I праўда — з кажушнікамі ішоў дзяцюк... Ну, проста хлопчык! У кароткім кажушку, у ботах, з гармонікам за плячыма. Адна з дзяўчат пастукала галоўкай верацяна ў акно. Ён, вядома, пачуў, азірнуўся. Узмахнуў рукою i стаў, засмяяўся: «Добры дзень!» Можа, нават зайшоў бы ў хату, ды вось адзін Торба, што ішоў з драўлянай планкай-метрам у руцэ, азірнуўся таксама, нешта сказаў, i хлопец пайшоў. Дзіўным здалося дзяўчатам, а потым i ўсім у Гаросіцы, што ў ад наго з гэтых Торбаў ды можа быць такі сын. Такі беленькі, спрытны... Зусім нібы чужы каля тых двух вусатых здаравілаў.
Ён быў іхні пляменнік, сірата з далёкай вёскі. Завуць Сяргей, a прозвішча таксама дзіўнае, як у дзядзькоў, але прыгожае — Юрачка. Вельмі ж да твару яно Сяргею. Так яго i завуць: хто — Сярожа, хто — Юрачка.
Ну, спрытны быў, вясёлы Юрачка, харошы! Дзядзькі яго — вялізныя, a ўсё ж улазілі яны ў найменшую хату. Здымуць шапкі свае, кажухі, застануцца з аднымі вусамі, прысядуць да стала — толькі сапуць над аўчынамі. Так i жывуць на свеце — моўчкі. А Юрачку ў кожнай хаце было цесна. Вядома, не адзін — з гармонікам. Часамі нават да вечара не можа датрываць: уваткне іголку ў кашулю на грудзях, закруціць нітачку, азірнецца на дзядзькоў ды за свой інструмент. Усё рабіў спраўна. Гармонік у яго не так сабе, a ў цётчыну хустку закручаны. Разгорне хустку — гармонік ажно зіхаціць, а расцягне яго — раздасца кожная хата!
Адзін, два танцы прайграе — дзядзькі маўчаць. Пасля старэйшы Торба, Цімох, той, што з метрам хадзіў, прагудзе:
— Можа, годзе, Сяргей? Можа, людзі не любяць?
У адказ на гэта Юрачка крута, з разгону паварочваў вальс на «Мікіту».
Людзі, што ў хаце былі, здаецца, ураз маладзелі. Дзяўчаты — ну, тыя адразу гатовы былі рвануцца з прасніц ды замяцеліць падоламі. Сам гаспадар, калі ён не зусім стары, пачынаў непрыкметна паварушваць пад лавай наскамі ботаў ці лапцей. Нават бабка, што памятае прыгон, i тая высоўвала з-за коміна галаву... А Юрачка патрасаў, як жаўранак, чубам i ўслед за музыкай падпяваў:
Молада, хораша, звонка спяваў гарманіст.
Толькі дзядзькі маўчалі. Нават шыць не спыняліся. Ды таксама не скажаш пра ix, што не рады, асабліва ведаючы, што i гармонік Сяргею купілі яны.
Вясёлы месяц быў тады ў Гаросіцы. Танцы, песнi — штовечар! Шкада, што не хапіла ў ix аўчын на ўсю зіму...
Ой, мамачка! Для ўсіх вясёлы, а для Галі... ну, і не кажы...
Усё гэта — было.
Цяпер над полем ціхі поўны месяц. Галіны ногі ў халоднай расе. Плечы стынуць пад тонкай сукенкай... А трактар гудзе i гудзе... Не пакінеш яго, не забудзеш, што гэта — Сярожа, яе Сярожа... Божа мой, як гэта горка, балюча ад думкі такой!.. А ён жа быў яе, яна была — яго, яны так хораша, так многа цалаваліся. Ды не многа, а тыдзень адзін, a ў тыдні ж толысі сем начэй.
Спачатку любіла Галя адна, баючыся сама сабе прызнацца ў гэтым, саромеючыся лішне пазіраць на яго, каб не падумалі ды не пазналі. Яна была наймалодшая ў іхняй дзявочай кампаніі. Сірата з самай беднай у Гаросіцы хаты Марылі Парабчанкі. Так ix i называлі спрадвеку — парабкамі. Бацькі ў Галі не было. Ніколі не было, хоць ён i жыў недзе, а можа, i сёння жыве, не думае нават аб тым, што ёсць у яго дачка. На пашы дзеці лаялі яе брыдкім бязлітасным словам — байстручка. Ды з часам гэта слова абвалілася з яе, як шалуха. Прыгожай, спраўнай вырастала Галачка. У беднай сіраты — добра, хораша ў песні пяецца! — толькі чорныя бровы. Затое бровы — шнурочкам, вялікія карыя вочы, маленькія спрытныя рукі i лёгкія ножкі. Чырвоная хусцінка з вышытымі над ілбом пшанічнымі каласамі, неяк па-свойму, непаўторна завязаная на чорных густых валасах, была ў сірочай красе тым нечым вельмі важным, вельмі ўдала знойдзеным, з-за чаго вар'яцелі бадай усе гаросіцкія дзецюкі. А пойдзе ў танец Галачка — пастой ды паглядзі!
Спачатку Юрачка толькі глядзеў. Глядзеў i рэзаў на гармоніку амаль без адпачынку. Вядома, гуляць пад добрую музыку кожны ахвочы, a падмяніць Сярожу не было каму.
Ды вось у адну нядзелю прыйшоў з суседняй вёскі Качаны Іван Чарнагрэбень, які таксама мог іграць. Гэта ўжо быў пажылы кавалер, падпольшчык, шэсць год прасядзеў у турме, толькі ў гэтую восень вярнуўся. Маладзейшыя хлопцы ў Гаросіцы i асабліва дзяўчаты — хоць ён быў просты такі i вясёлы — з пашанай i неяк міжвольна, не змаўляючыся, гаварылі Івану «вы». На той час свайго гармоніка Іван не меў. Пакуль сядзеў у турме, маці прыйшлося крута, i сын напісаў ёй прадаць трохрадку на хлеб. Толькі пасля даведалася Галя, што Сярожка ўжо быў знаёмы з Чарнагрэбенем. Ды не толькі знаёмы...