— Я, мамка, буду спаць. I ты cпi. Добра?
— Добра. Ты толькі адвярніся да сцяны. На гэты вось бачок...
Нялёгка Галі вымавіць адразу столькі слоў. Ды вось малая заціхла. I добра. Гэтак будзе лепш i ёй, i маці.
«Не трэба ёй пакуль што бачыць маіх слёз, не трэба ведаць, што думаю я пра таго, хто стаў на гора наша бацькам яе, a маім мужам... Давай, дачушка, лепш заснём...»
За нізкай столлю, за страхой — высока над хатай стаіць у небе поўны ціхі месяц. За пшаніцай, за пахам ільну спыніўся недзе ў полі трактар. Cпi, маладзіца, не паспееш адпачыць, пакуль паблекне месяц. Cпi, спяшайся заснуць, пакуль трактарыст i прычэпшчык закурваюць... Ды яна не паспела, вядома. I не старалася, відаць. I трактар зноў гудзе, зноў над палямі коціцца, як хвалі на вялікім возеры, яго бадзёрае грукатанне.
— Мамка, а я ўжо ведаю — тата наш спекулянт... А што гэта, мамка? Ты спіш?
Галя маўчыць.
«Не ўсё гэта, не ўсё, што ён, твой бацька, спекулянт. Ды я пакуль што памаўчу. А ты лепш cпi, не забівай галоўку думкамі. Няхай ужо маці — ёй варта, яна заслужыла — няхай лепш маці падумае...»
...Гарманіст Юрачка больш не прыйшоў у Гаросіцу — ні шыць кажухі, ні цалаваць сваю Галю, ні ўпотай ад яе хадзіць у Качаны. Нешта хутка пасля ix першага развітання камсамольца Сяргея паны пасадзілі за краты. Не аднаго, вядома,— узялі з ім разам i іншых, з Гаросіцы i з Качаноў. Другі раз пайшоў у турму i Іван Чарнагрэбень. У верасні трыццаць дзевятага года, вярнуўшыся ў родную вёску, Сяргей адразу ж пачуў, што дзяўчына яго — за другім.
Як гэта сталася, што малады Хамёнак, Данькаў сын, узяў дачку Марылі Парабчанкі?
Гледзячы збоку, для многіх гэта было ясна. Ён — закахаўся, відаць, так, што пайшоў супраць волi бацькоў. Ну, а на месцы Галі пайшла б за яго не адна. Такі, людцы мае, хутар, ды i хлопец — нічога не скажаш. А што свёкар ліхі чалавек, дык жа не з ім, не з Данькам слінявым жыць. Прыйдзе час i на Даньку.
Сама Галя ведала больш. Мікола лазіў за ёю даўно, яшчэ да Юрачкі. Гаворка пра арышт Сяргея i Галіны горкія слёзы былі днямі ягонай радасці. Спачатку яна, вядома, i гаварыць не давалася, а потым смутак патроху заглух. A Мікола налазіў — штовечар, то больш. Нават плакаў i страшыў, што кончыць, зарэжа i яе, i сябе... Заступіцца не было каму. Пра гэты замуж шчаслівы трубілі не толькі чужыя — i сваякі, i маці была на яго, Міколавым, баку... Першы раз ён узяў яе ледзь што не сілай. Адразу свет завязаў, заставалася толькі плакаць i моўчкі ісці за ім, у ім шукаць паратунку ад ганьбы. На Данькаў хутар яна прыйшла яшчэ з дзявочым выглядам. Калі ж маладзіцы ўжо нельга было больш схаваць таго, што стала прыкметным раней, чым у хаце чакалі,— у свёкравым вечным зудзенні толькі i чуваць было: «Байстручка, жабрачка, няўдаліца...»
Апошняе слова ён разумеў па-свойму. Яна была i спраўная, i працавітая, ды гэта ўсё — не тое. I жыць, i працаваць трэба толькі таму, каб быць багатым. Хамёнак жыў для гумна. Галава пад старым каўпаком i старасвецкая хатка патрэбны былі менш, чым гэтае гумно. Гумно павінна заўсёды быць поўнае. Дзеля гэтага трэба мець поле. Больш поля — большае гумно. Менш паспіш — болей зробіш. Не з'ясі, не зносіш — больш застанецца. Збіраючыся жаніць сына, Данька перасыпаў гумно, растачыў яго для тых снапоў, што прыйдуць сюды з пасажнага поля. А сын узяў ды звар'яцеў... Галя была для Данькі не сямейнік, яна толькі замяніла наймічку. Колькі яна ні працуй — усё гэта будзе не тое. Ніколі ёй не адрабіць за крыўду, за абразу, за ўрон, нанесены Данькавай гаспадарцы.
Мікола здаваўся іншым за бацьку толькі раней, да вяселля. Тут, на хутары, калі яна пераступіла з ім парог гэтай чортавай ямы,— Хамёнак застаўся Хамёнкам.
Свёкар Данька... Тры разы за ўвесь час ён быў ласкавы да Галі, гэты чалавек.
У першы дзень пасля вяселля свякроў зварыла чыгун бульбы ў лупінах i з чыгуном паставіла на стале. Данька зняў свой каўпак, прыгроб рукамі валасы, перахрысціўся i сеў за стол.
— Масла мо трохі растапі,— сказаў ён жонцы.
Яна была паслухмяная, ціхая, верная, гадоў ужо сорак маўчала, як цягавіты, непераборлівы конь. Пайшла ў камору i вярнулася з лыжкаю масла. Яго аказалася мала на ўсю скавародку. Вяртацца зноў у камору, зноў лезці ў слоік — гэта было ўжо звыш сіл i прызвычаення. I старая схітрыла перад новым сямейнікам: павярнулася да стала спіной i плюхнула ў масла тры лыжкі гарачай вады. Усе заўважылі гэта, i кожны па-свойму маўчаў. Галя здзівілася, Міколу стала нават няёмка, а старому было прыемна ўдвая — i за хітрасць сваёй гаспадыні, i за тое, што гэтай хітрасці ніхто, як відаць, не заўважыў...