Прыстала да таты ўвосень, i ён даў ёй Жука на ўсю зіму.
Вярнуўшыся дахаты, Жук доўга не мог супакоіцца, прызвычаіцца зноў. Ляжыць навязаны, маўчыць, маўчыць, а потым — воў, воў, воў — пачынае выць ад сумных думак.
Козлік з ім спачатку не сябраваў. Усё валочыцца недзе ці лазіць па двары, таксама сумуе. У нас вароты новыя, заложым падваротню, дык ён i не вылезе ніяк. Падыдзе да Жукавай будкі, брэнкае па ёй рагамі, разбудзіць Жука, узлуе. Той з будкі: «Ррр!»
Ды так ужо казёл абрыдаў сабаку сваім прыставаннем, што Жук аднойчы не стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Упяўся мой «ветэрынар», аж вочы вылупіў ды дзікім го ласам: «Ме-е-е!»
— Ой, барада, барада! — крычу я, бегучы ад хаты.
Вызваліў яго ад Жука, а ён мяне за гэта рогам ды пад бок. А пасля разагнаўся, каб стукнуць, ды я схіліўся ўбок.
Пасля ж яны з Жуком здружыліся так, што аж дзіва. Падыдзе козлік да будкі — брэн, брэн рагамі, а Жук спачатку толькі: «Ррр!» А потым такі раскатурхаецца, вылезе, панюхаюцца на прывітанне i пайшлі гайсаць вакол двара! Палётаюць, пацешацца i да сенцаў. Стаяць абодва каля дзвярэй, чакаюць, каб ім чаго далі. «Ветэрынар» дык той проста прэцца ў хату ці ў кухню сам, а Жук толькі хвастом павільвае кожнаму, хто ні выйдзе. Гэты хоць трохі сораму меў: яму скажы, дык паслухае, згорбіцца — i ў будку; прынясеш есці — твая ласка, а не — дык i так будзе спаць. A козлік — ого!
I вось аднойчы яны раптам зніклі абодва. Апаўдні толькі прыбягае Жук адзін. Віляе, віляе хвастом, быццам нешта хоча сказаць, ды не можа.
— Дзе ж ты, нягоднік стары, козліка дзеў? — накінулася мама.— Скавычы вось цяпер, як сабака, адзін. Сорамна, цьфу!
I што ж, Жук i праўда стуліўся, прыгорбіўся, быццам ад сораму, i моўчкі палез у будку.
Дзень няма козліка, другі няма, цэлы тыдзень няма. Мы ўжо так i падумалі, што ён загінуў назаўсёды.
Аднак, на другім ужо тыдні, дачуваемся, што наш «ветэрынар» жывы, што ён ажно ў Лядах — трэцяй вёсцы ад нас, па дарозе да цёткі Марылі. Вось ліха — няўжо яны ішлі туды?..
Я гэта за кіёк i пайшоў у Ляды, кіламетраў з пяць па гасцінцы. Прыйшоў, іду па вёсцы. Хацеў толькі каго-небудзь спытацца, дзе тая Янкава Стэпка жыве, у якой апынуўся козлік, ажно бачу: на нечым двары, у садку, стаіць мой «ветэрынар»! Стаіць пад яблыняй дыбка i ўспінаецца, каб дастаць на галінцы лісток. А вакол яго дзеці.
— Ветэрынар! — гукнуў я яшчэ ад варот.
А ён пазнаў нябось i бяжыць мне насустрач.
— А што, паслухаў, схадзілі? Упрочкі хацеў уцякаць?
А ён — штурхель мяне рагамі. Таксама хацеў бы нешта сказаць, ды не можа.
Выйшла з хаты жанчына, тая самая Янкава Стэпка, ды кажа:
— Гэта ж я вось раненька выйшла на вёску, а ён ляжыць на мастку i ўцякаць не ўцякае. Замарыўся, відаць. Я гэта за рогі яго ды дахаты. А чорны сабака — таксама, мусіць, ваш — за мною: «Ррр!» А я гэта фуртух расперазала ды як махну на яго, дык ён i пабег ад мяне. Доўга круціўся каля нашай хаты, пакуль малыя, каровы гонячы, не патурылі яго з вёскі. А гэты, вось бачыш, прывык.
Цётка, дык тая нічога: бяры, кажа, калі ён ваш, але ад малых я ледзь адпрасіўся: прывыклі да казла, не аддаюць.
Начапіў я козліку аборачку на рогі i павалок ca двара.
Мне дахаты спяшацца трэба, а «ветэрынар» — хоць ты яму што хочаш — дрэп-дрэп, дый годзе. Папасу я яго трохі каля прысад i далей. Ужо зусім пад вечар дабрылі мы дахаты.
Ну ж i ўводзіны былі! Распытваюць мяне, смяюцца. А малых дык цэлая чарада за намі ўчапілася.
Падвёў я «ветэрынара» да будкі. Вылез Жук, панюхаў козліка, а той рагамі — таўхель яго, а сам адышоўся i лёг.
— Ну, Лявон,— кажа мне дзядзька Паўлюк, наш сусед,— гэта ж, брат, казка, жывая казка! I трэба ж, ліха ім, надумацца ды згаварыцца!..
— Ветэрынар! — кажу я козліку.
А ён толькі павярнуўся.
— Ну што ж, ідзі раскажы, як вы ў госці хадзілі. Будзем казку пісаць.
А ён нават не ўстаў.
1942
Галя