Не раз хадзіў ён ноччу ў Качаны, ды без гармоніка: на нейкую ціхую справу... Але пра гэта ён не паспеў ёй нічога сказаць.
Цяпер, калі Юрачка паставіў на калені Івану свой гармонік,— абодва яны па-свойску ўсміхнуліся. Адзін з просьбай: «Мо рэзнеце, Іван Сцяпанавіч, на радасць ды на лёгкі скок працоўным?», другі — ад нейкай не па ўзросту Івана маладое ўцехі: «Рэзну, браце, даўно ўжо не рэзаў!»
I Чарнагрэбень рэзнуў. He зусім яно так, як Сяргей, ды ўсё ж полечка «Галка» пайшла «з-пад карча», па-сапраўднаму.
Юрачка страсянуў галавой, устрапянуўся, як выпушчаны са жмені верабей, паправіў паясок на сваёй вышыванай кашулі i рушыў у кут, дзе сядзелі дзяўчаты. I хата, поўная хата людзей,— насцярожылася. «Мяне возьме, мяне»,— засвяціліся вочы, забіліся сэрцы дзяўчат. А ён падышоў да Галі. Проста i спрытна, як ён рабіў усё, Сярожа пакланіўся. З усмешкай, вядома, такой, што ў ёй i просьба i радасць: «Нарэшце мы пойдзем!..»
I вось яны выйшлі ў круг, абняліся.
Мужчыны прыўсталі з лаў, маладзіцы націснулі з кута на сярэдзіну, моладзь нібы стаілася ў чаканні нечага, што ўбачыш не вельмі часта.
Дачакаўшыся такта, Юрачка тупнуў i — завірылі!.. Малыя боцікі яго то ледзь краналіся дошак падлогі, то раптам гулка i чотка — па паваротах улева ці ўправа — білі, як выгаворвалі, чачотку. Вакол яго светлавалосай галавы толькі мільгаў румяны тварык пад чырвонай хусцінкай. A ўсё ж такі можна было прыкмеціць, разглядзець i залатыя каласы на чырвані, i чорныя бровы, i вусны, што так i не маглі стрымаць усмешкі сораму i шчасця... Усім было відаць, а Юрачку найлепш.
— Круг, дайце круг! — крычалі дзецюкі, хоць ніхто з ix не думаў пакуль што сам выходзіць у круг. А ён сціскаўся, не стрымаць яго было нават дзесяткам плячэй.
Дзядзька Раман Кругляк, стары ўжо, сівы чалавек, узбіўся з валёнкамі на лаву i зверху, падняўшы палец угару, вось-вось гатовы быў крыкнуць: «Эх!»
Нібы пачуўшы гэты выраз усеагульнага захаплення, Юрачка заспяваў:
На гэтым песню яго абарвалі.
— Правільна, Юрачка! Правільна! — загула, нібы ўздыхнула з палёгкаю, хата. I толькі тады ўжо, нібы давёўшы да поўнага ладу тое, што трэба было давесці, моладзь пусцілася ў танец.
Так пачалося ix каханне.
Гэта быў толькі ўступ да вялікага шчасця, што мела прыйсці, што пачалося ў тую ж ноч, калі ён цалаваў яе каля іхняга акна, а Галя закрывала твар рукамі i прасілася: «Сярожа, міленькі, не трэба...» Ды рукі гэтыя яму зусім няцяжка было разнімаць. А шчасця, гарачага, хмельнага шчасця ім ніяк нельга было ўдосталь напіцца, хоць прастаялі на снезе амаль да світання.
Праз тыдзень Юрачка пайшоў з дзядзькамі ў Касцюкі, дахаты.
I хто мог падумаць, што ix развітанне — навек!..
Цяпер вось стой ды слухай, як за пшаніцай, за вырваным ільном гудзе яго вясёлы працавіты трактар. Думай пра першую радасць сваю, крычы, звар'яцей ды крычы, каб успомніў цябе i прыйшоў. З ім калісьці цёпла было стаяць i на снезе, а цяпер табе, баба, холадна ўжо i на летняй расе. Ідзі, ідзі, дурніца, у хату, дарэмна стаіш... Няхай трактар гудзе, няхай не дасць табе заснуць да дня.
Галя ціха пайшла.
Дзверы — i ў сенцах, i ў кухні, i ў хаце — старыя, скрыпучыя. Як ты ні асцерагайся, усё роўна скрабянуць па сэрцы. У хаце змрочна. Стаіць-то яна вокнамі на поўдзень i на ўсход, але акенцы гэтыя глядзяць з-пад нізкіх капяжоў, нібы пануры чалавек, толькі пад ногі. Галя ідзе ў той куток, дзе ложак, наўздагад, на хаду ўжо расшпільваючы сукенку. Распрануўшыся, яна асцярожна абмацвае край ложка i асцярожна лажыцца. Ды ўся гэтая асцярога — дарэмная. Сонечка яшчэ ўсё не спіць.
Шчака на падушцы, рука пад шчакой, а вочы глядзяць у паўцемру. Галя знайшла рукой яе цёплыя плечыкі i прыгарнула малую — усю зараз, з усімі яе думкамі.
— Мамка, а дзе наш тата?
— Спі, дачушка, ён хутка прыедзе.
— «Прыедзе, прыедзе»... Я малая была— ты ўсё казала i цяпер усё кажаш. Мамка, а тата харошы?
— Харошы, харошы...
— А Лёнька, дурань, гаворыць, што тата не ў горадзе, што ён у астрозе сядзіць, што ён... Як гэта, мамка?
— Што?
— Ну, як гэта?.. Ой, я забылася.
— Ты вось спі. Заўтра зноў не захочаш уставаць.
— А Лёнька кажа...
— Сціхні! — крыкнула Галя. Нават i для самой сябе нечакана злосна, а што ўжо казаць пра малую.
Сонечка ўздрыганулася i заціхла. Цяпер бы ёй якраз i заплакаць ад крыўды, але яна памаўчала хвілінку, а потым цёплая тонкая ручка яе працягнулася да Галінай шыі, трошкі напружылася, абняла i нібы самай моцнай сілай зноў прыцягнула маці да сябе.